ХТО ТАКАЯ ЛУЦА?, або Прафесійны дызайн для рэгіянальных адметнасцей

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Імпэту і душэўнай энергіі ўстановам культуры Кармянскага раёна не бракавала ніколі, а вось іх матэрыяльны стан настойліва патрабаваў мадэрнізацыі. І яе хваля не прымусіла сябе чакаць. Ці не паўсюль, куды даводзілася завітаць у дзень камандзіроўкі, шчыравалі рабочыя, або, прынамсі, вялася гутарка пра хуткі рамонт. Толькі сёлета на гэтыя мэты з розных крыніц было выдаткавана болей за два мільярды рублёў, прычым добрая траціна з іх — па лініі Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама. А ў 2009-м інвестыцыі плануюцца не менш унушальныя. Балазе і нагода будзе добрая: гарадок адсвяткуе свой юбілей. Ды не абы-які — такія здараюцца толькі раз у палову тысячагоддзя!

Супрацоўнікі раённай адміністрацыі Кармяншчыны лічацца аднымі з самых творчых на Гомельшчыне — прынамсі, пра гэта сведчаць прызавыя месцы на адпаведных абласных спаборніцтвах. Ніхто з кіраўнікоў не саромеецца праявіць сябе на сцэне. Чым не сведчанне таго, наколькі стаўленне мясцовай улады да культуры вызначае яе дасягненні? І, вядома ж, у Кармянскім краі гэты прыклад зусім не адзіны.
— Некалькі гадоў таму, калі Васіль Іванавіч Яцэвіч яшчэ толькі прыступіў да выканання сваіх абавязкаў на гэтай пасадзе, ён адразу звярнуў увагу на тое, што параўнальна з іншымі сферамі культура выглядала не надта прывабна, — распавядае першы намеснік старшыні Кармянскага райвыканкама Віктар Мацвеенка. — І адразу зрабіў яе развіццё адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці мясцовых улад. Асабіста наведаў усе ўстановы культуры і вызначыў першачарговыя задачы і далейшы план дзеянняў.
Урэшце, знайшліся і сродкі, каб іх ажыццявіць, — вядома, пры шчодрай падтрымцы кіраўніцтва Гомельскай вобласці.

 /i/content/pi/cult/189/2032/Kultasvet3.jpg
Сядзіба ў чаканні рэстаўрацыі.

Старшыня райвыканкама нездарма з’яўляецца цёзкам легендарнага камдзіва: ёсць нейкае падабенства ў іх характарах! Бо пастаўленыя задачы Васіль Іванавіч Яцэвіч выконвае гэтак жа імкліва, як Чапаеў браў гарады. Праўда, не “сячэ з-за пляча”.
— Папрацаваўшы яшчэ які годзік-два ў выбраным напрамку, мы здолеем прывесці ў добры стан абсалютна ўсе ўстановы культуры раёна, — кажа ён. І ў гэта ахвотна верыцца.
А ці адчувае кіраўнік раённай адміністрацыі сацыяльны эфект ад гэтых сваіх захадаў? Ці мяняюць яны комплексна жыццё краю?
— З культуры пачынаецца ўсё, — перакананы Васіль Іванавіч. — У гэтага слова нямала значэнняў, але ж усе яны ўзаемазвязаны. Скажам, ёсць такое паняцце, як культура вытворчасці. Недарэмна ж акадэмік Ліхачоў казаў, што чалавек нізкай культуры ніколі не будзе добрым працаўніком. Яшчэ адзін важны аспект — навядзенне парадку на зямлі.
Карма ўжо неаднаразова ўваходзіла ў лік абласных лідэраў па добраўпарадкаванні, але ж працы яшчэ чакае багата.
Наша мэта — каб парадак быў на кожнай вуліцы кожнай вёскі. Ёсць у нас праект добраўпарадкавання рэчкі Кармянкі і прылеглай паркавай зоны, стварэння сеткі азёраў.
Лічу, ён таксама мае непасрэднае дачыненне да культуры.
Цэнтр культуры працуе “на экспарт”
У фае Раённага цэнтра культуры і вольнага часу шчыруюць будаўнікі: установа перажывае сваё капітальнае пераўвасабленне. Сёлета на яго было асвоена блізу 460 мільёнаў рублёў, і гэта — толькі пачатак.
Рамонт недарэмна параўноўваюць з катаклізмам — хай у выніку і чакае “хэпі-энд”. Але Цэнтр не спыняе сваёй дзейнасці. Гурткі пры ім наведваюць каля 150 дзетак, прычым большасць з іх — на платнай аснове. Асабліва папулярная харэаграфія — балазе на прафесіяналаў у гэтай дэфіцытнай спецыяльнасці Карме пашчасціла: іх тут ажно двое.
Дырэктар установы Васіль Стэльмах задаецца пытаннем: 150 — гэта шмат або мала? Здавалася б, для такога мястэчка, як Карма, паказчык неблагі: больш за дзесяць працэнтаў ад усіх дзяцей школьнага ўзросту. Але... Маладога кіраўніка ён не задавальняе. Бо добрыя амбіцыі вызначаюць куды вышэйшую планку.

 /i/content/pi/cult/189/2032/Kultasvet4.jpg
 Кароцькаўскі СДК...

— Мне хацелася б, каб дзверы нашага Цэнтра ніколі не зачыняліся, каб жыццё ў ім віравала з ранку да вечара! — дзеліцца ён сваім крэда. — А дзеля гэтага трэба шмат працаваць, вырашаць, скажам, кадравае пытанне. Шукаем спецыялістаў паўсюль, нават з Гомеля той-сёй да нас даязджае. Усяляк заахвочваем іх, ствараем зручны графік…
Прычым дзейнасць Цэнтра культуры і адпачынку не абмяжоўваецца адно яго сценамі. Выканаць план платных паслуг удаецца дзякуючы рэгулярным канцэртам на суседняй Рагачоўшчыне, у санаторыі “Прыдняпроўскі”, дзе ахвотна адпачываюць не толькі беларусы, але і замежнікі.
— Мы зрабілі для гэтай мэты адмысловую праграму, асноўную частку якой узяў на сябе наш знакаміты калектыў “Славянская душа”, — кажа дырэктар Цэнтра. — Гледачам яна прыйшлася даспадобы, і таму цяпер нас запрашаюць ахвотна.Адметна, што Васіль Стэльмах родам з Украіны. У тыя часы, калі культработнікам жылося там цяжкавата, прыехаў сюды працаваць разам са сваёй жонкай — дыпламаваным харэографам. І настолькі захапіўся справай, што… неўзабаве “пусціў карані” ў кармянскую глебу.
Музей у валізцы
У чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі цешыць вока фрэска на ўсю сцяну з выявай казачных персанажаў — яе тэматыка нават перадвызначыла назву аб’яднання, якое тут дзейнічае: “Лукамор’е”. Наяўнасцю гэтай фрэскі бібліятэка абавязана таму, што калісьці за дзедам-шведам (ніхто нават не памятае, калі дакладна) у штаце аддзела культуры былі прафесійныя мастакі. Цяпер такой традыцыі ўжо няма, але ж падбаць пра адметнае аздабленне ўстаноў культуры зусім не лішне. Вядома, руплівасць у гэтым рэчышчы саміх работнікаў культуры вартая выключнай пашаны, аднак... Часам прафесіяналы ўсё ж незамяняльныя.

 /i/content/pi/cult/189/2032/Kultasvet5.jpg
 ...і зборны калектыў на яго сцэне.

Праект інтэр’ераў Цэнтра культуры і адпачынку, які цяпер актыўна ўвасабляецца ў жыццё, распрацавала дыпламаваны дызайнер. Ёй знайшлося месца ў штаце ўстановы. І ніхто не сумняваецца ў тым, што праца таксама будзе заўсёды, нават па завяршэнні рамонту.
Работы ў найбліжэйшай будучыні чакаюць і дзіцячую бібліятэку. А вось у цэнтральнай рамонт ужо часткова зроблены. І цяпер кнігі там зноў расстаўляюцца па стэлажах, а жыццё ўваходзіць у звыклае рэчышча.
— Раней стан нашай бібліяітэкі можна было назваць крызісным, — распавядае дырэктар ЦБС Таццяна Егерава. — А цяпер можам з гонарам прымаць і чытачоў, і гасцей. Праўда, шкада, што вы ўзімку прыехалі.
Шкада — бо ўлетку пляцоўка ля жылога дома, у якім месціцца ЦБС, становіцца ўлюбёным месцам адпачынку для многіх кармянцаў, чаму спрыяе праведзенае тут добраўпарадкаванне і прыгожы фантан. І для таго, каб павялічыць колькасць сваіх чытачоў (і без таго немалую), бібліятэка зрабіла ім крок насустрач — у літаральным сэнсе слова: у цёплую пару года столікі з перыёдыкай і стэлажы з кнігамі выстаўляюцца непасрэдна на вуліцу. І гэтага дастаткова, каб прывабіць тых, хто сваёй рукою дзверы ў “скарбніцу ведаў”, можа, і не адчыніў бы.
Яшчэ адна задумка такога плана — “музей у валізцы”, куды змяшчаюцца, напрыклад, кнігі па народных строях і ўзоры рукадзелля. Дзякуючы яму, школьныя заняткі становяцца куды цікавейшымі.
— Гэта зручная форма работы,— каменціруе Таццяна Егерава. — Экспазіцыя вельмі кампактная, для свайго размяшчэння яна патрабуе ўсяго пару сталоў. Затое дзеці могуць не толькі пачуць, але і ўбачыць ды нават памацаць экспанаты рукамі. На адным з заняткаў нават далі ім магчымасць прымерыць народны строй.
Цяпер вось плануем выстаўку,
прысвечаную гісторыі побытавых рэчаў.
Дзякуючы наяўнасці кам’ютэрнага абсталявання, бібліятэка мае магчымасць актыўна займацца “самвыдатам”. І да кожнай памятнай даты ЦБС выпускае ўласныя буклеты. Вядома, не застанецца без увагі і 500-годдзе Кармы: з нагоды юбілею запланавана цэлая серыя краязнаўчых выданняў — у тым ліку і віртуальнае падарожжа па рэчцы Кармянцы.
Безумоўна, святкаванне юбілею стане “чырвонай ніткай” у працы ўсіх устаноў культуры Кармяншчыны. Да свята запланавана нямала цікавых мерапрыемстваў: гэта і конкурс прыгажосці, і творчае спаборніцтва кіраўнікоў раённых арганізацый рознага профілю, і Дні сельскай культуры, і своеасаблівы “Залаты шлягер” — адраджэнне старых прызабытых хітоў.
— Будзем шукаць таленты сярод прадстаўнікоў тых прафесій, якія многія лічаць зусім не творчымі, — кажа начальнік аддзела культуры Святлана Казлова. — Вядома, гэта складаней, чым запрасіць “зорку” са сталіцы. Але затое можа надаць культуры нашага краю новы імпульс.

 /i/content/pi/cult/189/2032/Kultasvet1.jpg
 Барсукоўскія “Вытокі”.

Чаго пакуль не стае культурнаму жыццю Кармяншчыны, дык гэта ўласнага фэсту з адметнай канцэпцыяй. І Святлана Казлова, якая даўно ўжо марыць запачаткаваць яго традыцыю, спадзяецца, што ў рамках святкавання юбілею гэта ўдасца. Рабочая назва імпрэзы — “Наша старажытнае сучаснае жыццё”, а да ўдзелу ў ёй будуць запрошаны не толькі мясцовыя таленты, але і калектывы з суседніх раёнаў.
— Хацелася б, каб гэты фэст быў не такі, як ва ўсіх, — кажа Святлана Казлова, — каб ён быў разнапланавы і разнажанравы.
Грунтоўная рэканструкцыя будынка музычнай школы таксама не за гарамі. Ён з’явіўся на свет яшчэ да вайны і таму даўно патрабуе адпаведных работ. Да таго ж, ён — замаленькі для сённяшняга дня, таму ахапіць усіх ахвотных да творчай асветы не атрымліваецца.
Экскурс у гісторыю праса
Яшчэ паўстагоддзя таму амаль усе жыхары Кароцькаў насілі прозвішча беларускага класіка — у свой час гэтая вёска нават называлася “Караткевічы”.
Супадзенне — выпадковае, але, мажліва, менавіта гэтая акалічнасць абумовіла тое, што менавіта ў Кароцьках, першым аграгарадку раёна, паўстала першая на Кармяншчыне сельская ўстанова культуры ўзору ХХІ стагоддзя.
Утульная зала на 350 месцаў у плане свайго камфорту задаволіць нават самага патрабавальнага гледача. Ды галоўнае, мусіць, тое, што падоўгу яна ніколі не пустуе. Вось і нам давялося заспець рэпетыцыю зводнага калектыву, утворанага жыхарамі не толькі Кароцькаў, але і бліжэйшых вёсак.
— Калектыў добры, стабільны, мабільны, — хваліць спявачак начальнік аддзела культуры.— За пятнаццаць хвілін можам сабрацца і паехаць выступаць, куды б ні запрасілі, — уступаюць яны самі ў размову. Мабыць, таму і запрашаюць шмат — гастрольны графік ансамбля даволі насычаны. А ў яго рэпертуары, які ўключае каля 150 песень, нямала арыгінальных твораў. У тым ліку — і аўтарства начальніка аддзела культуры.
Кіраўнік калектыву марыць стварыць пры ім яшчэ і дзіцячы ансамбль — для пераемнасці традыцый. І глеба для яго паўстання ўжо ёсць: з нядаўняга часу кароцькаўская дзятва мае магчымасць атрымаць першасную творчую адукацыю. Стварэнне аграгарадка прадугледжвала адкрыццё на базе ДК філіяла дзіцячай музычнай школы.
Запытаўся ў мастацкага кіраўніка Дома культуры Ірыны Ліпскай, ці не ўзнікае праблемы з інструментамі (усё ж многія музычныя школы трымаюцца на “старых запасах”, а тут іх не магло быць у прынцыпе). І даведаўся, што гэтую праблему ўдалося вырашыць дзякуючы дапамозе абласнога ўпраўлення культуры. Агулам на падтрымку матэрыяльнай базы сельскіх устаноў культуры з гэтай крыніцы сёлета было выдаткавана 11 мільёнаў рублёў. Да таго ж, дзіцячая бібліятэка атрымала падарунак у выглядзе камп’ютэрнай тэхнікі.
Кампазіцыі-інсталяцыі, размешчаныя ў фае Кароцькаўскага дома культуры, — ініцыятыва яго дырэктара Аляксандра Шульгі. Адна з іх мае назву “Зацьменне над Сожам”: нягледзячы на тое, што да эпіцэнтра чарнобыльскай катастрофы адсюль не так і блізка, раён пацярпеў ад яе вельмі моцна. Па словах Васіля Яцэвіча, цяпер “радыеактыўны” фактар ужо не надта даецца ў знакі. Але ж памяць пра трагедыю наўрад ці калі будзе сцёрта...
А ў аграгарадку “Барсукі” ўстанова культуры мае даволі адметны статус: яна называецца Клубам-музеем народнага побыту. Экспанатаў тут не так і шмат усяго якія тры з паловай дзесяткі, але ж сярод іх ёсць і сапраўдныя рарытэты: гляк і біклага, зробленыя мясцовыя майстарамі амаль два стагоддзі таму. А ўдзельніцы раскватараванага ў клубе-музеі ансамбля “Вытокі”, які існуе з 1964 года, могуць зрабіць грунтоўны экскурс у гісторыю... праса — тут прадстаўлена некалькі яго адпаведнікаў з былых эпох. Без сумневу, школьнікі могуць даведацца тут процьму цікавых звестак пра сваіх продкаў — тым больш, у зале клуба-музея часта праходзяць урокі гісторыі.

 /i/content/pi/cult/189/2032/Kultasvet2.jpg
 Дырэктар Цэнтра культуры і вольнага часу
Васіль Стэльмах
.

— Цяпер многія дзеці ўжо не ведаюць, што такое, скажам, матавіла, — кажа дырэктар гэтай установы Ірына Вараб’ёва. — А тут яны могуць нават навучыцца ткаць на кроснах. Мы наладзілі супрацоўніцтва з народнымі майстрамі, і тыя ахвотна даюць тут свае майстар-класы.
Паколькі матэрыяльны стан “агменю культуры” тут быў вельмі праблемны, з нядаўняга часу ён перамясціўся ў будынак канторы саўгаса — заняўшы ўвесь яе першы паверх і атрымаўшы сродкі на яго рамонт. Пакуль што тут трохі цеснавата. Але, як паведаміла Ірына Вараб’ёва, праектна-каштарысная дакументацыя новага будынка ўжо гатова, і цяпер яна праходзіць экспертызу.
Раённы музей на Кармяншчыне месціцца не ў “сталіцы раёна”, а ў вёсцы Літвінавічы. Менавіта тут, на сваёй радзіме,
Панцеляймон Лепяшынскі заснаваў у 1918 годзе Першую сучасную вопытна-паказальную школу-камуну. Тым самым увайшоўшы ў гісторыю не толькі як “прафесійны рэвалюцыянер” і блізкі паплечнік Леніна, але і як смелы наватар у справе адукацыі. Прысвечаны яму музей паўстаў пры мясцовай школе яшчэ ў 60-я, прычым на энтузіязме мясцовых краязнаўцаў, якім удалося поўнасцю перавезці з Масквы інтэр’еры пакояў Лепяшынскага. А ўжо ў нашыдні ён набыў не толькі раённы статус, але і новы прасторны будынак. Цяпер у ім адбываецца грунтоўная рэканструкцыя, і ўлазіны — ужо не за гарамі.

Па сутнасці, гэта будзе новая ўстанова культуры. Прычым абнаўленне закране не толькі знешні бок, але і экспазіцыю: неўзабаве яна ахопіць усю гісторыю краю. Тым болей, музею пашчасціла на дасведчанага дырэктара: не так
даўно гэтую пасаду заняла Ала Балыш, якая раней кіравала музеем у Чачэрскай ратушы. У яе задумах — экспазіцыя з пяці раздзелаў: ад археалагічных знаходак да Чарнобыльскай трагедыі. Ды і рэвалюцыйныя падзеі будуць адлюстроўвацца ў адмысловым ракурсе — праз асобы іх удзельнікаў.

Асаблівы мікраклімат
мінуўшчыны

Адзін з помнікаў архітэктуры Кармянскага краю — палац Дорыя-Дзерналовічаў — сёння далёка не ў ідэальным стане. І хаця да аддзела культуры
ён дэ-юрэ не мае ніякага дачынення, бо знаходзіцца на балансе іншай установы, Святлана Казлова лічыць сваім абавязкам аднавіць былую веліч сядзібы ў новым, сучасным варыянце, зрабіўшы яе запатрабаванай кармянцамі.

Услед за добрымі намерамі ідуць
канкрэтныя дзелавыя прапановы. Навуковы супрацоўнік раённага музея і проста заўзяты даследчык даўніны свайго краю Юрый Сімянкоў стварыў змястоўны і абгрунтаваны праект адраджэння і прыстасавання сядзібы.

Ён прадугледжвае стварэнне зоны
аховы — балазе ландшафт сядзібы збольшага захаваўся, а тое, што было парушана недарэчнымі забудовамі, можна аднавіць... Галоўная ж ідэя — “аднавіць атмасферу мінулага, той асаблівы мікраклімат, які дазволіў бы наведвальнікам камфортна правесці свой вольны час”.

У палацы прапануецца стварыць
свайго кшталту культурна-дзелавы цэнтр з канферэнц-залай, музычным салонам, трэнажорнай залай, більярднай, салонам прыгажосці, а таксама камфартабельным гатэлем. Юрый Сімянкоў спадзяецца, што спыняцца ў ім будуць не толькі камандзіровачныя, але і турысты, прывабленыя хараством тутэйшай прыроды і якасцю сервісу. І гэтыя спадзевы — зусім не утапічныя пражэкты: кіраўніцтва адміністрацыі раёна актыўна працуе над тым, каб Кармяншчына ўвайшла ў склад “Залатога кольца Гомельшчыны”, якое аб’ядноўвае найпапулярныя турмаршруты. Таму і пра аднаўленне другога архітэктурнага помніка — царквы Святога Мікалая, ад якой засталіся адно руіны, тут таксама ўсур’ёз падумваюць.

— Мы разумеем, што рэалізацыя
праекта адраджэння сядзібы будзе вельмі няпростай і запатрабуе багата высілкаў,— кажа Святлана Казлова. — Але ж не пашкадуем ніякіх намаганняў дзеля таго, каб спадчына нашага краю сапраўды адрадзілася, каб мы і нашы нашчадкі маглі ганарыцца сваёй Кармой. Вельмі рада, што гэтая наша ініцыятыва знаходзіць актыўную падтрымку ў кіраўніцтва раёна.

Адносіны да сваёй спадчыны саміх
непасрэдных спадкаемцаў — фактар, бадай, вызначальны ў яе лёсе, і таму ёсць рэальная падстава аднесціся да смелых задум кармянцаў з аптымізмам.

Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Кармянскі раён —
Мінск

Фота аўтара