Грыгар ГРЫГАРАЎ: "Мне не хапала афонскіх нотак"

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

У Балгарыі дзейнічае рэспубліканская праграма па выкладанні нацыянальнай мовы за мяжой. Перыядычна Міністэрства адукацыі краіны праводзіць конкурс, прапануючы прэтэндэнтам месцы педагогаў ва універсітэтах па ўсім свеце. Сёлета пасаду выкладчыка балгарскай мовы на кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства БДУ выйграў кандыдат філалагічных навук, выкладчык Паўднёва-заходняга універсітэта, што ў Благоеўградзе Грыгар ГРЫГАРАЎ.

 /i/content/pi/cult/185/2015/Grygar.jpg
— Грыгар, чаму вы вырашылі падаваць дакументы менавіта на Мінск?
— Асабіста для мяне было вельмі важна, што ў Беларусі існуе добрая навуковая школа. Над тэмамі, што закранаюць беларускую культуру, працуюць рэдкія спецыялісты, таму я вырашыў абавязкова выправіцца ў Мінск, каб напісаць работу, якая раскрые для майго народа вашу нацыянальную культуру. Паколькі ў Балгарыі я працую на кафедры культуралогіі і спецыялізуюся на часах Сярэднявечча, то мяркую вывучаць менавіта мінулае вашай краіны, яе фальклор.
— Ці супала пабачанае ў Мінску з вашымі папярэднімі ўяўленнямі аб нашай сталіцы?
— Шчыра кажучы, напярэдадні прыезду я вышукаў у Інтэрнеце фотаздымкі горада. Але наяве ўражанне аказалася куды мацнейшае! Мінск — горад з цудоўнай архітэктурай. Тут няма ўласцівых сусветным мегаполісам бясконцых пробак, сталіца багатая на чароўныя паркі, прыгожыя цэрквы, добразычлівых жыхароў. Кожны дзень я пешкі вяртаюся дадому і не стамляюся захапляцца Нямігай, Траецкім прадмесцем і іншымі гарадскімі пейзажамі. Асаблівыя пачуцці выклікала Нацыянальная бібліятэка Беларусі: так вольна пад час работы я сябе не адчуваў ні ў адной установе. Трэба шчыра прызнаць, што ў Балгарыі няма такой шыкоўнай бібліятэкі.
За два месяцы я адчуў неверагоднае віраванне культурнага жыцця. Уражвае колькасць рэспубліканскіх і міжнародных падзей, накшталт Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” ці Беларускага міжнароднага фестывалю тэатраў лялек. Сапраўды, Мінск — культурная сталіца рэспублікі.
— Вы выкладаеце беларускім студэнтам балгарскую мову. Чаму яе называюць адначасова класічнай і экзатычнай?
— З адказу на гэтае пытанне я люблю распачынаць свае заняткі. Балгарская мова — нашчадак таго кораня, ад чаго вядзецца славянскае пісьменства. Справа ў тым, што Кірыла і Мяфодзій запісвалі тую мову, якую яны ведалі, — гэта была балгарская. Балазе ва ўсім свеце яе называюць стараславянскай, і толькі мы — старабалгарскай. Экзатычнасць жа заключаецца ў тым, што па паходжанні яна — славянская, па структуры — албанская. Яна аналітычная, без склонавай сістэмы, крыху нагадвае італьянскую, грэчаскую, румынскую. Але з задавальненнем адзначу, што гэтая акалічнасць не перашкаджае беларусам добра яе засвойваць. На другім курсе ў мяне ўжо ёсць студэнты, якія вольна размаўляюць па-балгарску.
— Ці пабачылі вы за мінулыя два месяцы ў Мінску штрыхі падабенства і адрознення дзвюх краін?
— Вялікую розніцу двух славянскіх народаў я пабачыў толькі ў мелодыцы, рытме мовы. Паколькі балгары адносяцца і да балканскай культуры, то на многім ляжыць пячатка грэчаскага, турэцкага фанетычнага строя. Таму ў беларускіх цэрквах мне напачатку не хапала афонскіх нотак у спевах.
У астатнім у нас шмат агульнага: славянства, праваслаўе, кірыліца… Ды і фальклор беларускі і балгарскі з’яўляецца агульнаславянскім. Возьмем каляндар народных святаў, такія этнаграфічныя рэчы, як уладкаванне жылля, рамяство, — у іх мы знойдзем даволі шмат падобных рыс.
І яшчэ ў беларусаў я прыкмеціў тое, што вельмі нагадвае мне балгарскае мысленне. Беларусь і Балгарыя — дзве невялікія краіны, таму ў нашых народаў няма ганарлівага стаўлення да сябе, а з гэтага вынікаюць паважлівыя, раўнапраўныя, добрасуседскія адносіны да грамадзян іншых дзяржаў. У беларусаў і балгар годнае мінулае. Мне імпануе, што нашы народы імкнуцца сцвердзіць свае дасягненні ва ўсіх сферах дзейнасці.
Наcтaccя ПАНКРАТАВА