90 гадоў разам з краінай

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

23 снежня адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыстаўкі Беларускага тэлеграфнага агенцтва “90 гадоў разам з краінай”, прымеркаванай да 90-годдзя БелТА. Калектыў агенцтва павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

 /i/content/pi/cult/189/2028/90 gadou.jpg
Як адзначаецца ў віншаванні Кіраўніка дзяржавы, зачытаным на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам,
БелТА спрыяе ўмацаванню сацыяльна-палітычнай стабільнасці, маральных асноў грамадства, плённа супрацоўнічаючы з замежнымі партнёрамі, павышае міжнародны аўтарытэт нашай краіны, а таксама забяспечвае права грамадзян на атрыманне ўсебаковай інфармацыі пра самыя галоўныя падзеі ў Беларусі і свеце, а яе супрацоўнікі прымаюць актыўны ўдзел у напісанні летапісу жыцця беларускага народа.
Юбілейны год для Рэспубліканскага унітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” выдаўся надзвычай насычаным на цікавыя праекты ў розных краінах свету.
Выніковы праект Агенцтва, своеасаблівае падсумаванне зробленага, — фотавыстаўка “90 гадоў разам з краінай”, што адкрылася ў холе сталічнага кінатэатра “Беларусь”. Экспазіцыя ўключае 48 шырокафарматных фотаздымкаў з альбома, якія адлюстроўваюць асноўныя вехі ў гісторыі рэспублікі. Усяго ж, па словах намесніка галоўнага рэдактара рэдакцыі фотаінфармацыі БелТА Уладзіміра Іваніцкага, у альбом увайшло каля 400 работ, у асноўным, вялікага фармату. Першы фотаздымак датуецца 1920 годам. Па работах Агенцтва можна прасачыць гісторыю развіцця і станаўлення Беларусі ў ХХ — пачатку XXI стагоддзяў, уключаючы такія эпахальныя перыяды, як грамадзянская вайна, калектывізацыя, аб’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі, Вялікая Айчынная вайна, пасляваеннае будаўніцтва і развіццё прамысловасці, перабудова, а таксама сучасныя падзеі, у тым ліку яркія моманты беларускіх перамог на сёлетніх Алімпійскіх гульнях у Пекіне. Пры гэтым уключаныя ў альбом фотаработы раней шырока не публікаваліся, а таму стануць своеасаблівым адкрыццём.
Як адзначыў дырэктар Агенцтва Дзмітрый Жук, фотаальбом БелТА “90 гадоў разам з краінай” дапамагае адчуць, з якім настроем жылі і будавалі Беларусь нашы бацькі, дзяды і нават прадзеды.