Як па-польску “Завіруха”?

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Заключным акордам грандыёзнай акцыі “Мы — беларусы!”, якая з красамоўным пасылам “З любоўю з Беларусі” прайшла ў кожнай з суседніх краін, стаў канцэрт у Варшаўскай Зале Кангрэсовай, што прайшоў 17 снежня. А на каталіцкія Каляды далучыцца да гэтай падзеі маглі і гледачы аднаго з арганізатараў імпрэзы — тэлеканала АНТ, які прапанаваў яе тэлеверсію.

У канцэрце ўзялі ўдзел зоркі беларускай эстрады розных пакаленняў: Анатоль Ярмоленка, Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Георгій Калдун... Усіх не пералічыць, бо агулам на самую прэстыжную сцэну польскай сталіцы выйшлі каля 150 артыстаў. Прычым не толькі беларускія: багатая на сюрпрызы праграма прадугледжвала нямала дуэтаў айчынных “зорак” і польскіх, у ліку якіх былі Агнешка Канарска, Дамініка Рыдзь, Малгажата Глуўка, Кшыштаф Рымшэвіч, Себасцьян Плявінскі і знакамітыя “Czerwone gitary”. А галоўная “разыначка” — новыя, польскамоўныя версіі многіх вядомых беларускіх песень. Сярод іх — і “Касіў Ясь канюшыну”, і “Полька беларуская”, і “Завіруха”, і нават нязменная “візітоўка” Аляксандра Саладухі “Чужая мілая”.
Найлепшым сведчаннем поспеху імпрэзы стала тое, што трохтысячная зала сабрала аншлаг: сярод публікі можна было сустрэць не толькі жыхароў Варшавы, але і этнічных беларусаў з розных куткоў суседняй з намі краіны, а таксама дыпламатаў і прадстаўнікоў урадавых устаноў і грамадскіх арганізацый Польшчы, дэпутатаў Сейма і сенатараў. Свае вітанні на адрас акцыі накіравалі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук і міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча Богдан Здраеўскі.
Ці ўпадабала польская публіка беларускія песні? Начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, які прысутнічаў на канцэрце, перакананы, што паразуменне паміж артыстамі і залай наладжвалася вокамгненна.
— Пад час імпрэзы варта было зірнуць на прасветленыя твары гледачоў, каб пераканацца ў тым, што песня не мае межаў, а нашы культуры вельмі блізкія па духу і, так бы мовіць, па сэрцы, — падзяліўся ён сваімі ўражанняміз карэспандэнтам “К”. — Тым болей, некаторыя нашы выканаўцы ўжо вядомыя ў Польшчы.Скажам, было цалкам вытлумачальна, чаму публіка горача прымала Ірыну Дарафееву: сёлета яна стала пераможцай фестывалю ў Зялёнай Гуры. Адчуваў гонар за нашых артыстаў, калі бачыў, як напрыканцы канцэрта зала апладзіравала ім стоячы.
Удзел у канцэрце ўзялі і беларускія таленты з польскім грамадзянствам. Адзін з арганізатараў імпрэзы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Павел Латушка ўручыў знакамітаму па абодва бакі Буга беластоцкаму ансамблю “Прымакі” падарунак ад беларускага Урада — акардэон фірмы “Бугары Арманда”.
Ацаніць яго гучанне гледачы здолелі адразу. Яшчэ адзін падарунак беларускія калектывы з Польшчы чакае ўжо неўзабаве: было прынята рашэнне прафінансаваць выпуск дыска з іх найлепшымі песнямі, а таксама канцэртныя касцюмы.
Таму ёсць усе падставы сцвярджаць, што свята не скончылася разам з фінальнымі акордамі ў Зале Кангрэсовай. Яго працяг — у выглядзе новых праектаў у рамках культурнага супрацоўніцтва — не прымусіць сябе чакаць. Як паведаміў Васіль Чэрнік, ужо вядуцца перамовы аб арганізацыі канцэртнага тура Ірыны Дарафеевай па гарадах Польшчы. Ды і іншыя беларускія артысты адгэтуль будуць часцей завітваць у краіну-суседку. Арганізацыі іх гастролей паспрыяе праца Культурнага цэнтра Беларусі ў Польшчы.
— Значэнне такіх мерапрыемстваў для замацавання культурнага супрацоўніцтва Беларусі з іншымі краінамі цяжка пераацаніць, — адзначыў Васіль Чэрнік. — Таму спадзяюся, што падобныя акцыі пройдуць і ў будучыні, ахапіўшы не толькі суседнія з намі краіны.

Ілля СВІРЫН