Паказаць сябе ў класіцы

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Можна з упэўненасцю сцвярджаць: Беразіно за апошняе дзесяцігоддзе ператварылася ў сапраўды тэатральны горад. Вось ужо шосты раз у райцэнтры прайшоў абласны фестываль народных тэатраў “Бярэзінская рампа”. Раз у два гады патрапіць на гэты форум стала запаветнай марай для аматараў Мельпамены з Міншчыны.

 /i/content/pi/cult/188/2011/Pakazac1.jpg
Плённае супрацоўніцтва Упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і Бярэзінскага райвыканкама ўзняло на новую планку многія аспекты фестывалю. Прыкладам, сёлета ўпершыню прымалі ўдзел у форуме замежныя госці — Інтэрнацыянальны музычна-драматычны тэатр-студыя “Лабіаў” аддзела культуры і гістарычнай спадчыны горада Палеска Калінінградскай вобласці.
— Калісьці існаваў цудоўны фестываль “Рампа дружбы”, у якім удзельнічалі аматарскія калектывы з Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі. На жаль, ён знік з фестывальнай карты свету, аднак добрую традыцыю збіраць прыхільнікаў Мельпамены пад адным дахам аднавілі на Бярэзіншчыне, — зазначыў начальнік Упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатоль АКУШЭВІЧ. — Я ўдзячны старшыні Бярэзінскага райвыканкама Уладзіміру Карпінчыку і яго камандзе за тое, што яны ладзяць гэты цуд.
Як зазначыла галоўны рэжысёр МАЦНТ Валянціна Лыскавец, адным з галоўных дасягненняў “Бярэзінскай рампы” стала ўдасканаленне крытэрыяў ацэнкі конкурсных спектакляў. У выніку быў выпрацаваны комплексны падыход да аналізу пастаноўкі, рэжысёрскай работы і выканальніцкага майстэрства акцёраў. А гэта ўжо сведчыць аб новым якасным узроўні конкурснай праграмы.
— Калі напачатку мы крыху напружана збіралі пяцёрку ўдзельнікаў, дык сёння некаторыя калектывы нават крыўдуюць, што не змаглі патрапіць з адборачнага этапа ў Беразіно, — расказаў начальнік аддзела культуры Бярэзінскага райвыканкама Канстанцін ЕРМАКОЎ. — Удзел у фестывалі стаў для абласных тэатралаў-аматараў знакам прэстыжу. Дарэчы, нашы пераможцы неўзабаве дабіваюцца прызнання і на рэспубліканскім узроўні. Напрыклад, колішні дыпламант — драматычны тэатр “Відарыс” Палаца культуры імя Максіма Горкага з Барысава стаў Заслужаным калектывамРэспублікі Беларусь.
Дзейнасць па развіцці аматарскага тэатральнага руху вядзецца і ў міжфестывальны час. Аддзел народнай творчасці МАЦНТ перыядычна ладзіць пасяджэнні творчых лабараторый з удзелам спецыялістаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. Галоўны рэжысёр МАЦНТ Валянціна Лыскавец асабліва ўдзячная мэтрам беларускага прафесійнага тэатра Аляксею Ляляўскаму, Валерыю Раеўскаму, якія заўсёды адгукаюцца на просьбы правесці для рэжысёраў-аматараў майстар-класы, запрашаюць апошніх у свае тэатры на спектаклі і рэпетыцыі. Ды і ў час фестывалю работа творчай лабараторыі кіраўнікоў народных тэатраў — справа традыцыйная.
Падобная вучоба паспрыяла таму, што сёлетняя афіша “Бярэзінскай рампы” напоўнена пастаноўкамі паводле класічных твораў Аляксандра Астроўскага, Жан-Батыста Мальера, а таксама — па п’есах сучасных драматургаў Алены Паповай, Андрэя
 /i/content/pi/cult/188/2011/Pakazac2.jpg
Шчуцкага.
— Паказаць сябе ў класіцы — вялікая школа для аматара, — зазначыла старшыня журы, народная артыстка Беларусі, знакамітая актрыса Купалаўскага тэатра Марыя ЗАХАРЭВІЧ. — Прыемна, што з кожным годам з’яўляецца ўсё больш акцёрскіх работ, якім могуць пазайздросціць у прафесійным тэатры, шмат таксама і цікавых рэжысёрскіх рашэнняў. Асабліва паважна, калі ўдзельнікі народных тэатраў прыходзяць на рэпетыцыі пасля рабочага дня.
Трохдзённае творчае спаборніцтва тэатралаў Міншчыны скончылася ўрачыстым падвядзеннем вынікаў.
Сярод дыпламантаў — гаспадар форуму, народны тэатр Бярэзінскага РДК. Калектыў узнагароджаны за лепшае мастацкае ўвасабленне твора і высокае выканальніцкае майстэрства, выяўленае ў спектаклі Мікалая Пытляка “Жаніцьба Бялугіна”.
Дыплом атрымаў і студэнцкі тэатр Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Кіраўнік калектыву Мікалай Бялян адзначаны за лепшую рэжысёрскую работу (спектакль “Вар’ятка”).
За лепшае ўвасабленне твора сучаснага аўтара адзначылі спектакль Святланы Мытнік “Патрэбен муж для паэтэсы” па п’есе Алены Паповай народнага маладзёжнага тэатра “Штурх” палаца культуры “БелАЗ” з Жодзіна.Расійскія госці з Палескі павезлі дадому два дыпломы: за лепшую пластычную рэжысуру і за ўдалы творчы эксперымент. Персанальныя дыпломы за адданасць тэатральнаму мастацтву і шматгадовую творчую працу атрымалі акцёры драматычнага тэатра “Відарыс” Юрый Панамароў, Людміла Малахоўская-Будзіліна і актрыса народнага тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага РЦКіА Эма Булат.
Настасся ПАНКРАТАВА,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Беразіно — Мінск
Фота аўтара
На здымках: рэжысёры калектываў-удзельнікаў
запальваюць Агонь тэатра; сцэна са спектакля
“Жаніцьба Бялугіна” народнага тэатра Бярэзінскага РДК.