“Стагоддзе на далоні” танцавальнага Інтэрнета

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Калі cінонімам Беларускага балета даўно ўжо стала імя народнага артыста СССР, прафесара Валянціна Елізар’ева, дык сінонімам айчыннага сучаснага танца — contemporary dance — трэба лічыць, без сумневу, IFMC — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Невыпадкова першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Рылатка назваў яго “найбольш вытанчаным фестывалем”, “жамчужынай культуры”.


 /i/content/pi/cult/188/2013/Stagoddze1.jpg
 Санкт-Пецярбургскі тэатр танца “Прыгонны балет” Алены Пракоп’евай.
Такім інтэлектуальна-канцэптуальным, нават у чымсьці — элітарным, фестываль стаў не адразу. Ён узнік у 1987 г. як Маладзёжны форум брэйк-данса, пазней трансфармаваўся ва Усесаюзны фестываль папулярнага танца “Белы сабака”. На шчасце, авангардна-эксперыментальны “генатып” Віцебска пачатку XX ст. аказаўся мацнейшы за “папсовыя” павевы часу. І з 1992 г. мы ведаем IFMC у яго цяперашнім фармаце. Гэтаму спрыяе, безумоўна, і тое, што цягам ужо 16-ці гадоў старшынёй журы конкурсу з’яўляецца В.Елізар’еў — прыхільнік і стваральнік высокапрафесійнай, сэнсава-змястоўнай харэаграфіі.
Два розныя погляды на сучасную харэаграфію прадэманстравалі калектывы гасцей віцебскага форуму.
Расіяне (екацярынбургскі “Эксцэнтрык-балет” Сяргея Смірнова і Пермскі дзяржаўны тэатр “Балет Яўгена Панфілава”, Санкт-Пецярбургскі тэатр танца “Прыгонны балет” Алены Пракоп’евай) асэнсоўвалі танец паславянску грунтоўна — як мастацтва “глыбіні”, філасофскіх роздумаў, дзе ў цэнтры — чалавек ва ўсёй складанай шматграннасці сваёй унутранай экзістэнцыі. Што ж да замежнікаў, то тут пераважалі постмадэрнісцкая “паверхня”, стылістычная “гульня ў мастацтва”, інтанацыі абсурду ды іранічнага “сцёбу”. Калі ў трупе Эрыка Гацье (“Gauthier Dance”) са Штутгарта гэта лічанае было ўвасоблена таленавіта, лексічна вынаходліва і прафесійна бездакорна, то шведскі праект “Loco Motion” у пастаноўцы Гунілы Хейборн адпавядаў, хутчэй, крытэрыям аматарства.
Нечакана “зорным” для беларусаў стаў сёлета міжнародны конкурс у межах фестывалю. Большасць нашых калектываў сталі пераможцамі — прытым, што раней, здаралася, ніводны нават у фінал не праходзіў. Значыць, былыя “вучні” перараслі ў майстроў, лепшыя з якіх могуць годна канкурыраваць у міжнароднай прасторы.

 /i/content/pi/cult/188/2013/Stagoddze2.jpg
 Група сучаснай харэаграфіі “ТАД”.
Метамарфозамі творчага стылю, відавочным пашырэннем уласнага мастацкага гарызонту ўразіў кіраўнік гродзенскага “ТАДа” Дзмітрый Куракулаў, які ад вобразна-канцэптуальнай дакладнасці ранейшых работ “мадуляваў” у жанр пластычнай абстракцыі. Дзіўныя візуальна-цялесныя канструкцыі ў кампазіцыі “Прага небяспекі” (Другая прэмія ў намінацыі “Харэаграфічная мініяцюра”), падобныя на ўзоры аб’ёмнай камп’ютэрнайграфікі, набывалі няўлоўна адчувальнае энергетычнае вымярэнне. Трыумф жа Дзмітрыя Залескага з мінскага Тэатра сучаснай харэаграфіі “D.O.Z.SK.I.” (Першая прэмія за аднаактовы балет “Сталасць”) можна лічыць таксама перамогай Віцебска, радзімы Дзмітрыя, а галоўнае — кафедры харэаграфіі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, дзе ён атрымаў добрую школу. Мініяцюра “Стагоддзе на далоні” Тэатра-студыі сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанка з Віцебска (Другая прэмія) запомнілася “жывой музыкай”: ансамбль “Рэзананс” поруч з танцоўшчыкамі змяшчаўся на сцэне.
Разам з дасягненнямі ХХІ IFMC выявіў і шэраг праблем, галоўная з якіх — крызіс аўтарскага пачатку. Амаль усе ўдзельнікі дэманстравалі агульны ўзровень далучанасці да “сусветнага танцавальнага Інтэрнета”, валоданне базавымі праграмамі і тэхналогіямі, але зрэдку ў каго засвоены данс-стандарт атрымліваў індывідуальна-эксклюзіўную інтэрпрэтацыю. Невыпадкова галоўная ўзнагарода віцебскага форуму — прэмія імя Я.Панфілава, якая традыцыйна прысуджаецца лепшаму харэографу, сёлета справядліва была аддадзена... “пастаноўшчыку” самога IFMC — стваральніку, нязменнаму арганізатару, мастацкаму кіраўніку і, калі хочаце, “душы” фестывалю Марыне Раманоўскай.
Святлана УЛАНОЎСКАЯ
Фота Івана АСТАШОНКА