Кампазітары ў саюзе

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

17 снежня ўрачыстым пасяджэннем Беларускі саюз кампазітараў адзначыў сваё 75-годдзе. Першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка ўручыў членам творчай суполкі ганаровыя знакі, граматы, аб’явіў падзякі.

На адрас Саюза кампазітараў гучала шмат віншаванняў ад арганізацый і творчых асоб. Але ж ці магчыма перадаць усё, што зроблена, словамі? Невыпадкова юбілейныя канцэрты, спектаклі з музыкай нашых творцаў доўжацца ўжо больш за месяц і працягнуцца яшчэ ледзь не да канца года, пры гэтым зусім не прэтэндуючы на ўсеахопнасць. Прычым практычна ўсе музычныя калектывы і салісты падрыхтавалі да юбілею творчага саюза новыя праграмы.
А ў тым, што гэтае святкаванне дзень у дзень супала з юбілеем беларускага кіно, ёсць свая сімволіка. Бо пра кожнага з кампазітараў можна цэлыя серыялы здымаць! Дый сярод прэм’ер, прымеркаваных да юбілею творчага саюза, была і сімфонія Сяргея Янковіча “Амаркорд”, напісаная паводле “музычных перыпетый” знакамітай стужкі Феліні. Чым не падарунак усім “беларусьфільмаўцам” у дзень іх прафесійнага свята?