“Самі ствараюць моду...”

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Аляксандр ГРОЗЕЎ пагадзіўся ўвайсці ў склад сёлетняга міжнароднага журы фестывалю “Лістапад” невыпадкова. “Мяне неаднойчы запрашалі на беларускі кінафорум, але праз нястачу вольнага часу ніяк не атрымлівалася прыехаць. Але, нарэшце, усё супала — і я патрапіў на ваш цікавы фестываль”, — прызнаецца Грозеў. Карэспадэнт “К” распытаў прафесара, гісторыка кіно пра фестывальныя ўражанні, асаблівы шлях балгарскага кіно і перспектывы беларуска-балгарскага кінасупрацоўніцтва.

 /i/content/pi/cult/185/2018/Sami stvarajuc.jpg
 Кадр з фільма “Дзіфт”.
— “Лістапад” пакідае вельмі прыемныя ўражаннні. Фільмы, якія паказваюцца на фестывалі, маюць адзнаку якасці, абагульнены высакароднай тэмай гуманізму,— усё гэта складваецца ў сапраўды станоўчую карціну. Тое, што ўбачыў сёлета, мяне вельмі парадавала: было паказана мноства стужак высокага мастацкага ўзроўню, якія ўжо адзначаны на іншых еўрапейскіх і міжнародных фестывалях. У параўнанні з іншымі кінафорумамі ўзровень “Лістапада” сапраўды высокі, і мне ў гэтым кантэксце тым больш прыемна ўзгадаць, што ў свой час балгарскія карціны заваявалі прызы мінскага кінафестывалю, абышоўшы моцных канкурэнтаў.
— Ды і сёлета балгарская карціна “Дзіфт” Явора Гырдзева стала своеасаблівым адкрыццём новага балгарскага кіно. Гэтая стужка, вытрыманая ў неардынарным стылі, была аб’ектам дыскусій журы кінапрэсы. Не сумняваюся, што абмяркоўвала стужку і журы кінематаграфістаў…
— Так, але да гэтага можна дадаць, што стужка стала сенсацыяй у нацыянальным кіно Балгарыі. Яна атрымала Гран-пры і масу іншых прызоў на Нацыянальным кінафестывалі, пабіла ўсе рэкорды наведвання нацыянальных фільмаў, за месяц сабраўшы ў кінатэатрах Балгарыі 35 тысяч гледачоў. Да гэтага наша нацыянальнае кіно збірала не болей за 2 — 3 тысячы наведвальнікаў у месяц.
Наша публіка ўжо прызвычаліся да таго, што балгарскае кіно — збольшага побытавыя драмы на фоне палітычных падзей, а тут — стылізаваная стужка, якая не ставіць за мэту рабіць унушэнні, не імкнецца крочыць за модай, а сама стварае моду. Мяркую, яе стыль абавязкова будзе пераймацца.
— У чым сакрэт адраджэння балгарскай кінематаграфіі? Прынамсі, штогод на “Лістападзе” дэманструюццаўсе новыя фільмы вашых творцаў.
— У 2004 годзе ў нас з’явіўся Закон аб кінематаграфіі, які абумовіў новы этап у гісторыі нацыянальнага кіно. Згодна з палажэннямі Закону, дзяржава штогод абавязана выдаткоўваць сродкі на вытворчасць пяці мастацкіх карцін. Дарэчы, у наступным годзе запланавана нават павелічэнне фінансавання — да сямі стужак.
Аднак, нягледзячы на тое, што сродкі на кінавытворчасць выдаткоўваюцца з бюджэту, Закон дакладна прапісвае пераход на прадзюсерскі прынцып працы. Гэта значыць, што за якасць карціны адказвае менавіта прадзюсер. Ён знаходзіць сцэнарыста, ідзе з выбраным сцэнарыем на конкурс, атрымлівае грошы ад дзяржавы, падпісвае дамову, а далей сам кіруе кінапрацэсам. На яго плечы кладзецца і прасоўванне гатовай стужкі ў пракат.
Паколькі амаль усе кіназалы ў нас прыватныя, гэта зрабіць цяжка. Але ў Законе прадугледжана і гэта: асобны пункт абавязвае прыватнікаў аддаваць пад нацыянальныя 15 працэнтаў ад усяго рэпертуару ў кінатэатрах. І за апошні год сапраўды бачна, што Закон працуе добра: гледачы пасля вялікага перапынку пачалі вяртацца ў кінатэатры і глядзець сваё кіно. Добры дзесятак балгарскіх прадзюсераў набылі вопыт, пачалі ўсведамляць сваю адказнасць — як маральную, так і матэрыяльную. А маладыя рэжысёры атрымалі магчымасць здымаць карціны.
— Адным з перспектыўных шляхоў развіцця сучаснай кінематаграфіі з’яўляецца сумесная кінавытворчасць, кааперацыя з іншымі краінамі. Наколькі цікавым вам падаецца ў гэтых адносінах супрацоўніцтва з Беларуссю?
— Я бачу ў гэтым супрацоўніцтве вялікія перспектывы. Справа ў тым, што ў нашым Законе аб кінематаграфіі дакладна прапісана: 20 працэнтаў ад тых грошай, якія дзяржава выдаткоўвае на вытворчасць фільмаў, адведзены, так бы мовіць, на “кааппрадукцыю”. Мы робім сумесныя стужкі з рознымі краінамі (і не толькі ў якасці асноўнага прадзюсера, але і ў якасці мінарытарнага): гэта Расія, Турцыя, Кіпр, Грэцыя, Македонія, усе краіны былой Югаславіі, Румынія, Венгрыя, Германія, Галандыя, Францыя… Мы адкрыты для любых прапаноў. Але, каб рэалізаваць супрацоўніцтва з Беларуссю, нам неабходна заключыць адпаведныя дамовы аб кааппрадукцыі, аб узаемным супрацоўніцтве.
Прынамсі, у 2005 годзе Балгарыя падпісала падобнае пагадненне з Расіяй, і сёння на ніве кінамастацтва ажыццёўлена каля пяці сумесных балгарска-рускіх і руска-балгарскіх праектаў. Спадзяюся, што такія ж крокі насустрач адна адной зробяць Балгарыя і Беларусь. І створаная сумеснымі сіламі карціна здолее абысці канкурэнтаў як на “Лістападзе”, так і на іншых міжнародных кінафорумах.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ