Разумеем без слоў

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Учора на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі валадарыў сусветна вядомы балгарскі дырыжор Барыслаў ІВАНОЎ. Разам з салістамі, хорам і аркестрам Беларускай оперы ён прадставіў публіцы “Залатыя старонкі сусветнай оперы”. Мы звярнуліся да госця напярэдадні канцэрта, адразу ж па прыездзе яго ў Мінск.

 /i/content/pi/cult/185/2017/Razumejem.jpg
— У Мінску я ўпершыню. Але шмат дырыжыраваў у іншых тэатрах былога Савецкага Саюза: у Вялікім тэатры ў Маскве, у Санкт-Пецярбургу, Кішынёве, Адэсе. Дый на гастролях у Швейцарыі, Іспаніі шмат працаваў з некаторымі вашымі салістамі — Таццянай Траццяк, Уладзімірам Пятровым. Гэта выдатныя спевакі з цудоўнымі галасамі, адметнымі артыстычнымі здольнасцямі і, галоўнае, вялікім жаданнем працаваць, дарыць сваё мастацтва слухачам. Добра ведаю я таксама вашы аркестр і хор, шмат чуў пра іх нязменна захопленыя ўражанні ад калег за мяжой. І шчаслівы, што зараз сустрэўся з імі непасрэдна за дырыжорскім пультам. Вядома, пасля ўсяго гэтага мне вельмі хацелася пазнаёміцца з астатнімі вашымі артыстамі. І не толькі з тымі, што бяруць удзел у канцэрце, бо адзін канцэрт, зразумела, не можа змясціць усіх шыкоўных салістаў, якіх у вас багата. Таму, акрамя рэпетыцый, у тэатры адбыліся праслухоўванні, пад час якіх я змог пазнаёміцца практычна з усёй трупай. Тым больш, што зараз я ўзначальваю антрэпрэнёрскае агенцтва “Інтэрканцэрт”, і жадаў бы працаваць таксама з вашымі салістамі. Яны вартыя таго, каб пра іх майстэрства даведаўся ўвесь свет!
— Вы праводзіце оперныя фестывалі, дырыжыруеце па ўсім свеце, асабліва часта — у Германіі. Ці адчуваеце вы розніцу ў выкананні класічных опер прадстаўнікамі розных нацыянальных культур?
— Музыканты ўсяго свету — гэта адна сям’я. Але ж члены адной сям’і не могуць быць абсалютна падобныя адзін на аднаго. Нават блізняты — і тыя маюць кожны свой характар. Так і ў музыцы, дзе вельмі запатрабавана індывідуальнасць, і найперш — нацыянальная. Мова музыкі — гэта мова міру, мы разумеем адзін аднаго без слоў. І чым больш мы будзем размаўляць на гэтай мове, тым больш у свеце будзе міру, шчасця, радасці.

Надзея БУНЦЭВІЧ