“Каб захацелася жыць у сваім доме...”

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Уладальніцай бронзавага медаля ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” ў старэйшай групе на V Маладзёжных Дэльфійскіх гульнях дзяржаў-удзельніц СНД стала Ганна КОНАНАВА. Я назіраю за яе творчым шляхам даўно. За плячыма ў Ганны Рэспубліканскі каледж мастацтваў, лаўрэацтва на V і VI рэспубліканскіх мастацкіх конкурсах сярод навучэнцаў. У 2004 яна стала стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ганна — пераможца выстаўкі-конкурсу візуальных мастацтваў студэнтаў мастацкіх спецыяльнасцей “Арт-сесія-2007”. І вось новая прыступка поспеху — бронза Дэльфійскіх гульняў...

 /i/content/pi/cult/188/2010/Kab sachacelasya.jpg
 Г.Конанава. “Магілёўскія рарытэты”.
— Ганна, вы дачка скульптара Уладзіміра і жывапісца Галіны Конанавых. Зараз займаецеся на чацвёртым курсе аддзялення жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Што паўплывала на выбар ВНУ? Прафесіі бацькоў?
— Мастацтва, мяркую, не прафесія — гэта жыццё. Майстэрства, прафесіяналізм — сродкі, неабходныя для гэтага жыцця, узровень якіх увесь час неабходна ўдасканальваць. І калі ты шчаслівы ў сваёй справе, атрымліваеш асалоду, то пытанне выбару не стаіць, тым больш — роздум аб тым, ці запатрабаваны жывапіс сёння.
— Што даюць вам творчыя спаборніцтвы, і ці наогул магчыма перамагчы ў іх?
— Творчыя спаборніцтвы — насамрэч унікальная з’ява. У іх можна ацаніць не столькі майстэрства ці патэнцыял, колькі ўменне сканцэнтравацца, забыцца на ўсё і быць самім сабой, нягледзячы на “спартыўныя абставіны”, тым больш, што для мастака нязвыкла быць “на сцэне”, у адрозненне ад спевака ці танцора. Галоўнае выпрабаванне — гэта жыццё. Таму мае перамогі — умоўныя, знешнія падарункі жыцця з адценнем поспеху. Сапраўдная ж — перамога над самім сабой.
— Летась у складзе беларускай студэнцкай дэлегацыі вы наведалі Расійскую акадэмію мастацтваў, дзе праводзіўся майстар-клас Зураба Цэрэтэлі. Якія ўражанні ад паездкі і ад сустрэчы з майстрам?
— У Зураба Цэрэтэлі, на мой погляд, варта павучыцца маладосці і актыўнасці нават юным мастакам.
— Ці ёсць у вас творчае крэда?
— Пакуль я толькі эксперыментую, шукаю сябе і мову выражэння, менавіта таму не страшна і памыляцца. А крэда — гэта мае ж погляды. Аднойчы, калія пісала эцюд у мінскім дворыку, дах старога дома быў заліты сонцам і блішчэў, як палац. Тамтэйшы жыхар, пабачыўшы эцюд, усклікнуў: “Ой, ажно жыць у сваім доме захацелася...” Вось і крэда: хачу ствараць дзеля таго, каб камусьці “раптам захацелася жыць...”.
Альбіна ДЗЕРЫГЛАЗАВА
Магілёў