Дзяліцца... сцэнай з высокім напалам

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Балгарскія акцёры — нярэдкія госці на беларускіх міжнародных тэатральных фестывалях. Вось і сёлета на Міжнародным тэатральным форуме “М.@rt.кантакт” у Магілёве айчынныя аматары сцэны змаглі пазнаёміцца з Драматычным тэатрам імя Рачо Стаянава з Габрава. Удзельнік шэрагу прэстыжных міжнародных тэатральных фестываляў не толькі Балгарыі, але і Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Румыніі, Швейцарыі, Албаніі, на Беларусь гэты калектыў прывёз адзін са сваіх найноўшых спектакляў — “У чатыры вухі” паводле п’есы Петэра Шэфера ў пастаноўцы Надзі Асенавай.

Зрэшты, з Драматычным тэатрам імя Рачо Стаянава ў айчынных тэатралаў даўнія сувязі, якія не абмяжоўваюцца адно толькі фестывальнымі стасункамі. У прыватнасці, яшчэ ў мінулым стагоддзі Лідзія Манакова, якая сёння з’яўляецца загадчыкам кафедры акцёрскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, паставіла ў Габрава “Самазабойцу” Эрдмана.
— Я атрымала запрашэнне на пастаноўку ў тэатр імя Стаянава, — распавядае Лідзія Аляксееўна, — пасля таго, як тагачаснае яго кіраўніцтва паглядзела майго гомельскага “Самазабойцу” з Юрыем Фейгіным у галоўнай ролі. Але ж, натуральна, габраўская пастаноўка не была звыклым пераносам спектакля і вельмі адрознівалася ад гомельскай. У першую чаргу — больш высокім напалам фінальнай трагічнай ноткі, на якую выходзіў балгарскі Падсякальнікаў. І гісторыя балючай нявартасці людскога жыцця, таго, як часам чалавек успрымаецца ўсяго толькі “разменнай манетай” інтарэсаў і памкненняў іншага чалавека, гучала насамрэч драматычна. Да гэтага часу з цеплынёй успамінаю тую атмасферу творчага супрацоўніцтва і ўзаемнай зацікаўленасці, у якой я літаральна купалася на працягу месяца работы ў гэтым тэатры.
Мне вельмі імпануе тая шчырасць, з якой балгарскія акцёры працавалі разам са мной над гэтым спектаклем, які зведаў прызнанне не толькі габраўскіх гледачоў, але і ўзяў узнагароды на некаторых еўрапейскіх тэатральных фестывалях. Але мне як рэжысёру і педагогу хацелася б часцей “дзяліцца сцэнай” і сустракацца з балгарскімі акцёрамі не толькі пад час фестывальных святаў, але і ў працы, бо гэта, пераканана, узаемна ўзбагачае творчае супрацоўніцтва.
Таццяна КОМАНАВА