Бэзавы Новы год

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Як бы ні запаланіў наша жыццё Інтэрнет з яго імгненнай дастаўкай электроннай пошты, але ўсё роўна тысячы людзей напярэдадні зімовых святаў спяшаюцца да паліц з папяровымі паштоўкамі. На дзіва, да такога простага і прыгожага спосабу віншавання людзі прыйшлі ўсяго толькі паўтара стагоддзя таму. Што за выявы змяшчаліся на першых паштоўках?.. Ці абавязковым элементам з’яўляецца святочна ўбраная ёлка? Пра гэта карэспандэнт “К” запытаўся ў калекцыянера рэдкіх паштовых картак Аляксандра ВЯЛІЧКІ.

Адным з захапленняў інжынера, хіміка-тэхнолага, члена клуба калекцыянераў Аляксандра Вялічкі з’яўляюцца унікальныя паштоўкі мяжы XIX — XX стагоддзяў, і ён заняўся вывучэннем “генеалагічнага дрэва” кардонных малюнкаў.
Аказалася, што “прадзедамі” паштовак з’яўляюцца віншавальныя альбомы. У сям’і яны заводзіліся напярэдадні навагодніх святаў, і кожны з візіцёраў абавязаны быў запісаць верш, цёплыя словы на адрас гаспадароў ці размясціць шарж. Потым тыя запісы аздабляліся віньеткамі, карункамі, вытанчанымі малюнкамі.
Пасля з’явіліся візітоўкі. Паколькі дызайн кожнай з іх распрацоўваўся па асабістым заказе, карткі вылучаліся густоўнасцю. У адрозненне ад сённяшніх візітовак, іх расцэньвалі як сапраўдны падарунак. Хутка карткі пачалі адпраўляць сябрам па пошце, прыклейваючы на адваротны бок марку. А ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў Германіі і Францыі з’явіліся першыя сапраўдныя паштоўкі. На тэрыторыю Расіі, у тым ліку і на тэрыторыю сучаснай Беларусі, моднае вынаходніцтва прыйшло ў 1896 годзе.
У ХХ стагоддзі іншым разам выкарыстоўвалі для вытворчасці паштовак рэпрадукцыі тэматычных карцін вядомых мастакоў. Але большасць творцаў распрацоўвала “карцінку” мэтанакіравана, шукаючы новыя маляўнічыя выявы для віншаванняў з зімовымі святамі. Дарэчы, сярод мастакоў паштовак сустракаюцца і прозвішчы выхадцаў з Беларусі.

 /i/content/pi/cult/189/2035/Bezavy1.jpg

— На мяжы ХІХ — ХХ стст. шмат вызначала рэлігія. Прыкладам, паштоўкі Польшчы характарызаваліся прыглушанай колераперадачай, стрыманасцю сюжэтаў, — зазначыў Аляксандр Вялічка. — А на тэрыторыі Расіі, Беларусі хадзілі паштоўкі, якія радавалі вока буяннем фарбаў, багаццем дэкаратыўных элементаў, стракатасцю сюжэтаў.
Галоўным сімвалам свята для нашых продкаў была ёлка. Амаль ніводная паштоўка не абыходзілася без сімвала свята — упрыгожанага цацкамі дрэўца. А вось для жыхароў Германіі мінулага стагоддзя быў іншы сімвал шчаслівага новага года: на іх папяровых віншаваннях панавалі эльфы і гномы, якія “шукалі” для ўладальніка паштоўкі запаветную чатырохпялёсткавую канюшыну — гэткую нямецкую папараць-кветку.
І такіх краін, дзе выява ёлкі ўвогуле адсутнічае, даволі многа. Уплывалі на гэта не толькі адрозненні ў рэлігійных прыхільнасцях і асаблівасці міфалогіі, але і кліматычныя ўмовы. Так, на беразе Адрыятычнага мора ў канцы снежня даволі цёпла, таму, прыкладам, на навагодніх паштоўках Сербіі пачатку XX стагоддзя квітнее бэз.


Зімовая калекцыя

Паштоўкі ды маркі як “візітоўка” краіны — гэтыя словы сталі негалосным лозунгам выдавецкага цэнтра “Марка”, які з’яўляецца адным з падраздзяленняў “Белпошты”. Невыпадкова першай маркай, якую тут выпусцілі ў 1992 г., стала выява Крыжа Еўфрасінні Полацкай. А да навагодніх святаў ужо некалькі гадоў запар выдаецца серыя з малюнкамі архітэктурных помнікаў Беларусі.
Сёлета такіх навагодніх прывітанняў з заснежанымі помнікамі нашай даўніны — 7. Сярод іх — Сафійскі сабор, Каложская царква, Гомельскі паштамт, што месціцца ў будынку ХІХ ст., двойчы з розных ракурсаў — Траецкае прадмесце. Малюнак зімовай Магілёўскай ратушы сведчыць пра аператыўнасць рэагавання на падзеі культурнага жыцця: адкрыццё адрэстаўраванага будынка адбылося толькі ў ліпені, а ў лістападзе паштоўка ўжо была гатова.
Брэстаўчане, безумоўна, будуць рады дасылаць свае віншаванні на паштоўках з выявай свайго вакзала, дзе стаяць Дзед Мароз са Снягуркай.

 /i/content/pi/cult/189/2035/Bezavy2.jpg

Святочныя надпісы на нашых паштоўках дадзены ці выключна на беларускай, ці на беларускай і англійскай мовах. А на адной з паштовак у зімовыя матывы густоўна ўведзены элементы дзяржаўнай сімволікі.
Уся зімовая калекцыя айчынных паштовак — добрая, “спагадлівая”, тут няма ні “гараскоп-выяў” усходняга календара (усялякіх там гадоў Быка ды Пацука), ні гумару “ніжэй пояса”, якога хапае ў расійскай прадукцыі. Няма і вершаваных пажаданняў — між іншым, па просьбе пакупнікоў (маўляў, не перашкаджайце нашаму ўласнаму творчаму самавыяўленню!). Улічваюцца і розныя канфесіі: «З Новым годам і Ражджаством Хрыстовым!» — для праваслаўных, «З Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам!» — для каталікоў.
Штогод з сярэдзіны лістапада ў зале Галоўпаштамта праходзяць кірмашы, на якіх выстаўляецца ўся прадукцыя і адначасова вывучаюцца густы спажыўцоў.
Сёлета, дарэчы, выпушчана 46 відаў маркіраваных паштовак, картак, канвертаў і 61 від — немаркіраваных.
Дарэчы, а вы якія беларускія паштоўкі набылі?..

 

Матэрыялы паласы падрыхтавалі
Настасся ПАНКРАТАВА і Надзея БУНЦЭВІЧ