У кантэксце слова

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Гісторыя Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі непарыўна звязана з гісторыяй рэгіёна. У 1928 годзе на пасяджэнні Прэзідыума Гомельскага акружнога выканаўчага камітэта было прынята рашэнне аб мэтазгоднасці адкрыцця ў горадзе аддзялення Беларускай дзяржаўнай бібліятэкі. У 1934-ым у яе былі перададзены кнігі з асабістага збору князя Паскевіча.

 /i/content/pi/cult/188/2014/U kanteksce.jpg
Праз чатыры гады ў сувязі з утварэннем Гомельскай вобласці рэспубліканскае аддзяленне было пераўтворана ў абласную бібліятэку. Функцыі яе пашырыліся: яна стала метадычным цэнтрам для сельскіх, гарадскіх і раённых устаноў культуры. Адкрыўся міжбібліятэчны абанемент. У перадваенныя гады фонды кнігасховішча налічвалі 30 тысяч асобнікаў.
У полымі Вялікай Айчыннай загінула ўсё бібліятэчнае абсталяванне. Асабліва пацярпелі кнігі. Толькі невялічкую, але самую каштоўную частку фонду — калекцыю князя Паскевіча — у жніўні 1941-га ўдалося эвакуіраваць у Пензенскую вобласць.
Адразу пасля вайны пачалося адраджэнне бібліятэкі. Паколькі будынак быў зруйнаваны, пад установу прыстасавалі два пакоі сярэдняй школы № 10. Кніжны фонд складаў 500 выданняў, а колькасць чытачоў не перавышала 155 чалавек. Але ўжо ў 1947-ым кніжны фонд перавысіў 100 тысяч адзінак захоўвання (дарэчы, на сёння ў ім — больш за мільён выданняў). Супрацоўнікі наладжваюць актыўную асветную работу сярод чытачоў і жыхароў абласнога цэнтра, выступаюць з прамовамі і лекцыямі не толькі ў бібліятэцы, але на прадпрыемствах і ва ўстановах горада.
У 1961 годзе бібліятэка пераязджае ў новы будынак на плошчу Перамогі. Пашыраецца структура ўстановы, арганізоўваюцца пастаянныя выстаўкі кніг, інфармацыйных матэрыялаў, ладзяцца чытацкія канферэнцыі, дыспуты, літаратурныя і музычныя вечары, арганізоўваюцца экскурсіі. У 1998-ым аблвыканкам прымае рашэнне аб узвядзенні прыбудовы да бібліятэкі, а ў новым корпусе, які адкрыўся ў 2001 годзе, размясціліся спецыялізаваныя чытальныя залы, інтэрнет-цэнтр, актавая зала, хол для кніжных выставак і мастацкіх экспазіцый, цэнтр прававой інфармацыі. А ў лютым 2008-га тут быў адкрыты музей рэдкай кнігі. У яго аснове — тры калекцыі: зборы Паскевіча, мініяцюрныя выданні і рэдкіякнігі з бібліятэчнага фонду.
На сёння абласная бібліятэка, якая святкуе 80-годдзе, — метадычны цэнтр для 723 публічных бібліятэк Гомельшчыны. За духоўна-маральнае выхаванне чытачоў установа ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Валянціна ДУБРОВА,
дырэктар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі
На здымку: дружны калектыў бібліятэкараў.