Складаная партытура рэканструкцыі

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

20 снежня Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі наведаў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь для таго, каб азнаёміцца з ходам яго рэканструкцыі. Адметна, што знаёмства гэтае адбывалася пад рокат шматлікіх будаўнічых прылад — інтэнсіўныя работы на аб’екце не спыняліся нават з прычыны візіту высокай асобы.

Але ўжо да 20 лютага будучага года гэты рокат павінен сціхнуць, саступіўшы месца музыцы. Такую задачу паставіў перад будаўнікамі Сяргей Сідорскі. А 8 сакавіка плануецца ўрачыстае адкрыццё тэатра пасля яго абнаўлення.
 /i/content/pi/cult/189/2029/Opteatr1.jpg
Зрабіць патрэбна яшчэ багата —
пра гэта сведчыць хаця б аб’ём сродкаў, якія належыць асвоіць у сціслы тэрмін: ажно 68 мільярдаў рублёў, з іх 32 мільярды — на будаўнічыя і мантажныя патрэбы. Як паведаміў кіраўніку Урада міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, цяпер работы ідуць згодна з графікам. У прыватнасці, да канца года павінен быць скончаны мантаж сцэнічнага абсталявання, — удзельнікі нарады маглі якраз бачыць гэтую звышскладаную тэхналагічную працэдуру, удзел у якой бралі дзесяткі рабочых. Завяршаецца і аддзелка фае. Такім чынам, сродкі, прадугледжаныя на гэты перыяд Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай, будуць асвоены своечасова.
Пасля завяршэння будаўнічых работ прыйдзе чарга дызайнерскіх рашэнняў прасторы тэатра. Прэм’ер-міністр звярнуў на гэты аспект рэканструкцыі асаблівую ўвагу, засцярогшы мастакоў ад залішняй пампезнасці ў мэблі і інтэр’ерах, якая перашкаджала б цэласнаму ўспрыняццю тэатра. Паводле слоў Сяргея Сідорскага, усе элементы інтэр’ера ўстановы павінны ўтвараць цэласную карціну, не дысануючы паміж сабою. І ніводзін з іх нельга назваць малаважным.
Увагу кіраўніка Урада прыцягвалі і такія дэталі работ па рэканструкцыі, як пакрыццё падлогі. У памяшканнях, адведзеных для рэпетыцый оперных спевакоў, нельга
 /i/content/pi/cult/189/2029/Opteatr2.jpg
ўжываць лакавае пакрыццё: як вядома, яно адмоўна ўздзейнічае на галасавыя звязкі.
Дарэчы, рэпетыцыі ў памяшканні тэатра ўжо аднавіліся, і неўзабаве ў родныя сцены вернецца ўся трупа. Яна актыўна працуе над новымі прэм’ерамі, сярод якіх — балет “Клеапатра” ў пастаноўцы Валянціна Елізар’ева. Музыку да твора напісаў вядомы беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў.
Тым часам працы па добраўпарадкаванні прылеглай да тэатра тэрыторыі ўжо відавочна набліжаюцца да фіналу. Хаця ў поўнай меры ацаніць новае месца адпачынку жыхары сталіцы здолеюць, калі трохі пацяплее. Ды першыя ўражанні ёсць ужо сёння:
— Калі мы выпрабоўвалі фантан, пайшоў першы снег, — распавёў карэспандэнту “К” кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Алег Папкоў. — І гэта было папраўдзе феерычна! Уражанні — неверагодныя!

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА