Створаны ім у 1982 годзе фальклорны ансамбль “Крупіцкія музыкі” стаў актыўна прапагандаваць традыцыйную музыку, песню і танец у вельмі дакладным і комплексна дасканалым канцэртным выкананні.
Яшчэ тады Уладзімір Мікалаевіч праявіў сябе як глыбокі знаўца і даследчык рэгіянальных музычных традыцый, пачаў збіраць калекцыю народных інструментаў. З часам у гучанне ансамбля пачалі ўводзіцца раней забытыя жалейкі, саломкі, басэтлі, колавая ліра, пастухова труба… Урэшце, калектыў з першых жа гадоў творчай дзейнасці ператварыўся ў сапраўдную лабараторыю.
У 1984 г. “Крупіцкія музыкі” былі запрошаны на Міжнародны фестываль фальклору ў Югаславію, адкуль вярнуліся лаўрэатамі. Пасля былі гастролі ў Італіі, Францыі, Галандыі, Германіі... Нягледзячы на здабытую вядомасць, Уладзімір Мікалаевіч яшчэ больш актыўна і мэтанакіравана працягваў займацца і ўдасканаленнем выканальніцкага ўзроўню, і фарміраваннем рэпертуару, і даследчыцкай працай.
На ўсё жыццё запомнілася мне паездка ў 1996 годзе разам з “Крупіцкімі музыкамі” ў Галандыю, дзе ансамбль прадстаўляў Беларусь на Першай Сусветнай фалькларыядзе ў Брунсуме. Там удзельнічалі калектывы са 100 краін свету. Кожнае выступленне “Крупіцкіх музыкаў” суправаджалася не толькі цёплым прыёмам, але і шматлікімі сустрэчамі пасля канцэртаў з зацікаўленымі спецыялістамі і гледачамі. Дарэчы, адметнай рысай Уладзіміра Грома як творчай асобы былі вельмі крытычныя адносіны да здзейсненага ім самім і ансамблем. Таму вельмі важнымі для яго станавіліся ацэнка, парады не толькі сяброў і спецыялістаў, але і слухачоў.
Значны ўплыў аказаў Уладзімір Мікалаевіч на станаўленне фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. З першых гадоў як сябражуры ён адгукаўся на прапановы або сам падаваў цікавыя ідэі, праводзіў творчыя лабараторыі для ўдзельнікаў фэсту. Яго прынцыповая пазіцыя адносна неабходнасці вывучэння і захавання рэгіянальных музычных традыцый перадавалася і іншым. Менавіта фестывальныя творчыя лабараторыі падштурхнулі Уладзіміра Грома да стварэння яшчэ аднаго унікальнага калектыву — ансамбля народных духавых інструментаў “Гуды”.
Памятаю таксама, як радаваўся Уладзімір Мікалаевіч створанаму па яго прапанове ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў Музею народных музычных інструментаў, дзе добрая частка прадстаўленых экспанатаў была з яго асабістай калекцыі...
Ужо сёння можна сцвярджаць: дзякуючы ўкладу ў нашу нацыянальную культуру Уладзімір Мікалаевіч упісаў сваю адметную старонку ў гісторыю беларускага народнага мастацтва. Упэўнены, што зробленае музыкантам не было мяжой яго творчых магчымасцей — яго патэнцыял быў значна большы...
У гэтыя сумныя дні хачу звярнуцца да “Крупіцкіх музыкаў” і да ўсіх, ад каго гэта можа залежыць: зрабіце ўсё неабходнае, каб захаваць унікальны творчы калектыў як найлепшы ўзор народнага мастацтва для працягу творчых ідэй Уладзіміра Грома і шматгадовых традыцый, што будзе найлепшай данінай яго памяці...
Адораныя людзі адрозніваюцца сваёй ранімасцю і неабароненасцю... Такім быў і Уладзімір Гром, але галоўнае — ён быў яркай асобай і цікавым чалавекам, сапраўдным творцам... На жаль, часта самыя шчырыя словы пра чалавека гаворым не пры яго жыцці. Напэўна, мы не сказалі Уладзіміру Мікалаевічу ўсяго, што ён заслужыў, не падтрымалі ў складаныя хвіліны...
Упэўнены, імя Уладзіміра Грома застанецца ў нашай памяці, а яго ўклад у развіццё беларускага мастацтва будзе грунтоўна даследаваны і выдатна ацэнены.
Тадэвуш СТРУЖЭЦКІ,
саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча