Экранная школа даследавання чалавека

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Пераможцам сёлетняга юбілейнага кінафестывалю “Лістапад” па выніках глядацкага галасавання стала стужка Станіслава Гаварухіна “Пасажырка”. Інтрыга конкурсу трымалася да апошняга моманту: з першага дня форуму ў лідэрах была беларуская карціна “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава, аднак апошні дзень паказу ўнёс карэкцівы ў глядацкі рэйтынг — і “золата” “Лістапада” забрала расійская “Пасажырка” (9,31 бала), “срэбра” фестывалю атрымалі румынскія “Мары аб Каліфорніі” (9,17), усяго на дзве дзесятыя апярэдзіўшы айчынную стужку, якая ў выніку стала ўладальніцай “бронзы” (9,15 бала).

Аднак акрамя нечаканага павароту падзей на фінішы, ХV Мінскі кінафорум запомніцца высокім мастацкім узроўнем конкурснай праграмы, прыездам чаканых гасцей — Кшыштафа Занусі, Аляксандра Сакурава, Аляксея Пятрэнкі, Сяргея Гармаша, Святланы Дружынінай, Сяргея Ніканенкі, жанравай разнастайнасцю конкурсаў — ад дакументалістыкі да тэлевізійнага кіно, прэс-канферэнцыямі і дыскусіямі пра стан і шляхі далейшага развіцця беларускай кінематаграфіі... Нарэшце, урокамі — і новымі пытаннямі, што ўзнікаюць пасля ўсяго пачутага і ўбачанага.
Урокі крытыкі
Для таго, каб цалкам асвятліць падзеі “Лістапада”, сёння ўжо не дастаткова традыцыйнай формы акрэдытацыі — “адзін карэспандэнт, адзін фатограф ад выдання”, якая практыкуецца на фестывалі. Пабачыць стужкі асноўнага конкурсу, завітаць на “Лістападзік”, пазнаёміцца з праграмай дакументальнага кіно, тэленавінкамі, патрапіць на прэс-канферэнцыі, “круглы стол”, вечары памяці… — ахапіць увесь спектр фестывальных падзей цяпер пад сілу толькі “спецыяльнаму атраду кінападраздзялення”, як жартавалі журналісты, або самым апантаным “кінаманам”.
 /i/content/pi/cult/185/2024/Raskadrouka1.jpg
Кадр з фільма “Пасажырка”.
Прынамсі, фестываль мабілізуе і выхоўвае кінапрэсу, якая мае магчымасць на “Лістападзе” паспрабаваць свае сілы і атрымаць урокі прафесіі. Да прыкладу, сёлета прэс-канферэнцыі з гасцямі, ці, як кажуць, “зорныя гадзіны”, вёў кінааналітык Ігар Сукманаў, мадэратарам “круглага стала” па праблемах беларускага тэлебачання, вядучай прэс-прэзентацыі айчынных кінанавінак была кіназнаўца Вольга Мядзведзева, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ Людміла Саянкова ўзначальвала журы кінапрэсы...
Усе гэтыя, быццам бы нябачныя, штрыхі, якія, магчыма, для кагосьці і не маюць асаблівага сэнсу, гавораць пра ўзровень і статус кінафоруму, калі ў яго камандзе — як уласна арганізацыйнай, так і журналісцкай — працуюць зусім невыпадковыя, а шчыра адданыя кіно і пяру людзі.
“Прызнаюся, часам даводзілася хвалявацца, колькі журналістаў прыйдзе на прэс-канферэнцыю, — пажартаваў пад час фэсту Ігар Сукманаў, — і мяне нават наведвала думка, што журы кінапрэсы патрэбна распусціць,каб журналісты мелі час прыйсці на сустрэчы з дзеячамі кіно”. Гэтыя словы, якія ўскосна абмалёўваюць стан айчыннай кінакрытыкі, усё ж не перакрэсліваюць сказанае раней: беларуская кінапрэса ёсць, ды яе зусім няшмат. Спадзяёмся, кола гэтай прэс-эліты з кожным “лістападаўскім” годам будзе пашырацца.
Урокі геаграфіі
Але рушым далей і адзначым яшчэ адну важную рысу ў абліччы мінскага фестывалю. Гаворка ідзе пра ўрачыстае адкрыццё, якое распачынае ход “лістападаўскіх” падзей і дорыць першае адчуванне свята.
Дырэктар Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Максім Буданаў напярэдадні “Лістапада” неаднойчы звяртаў увагу журналістаў на змены, якія мусяць адбыцца ў праграме адкрыцця форуму. І меў рацыю. Цырымонія, што праходзіла ў Палацы Рэспублікі, у рэжысуры Вітаўтаса Грыгалюнаса, атрымалася яскравай, лаканічнай і… больш еўрапейскай.
ХV, юбілейны, “Лістапад”, як засведчыла і першая яго ўрачыстасць, і сам ход фэсту, фарміруе сваю ідэнтычнасць “фестывалю паміж Усходам і Захадам”, не забываючыся на айчынную кінаспадчыну і годна ўваходзячы ў сусветную прастору. А значыць, абраны курс фестывалю — ганарыцца сваёй культурнай і гістарычнай адметнасцю — мае сэнс і будучыню.
Урокі кіно
Згаданы накірунак фестывалю — “паміж Усходам і Захадам” — як ніколі раней пацвердзіла праграма конкурсу ігравога кіно. Беларусь, Расія, Украіна, Арменія, Польшча, Эстонія, Латвія, Чэхія, Германія, ЗША, Велікабрытанія, Японія, Ізраіль, Нарвегія, Мексіка… Усе кінематаграфісты як адзін адзначалі, што падобным узроўнем якасці стужак можа пахваліцца далёка не кожны кінафорум. “Таму і судзіць “лістападаўскую” кінапраграму — справа вельмі адказная, але і надзвычай прыемная”, — зазначыла старшыня міжнароднага журы кінематаграфістаў Святлана Дружыніна. “Наогул, пафас кіно, прадстаўленага на “Лістападзе”, накіраваны на адлюстраванне “рухаў” чалавека ў грамадстве”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам “К” член журы і выканаўчы дырэктар Нацыянальнага кінацэнтра Балгарыі Аляксандр Грозеў. — Гэта карціны, якія хоць і даследуюць чалавека ў сітуацыях больш-менш вызначаных сучаснасцю, інтымныя па сваім характары”, — адзначыў гісторык кіно.

 /i/content/pi/cult/185/2024/Raskadrouka2.jpg
 Кадр з фільма “На спіне ў чорнага ката”.
Не войны і не палітычныя рухі паўставалі ў кінастужках рэжысёраў Еўропы, Амерыкі, Азіі, а — “маленькі чалавек” з яго страхамі, радасцямі, пакутамі і марамі. Ашаламляльным творам кінамастацтва быў названы на фестывалі фільм мексіканскага рэжысёра Карласа Рейгадаса “Маўклівае святло”. Містычная драма, што распавядае пра любоўны трохкутнік, дзякуючы вельмі асаблівай, наватарскай кінамове — з доўгімі ўважлівымі планамі, камерай, якая нібыта пільна ўглядаецца ў свет, — сталася гісторыяй аб прысутнасці Бога на зямлі, аб Любові, якае жыве ва ўсім, з якой ствараецца матэрыя і якую часам толькі цуд дазваляе ўбачыць.
Другі значны твор кінафоруму — нарвежская драма “О’Хортэн” — таксама ставіць у цэнтр увагі не паспяховага бізнесмена, выбітную асобу ці “зорку”, а звычайнага вадзіцеля цягніка, які выйшаў на пенсію і сутыкнуўся “твар у твар” з уласнай адзінотай. І зноў, дзякуючы вельмі лаканічнай, дасціпнай і, між тым, сакавіта-празрыстай кінавыразнасці гэтая гісторыя ператвараецца ў драму кожнага чалавека.
Гісторыя нараджэння любові да ўласнага дзіцяці — “Іншы ўва мне” Эмілі Атэф, прага сучаснай жанчыны да кахання — “Масква, Бельгія” Крыстафа Ван Рампая, пошук свайго месца ў грамадстве, гісторыі краю — “Запаведнік” Лукаша Палкоўскага, вернасць традыцыям — “Светлая прахалода” Эрнеста Абдыжапарава, перамога чалавечых стасункаў над культурнымі бар’ерамі, межамі, мінулым, сучасным — “Візіт аркестра” Эрана Колірына… Вырашэннем вось такіх, амаль рытарычных, а, між іншым, яшчэ біблейскіх канфліктаў, заняты кінасвет.
 /i/content/pi/cult/185/2024/Raskadrouka3.jpg
Ці не падобныя пытанні задае і сучаснае беларускае кіно? І — знаходзіцца ў пошуку ўдалай формы кінавыказвання, якая здолела б раскрыць на незвычайным узроўні гэтыя галоўныя тэмы быцця чалавека.
“Фестываль заўжды адкрывае штосьці новае, ён шукае гэтае новае, тое, чаго раней ніхто не бачыў, — кажа Аляксандр Грозеў. — А глядач заўжды ідзе на сваіх любімых акцёраў. Ён любіць жанравае кіно — асабліва камедыі. І беларуская стужка “На спіне ў чорнага ката” — гэта добры прыклад таго, як трэба “заманьваць” публіку ў кінатэатры. Гэта глядацкае кіно!
Урокі жыцця
“Наколькі, увогуле, жыццяздольнай вам падаецца мадэль фестывалю, калі ў яго праграме — стужкі, што ўжо былі адзначаны на міжнародных кінафорумах?” — пытаюся ў прафесара і члена журы. “Гэта мае свой сэнс, — мяркуе Аляксандр Грозеў. — І, дарэчы, падобныя фестывалі ладзяцца не толькі на Беларусі, але і ў іншых краінах Еўропы. Камерцыйны пракат звычайна ігнаруе многія з фестывальных мастацкіх стужак, арт-кіно. Камерцыйны экран запаўняецца за кошт мейнстрыму, і публіка практычна пазбаўлена магчымасці сустракацца з кіно іншага кшталту. Паколькі фестывалі “класа А” за апошнія некалькі гадоў сцвердзіліся як месца паказу інавацыйных карцін, што шукаюць новае ў кінамове, стылістыцы кіно, то “Лістапад” — гэта своеасаблівая школа для гледачоў. А гэта, безумоўна, — добра!”
Хочацца дадаць, што, мабыць, кожны чарговы фестываль — школа не толькі для публікі, але і для беларускіх кінематаграфістаў, фундатараў, арганізатараў, сцэнарыстаў, журналістаў. Для кожнага з нас, кожны “Лістапад”.
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ

Віншуем!
Спецыяльны прыз Прэзідэнта РБ “За гуманізм і духоўнасць у кіно”— “У жніўні 41-га” Аляксандр Франскевіч-Лайе (Беларусь-Расія).
Прызы глядацкага журы Гран-пры —”золата” “Лістапада” — “Пасажырка” Станіслава Гаварухіна (Расія); “срэбра” “Лістапада” — “Мары аб Каліфорніі” Крысціяна Немеску (Румынія); “бронза” “Лістапада” — “На спіне ў чорнага ката” Івана Паўлава (Беларусь).
Прызы журы кінематаграфістаў
Прыз “За лепшую рэжысуру” — “Маўклівае святло” Карласа Рэйгадаса (Мексіка — Францыя — Нідэрланды — Германія).
Прыз “За лепшую мужчынскую ролю” — Разван Васілеску, “Мары аб Каліфорніі” (Румынія).
Прыз “За лепшую жаночую ролю” — Барбара Сараф’ян, “Масква, Бельгія”, Крыстафа Ван Рампая (Бельгія).
Прыз “Лепшаму акцёру другога плана” — Тронд Віга Торгесен, “О’Хортэн”, Бэнта Хамера (Нарвегія — Германія — Францыя).
Прыз “Лепшай актрысе другога плана” — Улляна Лапцева, “Кружоўнік”, Арво Іхо (Расія — Эстонія).
Спецыяльны дыплом “За лепшы дэбют” імя народнага артыста Рэспублікі Беларусь, кінарэжысёра Віктара Турава — фільм “Запаведнік” Лукаша Палкоўскага (Польшча).
Прыз “За аператарскую працу” імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кінааператара, кінарэжысёра Юрыя Марухіна — Радаслаў Владзіч, “Belle Epoque, або Апошні вальс у Сараева” Нікола Стаяновіча (Сербія).

Прызы журы конкурсу тэлевізійнага мастацкага кіно
Гран-пры конкурсу — “У добры шлях” Аляксандра Баршака (Расія —Украіна).
Прыз за лепшую мужчынскую ролю ў конкурсе — Расціслаў Янкоўскі, “У жніўні 41-га” Аляксандра Франскевіча-Лайе (Беларусь — Расія).
Прыз за лепшую жаночую ролю ў конкурсе — Марыя Возба, “Рыфмуецца з каханнем” Аляксандра Яфрэмава (Беларусь).

Прызы журы конкурсу неігравога кіно

Прыз “За лепшы дакументальны фільм”— “Спіс Кісялёва” Юрыя Малюгіна (Расія).
Прыз “За лепшую рэжысуру” — “Свет Лотмана” Агне Нелка (Эстонія).
Прыз “За вернасць традыцыям” — ”Толя” Радзівона Бродскага (Ізраіль).

Прыз журы кінапрэсы
“Фільм як з’ява кінамастацтва” — “О’Хортэн” Бэнта Хамера (Нарвегія — Германія — Францыя).