Віртуозны Шторм

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Ёсць музыка, якую чуем і нібыта прасякаемся яе настроем, гармоніяй і пачуццём. Сёння часцей за ўсё стаўка робіцца на тыя спалучэнні гукаў, якія дастаткова бачыць не чуючы. Нарэшце, звышудалы варыянт для ХХІ стагоддзя — музыка, што паядноўвае ў сабе, так бы мовіць, аўдыяльны і візуальны кампаненты. Ды вось толькі няма ні ў адным з прыведзеных апісанняў закончанага трывання: пачуць, убачыць, з’яднаць — выбудаваць гукамі ўласную і непадобную музычную рэчаіснасць. Гітарысту-віртуозу, аўтару і выканаўцу Аляксею Скрыпніку гэта, падаецца, удалося напоўніцу.

 /i/content/pi/cult/189/2034/Alesha.jpg

Наша знаёмства з Аляксеем пачалося з простага нататніка, на адным з форзацаў якога зроблены запіс-пажаданне рукой Уладзіміра Мулявіна ў той дзень, калі легендарны музыкант паслухаў упершыню выступленне музыканта юнага. Лёгкі на адкрыццё талентаў, знакаміты артыст ёміста і з поглядам у будучыню прадказаў творчыя здзяйсненні таленавітаму гітарысту больш як дзесяцігоддзе таму. Цяпер нататнік з аўтографам — талісман Аляксея.
Натуральна, што на сваім аўтарскім канцэрце “Благословение земли”, што не так даўно адбыўся ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Аляксей Скрыпнік — гітарыст, спявак, аўтар слоў і музыкі дзесяткаў рамансаў і песень, педагог — не мог абмінуць асобу Песняра. У фінале вечара, на сапраўдным душэўным, а больш дакладна — духоўным уздыме артыст граў на інструменце Уладзіміра Мулявіна прысвячэнне яму: медытатыўную, роздумную песню “А мы всё ищем”. Між іншым, відавочны хіт!
І пошук сапраўды ўласцівы творчасці Аляксея. Перш за ўсё ён выяўляецца ў адыходзе ад даволі стандартызаванага сучаснага разумення “песні пад гітару”: яны, маўляў, абавязкова мусяць быць ці дваровыя, ці застольныя, ці бардаўскія… Але пад гітару здаўна выконвалі рамансы. У гэтай аўтарскай (чытай: асабістай) прасторы Аляксей Скрыпнік пачуваецца камфортна, і нязмушана пакідае ў ёй слухача.
Натуральнасць адметнага творчага свету падкрэсліваецца і адчуваннем слова артыстам, што сам піша тэксты сваіх песень, якія трымаюцца моцнымі каранямі за зямлю, яе прыгажосць і, толькі на першы погляд, статычнасць. Музыка і аксамітны пераліўчаты вакал Аляксея Скрыпніка пераносяць слухача ў прасторы і часе, прыўздымаюць над паўсядзённасцю. І, падаецца, зачараваная сціплым абаяннем зала сталічнай філармоніі ўжо не ў ХХІ стагоддзі, а, самае малое, — у пачатку Сярэбранага веку. Нездарма, відаць, загалоўны твор аўтарскага вечара (як і новага альбома Аляксея) “Благословение земли” — спроба знайсці нябачную мяжу паміж існым і вышэйшым.
Музычная жанравая палітра ўлюбёнага Аляксеем раманса пашыраецца за кошт стылізаваных вальсаў, балад, лірычных гімнаў, што ён прадэманстраваў на нядаўнім канцэрце. І цалкам натуральна дадаецца сюды зусім не бэк-вакалам, але абавязковай і неад’емнай часткай твора оперны спеў Ірыны Скрыпнік.

 /i/content/pi/cult/189/2034/Alesha2.jpg

А ўслед за кампазіцыямі, выкананымі сола на унікальнай гітары 1802 года або ў дуэце са скрыпачом Арцёмам Шышковым, цалкам натуральна кладзецца штрых сугучча акустычнай і электрагітары. Або нечаканы ўваход у панаванне струнных раяля кампазітара Ганны Казловай ці акардэона Кацярыны Фядотавай.
У спавядальна-шчырай тканіне вечара натуральна прагучалі выканаўцы, што паспрабавалі інтэрпрэтаваць уласныя творы Аляксея. Нібы даўно сыграны паўстаў перад залай дуэт з заслужанай артысткай краіны Надзеяй Мікуліч (прынамсі, раманс Аляксея Скрыпніка “Бярозка” ўжо гучаў на ейным творчым вечары на колькі тыдняў раней менавіта ў такім варыянце), абсалютна нечаканую рок-версію, падавалася б, засяроджанай песні “Вольная Беларусь мая” прадставіла група-студыя “Пяты Сезон”, літаральна “з ліста” выканаў тры новыя творы маладога музыканта на беларускай мове заслужаны артыст краіны Анатоль Кашапараў — яшчэ адна нітачка, што яднае Аляксея з “Песнярамі”. Ды тых нітачак, якія з часам ператвараюцца ў магутныя карані, дастаткова. Няхай не стылістычна, але духоўна артыст працягвае справу легенды айчыннай сцэны.
Роўная і дакладна выбудаваная кампазіцыя канцэрта, мабыць, не была б поўнай без моманту таго віртуознага валодання інструментам, на якое так шчодра адораны Аляксей.
Кожную ноту экспрэсіўнага паўднёвага фламенка, якое, між іншым, музыкант не толькі захоплена грае (згадайма яскравае выступленне на першай цырымоніі ўручэння прэміі “Тэлевяршыня”), але і грунтоўна даследуе, нібы ўвачавідкі бачыш у руху яго пальцаў па грыфе любімага інструмента. І зала такі нечаканы пераход ад размераных задуменных перабораў да штармавога плёскату хваль гітары ўспрыняла сапраўды “на біс”. І апладысменты былі стоячы.
Значыць, гітара і рамансы, даўшы нагоду сустрэцца, дапамаглі пачуць, убачыць, з’яднацца ў музычнай рэчаіснасці Аляксея Скрыпніка. Гэты аўтарскі канцэрт — другі па ліку сольнік артыста (першы адбыўся ў 2001-м у Маладзёжным тэатры эстрады) — запэўніў бадай у самым важным асабіста для мяне: традыцыя духоўнасці, адраджэння светлай музыкі не застанецца перапыненай, пакуль на Беларусі ёсць песняры, якіх чуюць душой.

Сяргей ТРАФІЛАЎ
Фотa Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах