Балгарская тэма пачалася... з рапсодыі

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Ці звярталіся беларускія музыканты да балгарскай тэматыкі? Як высветлілася, у адной толькі Ганны КАЗЛОВАЙ такіх твораў некалькі:

 /i/content/pi/cult/185/2016/Troparj.jpg
— У 1980-я гады я была членам маладзёжнага Клуба беларуска-балгарскай дружбы, які існаваў пры камітэце Ленінскага камсамола. У 1986 годзе да мяне патрапіў зборнік Любаміра Леўчава — на балгарскай і рускай мовах. Сярод іншых твораў там была паэма “Рэкі Балгарыі” — надзвычай эмацыйная, драматычная, насычаная гістарычнымі паралелямі, высокім напалам думак і пачуццяў. Я напісала паводле яе “Балгарскую рапсодыю”, і атрымалася ледзь не гэткая рок-опера, разлічаная на мужчынскую вакальную групу. Даводзілася выконваць яе самой, пад уласны акампанемент на раялі, і балгары, якія прысутнічалі на тым канцэрце, выйшлі на сцэну, сталі на калені і пачалі цалаваць мне рукі. Мне было неяк няёмка, мы ж не прызвычаены да падобнага ўшанавання творцаў, а яны сказалі: “У нас ніколі яшчэ такой музыкі пра Балгарыю не пісалі”.
Потым я аддала гэтыя ноты Уладзіміру Мулявіну. Прызнацца, ужо пры напісанні твора адразу арыентавалася менавіта на “песняроўскі” склад, і наш знакаміты ансамбль збіраўся выконваць маю “рок-оперную рапсодыю” на фестывалі ў Балгарыі. Але пачалася перабудова, і на былыя планы давялося забыцца.
А тым часам мая цікавасць да балгарскай культуры набывала новыя абрысы. Я пераклала з балгарскай мовы на рускую “Оду ХХІ стагоддзю” Кірыла Барысава, напісала на яе музыку, сама зрабіла аранжыроўку. Твор неаднойчы выконваўся, у тым ліку на конкурсах, набыў шырокі міжнародны розгалас, бо гучаў на гастролях нашых харавых калектываў у Англіі, Маскве, нарэшце, быў выдадзены. Нядаўна ж у мяне з’явіўся яшчэ адзін твор, які мае дачыненне да багатай балгарскай культуры і быў выкананы Нацыянальнай акадэмічнай капэлай Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы, — Трапар святым роўнаапостальным Кірылу і Мяфодзію — настаўнікам славенскім. Ён заняў пачэснае месца побач з трапарамі святой Еўфрасінні Полацкай, віленскім мучанікам ды іншымі маімі духоўнымі песняспевамі.