Палескі выставачны праект: Гомель — Кобрын

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Партнёрскія адносіны паміж музейнымі ўстановамі — з’ява не рэдкая. Але часта яны абмяжоўваюцца толькі пратаколамі аб супрацоўніцтве. Прыклад правядзення сумесных праектаў, выязных экспазіцый дэманструюць Гомельскі абласны музей ваеннай славы і Кобрынскі ваенна-гістарычны музей. Іх збліжае адна накіраванасць дзейнасці — ваенная гісторыя. У гэтых музеях дбайна захоўваецца матэрыяльны летапіс ваенных падзей мінулага. Значная ўвага надаецца і Вялікай Айчыннай вайне, шырока прадстаўленай асобнымі раздзеламі ў экспазіцыях. Менавіта гэтыя кропкі судакранання інтарэсаў вызначылі ідэю: абмяняцца выстаўкамі.

“У баях...” разам з “велічным героем”
Каб параўнаць атрыбутыку цяперашняй арміі з войскамі, да прыкладу, пачатку ХХ стагоддзя, варта паглядзець на плакаты тых часоў. Падобнай магчымасцю могуць скарыстацца наведвальнікі Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, дзе праходзіць выстаўка “У баях і паходах”. У экспазіцыі прадстаўлены унікальныя плакаты Крымскай, Руска-турэцкай, Руска-японскай і Першай сусветнай войнаў з фондаў Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.Cуворава, а таксама зброя, узнагароды, кнігі таго часу.
Ваенны плакат як мастацкі твор мае даўнюю гісторыю і традыцыі, але ў асобны жанр выяўленчага мастацтва вылучыўся да 70 — 80 гг. XIX стагоддзя. Яркі малюнак на буйным лісце паперы з кароткім тлумачальным тэкстам, выкарыстоўваўся ў агітацыйных, інфармацыйных і рэкламных мэтах. Мастацтва плаката было даступна шырокім масам, зразумелае кожнаму.
 /i/content/pi/cult/185/2022/Paleski prajekt.jpg
На кожным плакаце з гомельскай экспазіцыі зроблены надпіс: “Дазволена цэнзурай”. Асноўнай мэтай ваеннага плаката ва ўсе часы было — узняць баявы дух войска.
На жаль, не на ўсіх плакатах, якія выдаваліся ў тыя ваенныя гады, маюцца аўтографы аўтараў. Аднак некаторыя работы не безыменныя. Так, напрыклад, цікавыя сюжэты ў плакатах “Бітва” Кулакова, “Паражэнне Мухтара-Пашы пад Эрзерумам” Шчаглова, “Нашы героі-казакі” Быштова ды іншыя. І хоць падзеі войн праходзілі не на нашай тэрыторыі, да іх маюць непасрэдныя адносіны і беларусы, у тым ліку гамяльчане.
Вялікую цікавасць для наведвальнікаў уяўляюць і плакаты перыяду Руска-турэцкай вайны: “Здыманне вартавога”, “Узяцце турэцкай крэпасці Хітры”, “Газі Асман-Паша”, “Штурм Карса”. На выстаўцы прадстаўлены таксама плакаты, прысвечаныя Першай сусветнай вайне, яны аддрукаваны не толькі ў Маскве і Пецярбургу, але і ў Кіеве, Адэсе, Казані, Рызе.
Cтваральнікі экспазіцыі не забыліся адлюстраваць гераічны лёс Івана Паскевіча, імя якога больш за два стагоддзі таму было вядома амаль ва ўсёй Еўропе і Азіі і наводзіла жах на ворагаў Расійскай імперыі. У “Вандраванні ў Арзрум” сведка яго ратных подзвігаў Аляксандр Пушкін назваў Паскевіча “велічным героем”.
Мастацтва і войны паміж Сожам і Бугам
У межах сумеснага праекта ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава адбылася доўгачаканая падзея: адкрылася выстаўка карцін “Паміж Сожам і Бугам”. На выстаўцы дэманструецца больш за 30 твораў мастакоў Гомельшчыны і Брэстчыны на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя прысвечана 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Адкрыццё выстаўкі не выпадкова адбылося ў лістападзе гэтага года: менавіта восенню 1943 года Гомельшчына пагнала фашыстаў, а 26 лістапада быў вызвалены і сам абласны цэнтр.
Таму ў назве выстаўкі і гучаць назвы рэк, якія цякуць на ўсходняй і заходняй межах нашай краіны. Восем доўгіх месяцаў аддзялялі дзень вызвалення Гомеля ад дня вызвалення Кобрына і Брэста.
Вялікую Айчынную вайну бачылі немногія з сучасных мастакоў. Тым каштоўней выстаўка: яна знаёміць з работамі творцаў — сведкаў ваенных падзей, і з работамі тых, хто ведае пра вайну па апавяданнях старэйшага пакалення. Творы мастакоў-франтавікоў і былых партызан І.Рудчыка, В.Шыкіна, М.Аўчыннікава і І.Фяцісава захоўваюцца ў калекцыі Кобрынскага музея, і на выстаўцы адлюстроўваюць тэму пачатку вайны і партызанскага руху. Гомельскія аўтары В.Ягораў, І.Сямека, П.Лук’яненка, С.Дзьяканаў, С.Наздрын-Плотніцкая раскрываюць тэму партызанскіх будняў, вызвалення Гомельшчыны, прадстаўляюць галерэю выдатных партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай. Усе палотны напісаны ў розны час — з 1948 па 2006 год, кожнае з іх — маленькі аповед пра вайну. Цяжкае ўражанне ад убачанага і перажытага ў час вайны адлюстравалася назаўжды, а расказанае пра яе абудзіла цікавасць да падзей той далёкай пары.
Алена БАБЕНКА,
дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага
музея імя А.В. Суворава