“Бег” скрозь уласныя “час-прастору”

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Яркай каметай уварваўся гэты мастак у другой палове ХХ стагоддзя ў беларускі жывапіс. З кім яго паставіць побач? З кім параўнаць? Няма з кім. Так і стаіць ён асобна: не падобны ні на кога, самабытны, сціплы, незалежны ад чужых меркаванняў, палка адданы сваім ідэалам, якія вызнаваў усё жыццё.

 /i/content/pi/cult/185/2019/Beg1.jpg
 І.Басаў. “Бег”.
Гаворка ідзе пра Ізраіля Басава, унікальная выстаўка твораў якога пад назвай “Вяртанне ў горад” зараз экспануецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Усё раўнапраўна перад абліччам Памяці, але не таму, што яна капрызлівая і невыбіральная, а таму, што стварае свае ўласныя “час-прастору”, не гістарычны, не сацыяльны час, але — быційны. Час таму і бессмяротны, што існуе дзякуючы паўтаральнасці ўраўнаваных у правах адвечных матываў і сюжэтаў, зачынаў і развязак, прыліваў і адліваў, дзякуючы сваёй цякучай працяглай несупыннасці.
Гэты кругабег часу, які настолькі па-майстэрску перадаў Ізраіль Басаў, адважна змяніў прывычнае рэчышча рэтражывапісу сацыялістычнага рэалізму і напомніў мне, гледачу, пра незвычайную моц названага віду мастацтва, здольнага ўрэчаісніць бясплотнае, матэрыялізаваць эфемернае, уваскрасіць страчанае.
Лёс быў трагічна нялітасцівы да Басава. Пры жыцці ён не паспеў зрабіць ніводнай сваёй персанальнай выстаўкі па прычыне атмасферы абсалютнага неразумення як з боку афіцыйных структур, так і з боку нашага мастацтвазнаўства. Нават у шасцітомнай “Гісторыі беларускага мастацтва” не згадана ягонае імя!
Я не люблю прылічваць мастакоў да якога-небудзь “-ізму”, як гэта заўсёды робяць мастацкія крытыкі, бо па-сапраўднаму творчасць вялікага майстра, як правіла, не ўкладваецца ў межы пэўнага кірунку. Басаў ніколі не лічыў сябе, так бы мовіць, “авангардыстам”, “вынаходнікам новай стылістыкі”, чалавекам “андэграунда”.
Ён быў вышэй усіх “-ізмаў” — быў індывідуальнасцю.
Памятаю, як радаваўся Басаў, калі роўна 40 гадоў таму ў адным з артыкулаў у “ЛіМе” я прысвяціў ягонай бліскучай карціне “Успаміны” невялікі фрагмент... І хто б мог падумаць, што ў такога, падавалася, вельмі неабароненага чалавека, якім быў Басаў, знойдуцца сілы для сапраўды мужнага змагання супраць негатыўна-дзіўнага стаўлення некаторых людзей!
Амаль штодня раніцай ён падымаўся да сябе ў майстэрню і станавіўся да мальберта. Я тады — у 60-я гады — часта заходзіў да Басава і гадзінамі разглядаў ягоныя, непадобныя ні на чыі, творы. А, бывала, і назіраў чароўны працэс работы над такімі палотнамі, як “Акно”, “Рытм горада”, “Спатканне”, “Размова”. І “Аўтапартрэт” ён пісаў таксама на маіх вачах. У асноўным карціны былі прысвечаны Мінску ды яго адзінокім жыхарам, якія бачыліся Ізраілю Басаву нібыта праз прызму сумнай мелодыі.

 /i/content/pi/cult/185/2019/Beg2.jpg
І.Басаў. “Спатканне”.
А карціны “Успаміны”, “Гарадская ўскраіна”, “Вуліца Чырвонаармейская” падаліся мне шэдэўрамі. Яны і зараз — шэдэўры беларускага, а можа — і еўрапейскага жывапісу, поўныя глыбокага філасофскага роздуму пра хуткаплыннасць часу...
Аднак у кулуарах і тады пра Басава казалі шмат добрага, лічачы яго сапраўды таленавітым і своеасаблівым мастаком. Гэта меркаванне, у тым ліку, і яго аднакурснікаў па мастацкім вучылішчы: Леаніда Шчамялёва, Мая Данцыга, Міхаіла Чэпіка, а таксама Аляксандра Кішчанкі, Уладзіміра Стальмашонка. Але калі справа даходзіла да выстаўкі, суддзі (гэта значыць, члены выставачных камітэтаў) глядзелі на Басава, мякка кажучы, насцярожана, і, зазвычай, ягоныя творы рэдка траплялі ў экспазіцыі. А потым і сам мастак пакінуў прыносіць на выстаўкі новыя карціны. Працаваў “для сябе”, укладаючы ў палатно свой сум, свае няпростыя развагі, перажыванні. Ён гутарыў з палатном, як з жывой істотай, справядліва мяркуючы, што гэта ягоны адзіны сябар, якому можа давяраць.
Выстаўка жывапісу Ізраіля Басава — з’ява выключная. Выставачная плошча музея аказалася заваяванай выразнасцю надзвычай рознахарактарных колеравых варыяцый. Такая энергетыка колеру, здольнага цалкам падпарадкаваць сваёй уладзе экспазіцыйную тэрыторыю, падуладная толькі вялікаму майстру. Але дэкаратыўныя якасці твораў, якімі б высокімі і дасканалымі яны ні былі, з’яўляюцца толькі мовай паэтычнага свету мастака.
Вельмі шмат важнага здолеў сказаць Басаў на гэтай мове. Прычым ад лірычнага, суб’ектыўнага ўспрыняцця жывапісу, як гэта бачна па пейзажах-эцюдах канца 50-х — пачатку 60-х гадоў, ён узнімаецца да шырыні абагульненняў, манументальнасці, нават да эпасу. Я думаў раней, што ён — “сумны лірык” паводле прызвання, лірык-сузіральнік, лірык філасофска-экзістэнцыяльнага складу, аўтар колеравых споведзей, дзе пануе тонка выказанае асабістае пачуццё. Але потым зразумеў, што майстар зусім не абмяжоўваўся стыхійным перажываннем, а ішоў ад яго да шырока ўзятага метафізічнага адлюстравання жыцця нашай дзіўна неўраўнаважанай планеты. Чамусьці многія гавораць, што ён быў “ізгоем”, цураўся людзей, мала каго пускаў у сваю майстэрню. Не зусім праўда. Ён заўсёды, у любы час, сустракаў, як дарагіх гасцей, усіх калег-мастакоў, якія хацелі пабачыць яго новыя творы. І заўсёды цікавіўся ўсім, што робіцца ў галіне мастацтва.
 /i/content/pi/cult/185/2019/Beg3.jpg
  І.Басаў. “Гарадская ўскраіна”.
Ён любіў Руо і Рэмбранта, Шагала і Ван Гога, Фалька і Пікаса, Маціса і Сезана, Рублёва і Феафана Грэка, Шчамялёва і Малішэўскага, і класічную музыку — ад Грыга, Баха да Шастаковіча, таксама — Шнітке... Аднак асновы мастакоўскага ладу палотнаў Басава вызначаліся не традыцыямі, не ўплывамі, а перш за ўсё — характарам уласнага светаадчування.
У ягоным мастацтве адсутнічае ўсялякая, так бы мовіць, апавядальнасць. Асацыятыўныя паралелі маюць нібыта музычны характар. Абапіраючыся на свае пачуцці, мастак ідзе да жывапісна-пластычных канцэпцый, выкарыстоўвае рэчавыя матывы для стварэння вобраза. Самі падобныя матывы маюць толькі дапаможны характар — як словы пры выказванні думкі. Безумоўна, гэтыя “словы”-дэталі лёгка пазнаюцца ў творах Басава, выява “чытаецца” выразна.
Але мастак не арыентуецца на жыццёвыя прататыпы. Інакш кажучы, у творах жывапісца не столькі колер натуры, колькі — колер трывожнага вобраза. Спалучэнне лірыкі і драматычнай эпічнасці ўключае ў сябе яшчэ адну рысу басаўскага пластычнага свету, што цудоўна паказала музейная экспазіцыя.
На большасці карцін адлюстравана штосьці трывалае, пастаяннае, устойлівае — свайго кшталту ўлонне жыцця. Але тут жа бачна несупыннае цячэнне штодзённасці, адчуваецца пастаянны канфлікт чалавека і горада, чалавека і сусвету, чалавека і часу, чалавека і прыроды. Мне здаецца, што карціна “Бег”, якую мастак пісаў амаль два гады,— кульмінацыя гэтага канфлікту:чалавек, які вечна бяжыць, не здольны вырвацца з замкнёнага кола жыцця... І наступныя карціны “У дарозе”, “Вялікі горад”, “Трывожная размова”, “Дзяўчына ў чырвоным”, “Тройца” — пра немагчымасць знайсці сваю дарогу, свой фініш: вечны шлях, які не мае канца. Хіба ж усё заканчваецца разам са спыненнем сэрца? Але гэта ўжо за мяжой чалавечай, мастакоўскай свядомасці...
Барыс КРЭПАК