Дэкаратыўны постмадэрн

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Беларускі саюз мастакоў у мінулым месяцы папоўніўся 38 новымі членамі. Новыя сябры арганізацыі прадставілі свае работы ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва”. Жывапіс, графіка, скульптура, кераміка, тэкстыль, дызайн інтэр’ера — выстаўка атрымалася рознабаковай і дала магчымасць адметна дэбютаваць вялікай колькасці творцаў.

 /i/content/pi/cult/188/2007/Dekor.jpg

Стартаваць паспяхова, запомніцца, пабачыць запісы ў кнізе водгукаў — хто з маладых не марыць пра гэта? Але, уявіўшы сябе на месцы дэбютантаў, што мяркуюць, якім чынам лепш за ўсё заявіць аб сабе, адчула: усе яны маюць розныя мэты і прывабліваюць непадобнымі спосабамі.
Праўдзіва-жорсткая, жудасная ўпэўненасць у разбуральнай сучаснасці і будучыні адчуваецца ў А.Некрашэвіча. У параўнанні з трыма яго манументальнымі работамі творы ўсіх астатніх мастакоў падаюцца ў нечым безабароннымі. “Фотаробат” — чалавек са шклянымі вачыма і чорным жалезным механізмам у мозгу — гэта забойца заўтрашняга дня. А дзяўчаты, што любяць апранацца ў яркія ружовыя футры, на самой справе хаваюць пад імі... добра ўзброеных павукоў-крывапійцаў.
Творы мастака шакіруюць, прыцягваюць і адштурхоўваюць адначасова. Быццам апаніруюць яму прасякнутыя цяплом, верай “фотарэалістычныя” работы А.Дубініна. Тры стыхіі— агонь, вада ды зямля — ствараюцца і падтрымліваюцца добрымі, стомленымі далонямі. Чыімі? Ты патанаеш у гэтых руках, залежыш ад іх, ці сам з’яўляешся іх гаспадаром? Мастак запрашае да абдумвання.
Дэкаратыўны постмадэрнізм у палотнах Н.Жыгамонт ненавязліва прапаноўвае замілавацца... музыкай, што льецца з кожнага пластычнага штрыха. Букет мяккіх цёплых фарбаў ператвараецца ў набор мітуслівых думак жанчыны.Абстрактнае мастацтва прадставілі эксперыментатары з колерам — А.Рыбчынскі і з формай — Д.Буралкін. В.Гуназа выпісаў простую, непрыглядную апору лініі электраперадач як ганарыстую Эйфелеву вежу.
Па-дзіцячы звонкая работа А.Хацкевіча “Міжземнаморскі кот” здаецца творам чалавека не з той планеты, па якой павольна і пахмурна крочыць А.Іваноў, выдаючы грамадству істот-маргіналаў, ад якіх смярдзіць.
Скульптары, нібы згаварыўшыся, звярнуліся да малых форм.
Прыемная гарманічная пластычнасць, свой погляд на рэалізм і гумар бачныя ў работах К.Зантарыя, А.Ткачова, А.Суркова. Вяртанне да міфаў, знакаў Задыяка, сімвалічных у многіх народаў істот паказвае жаданне адысці ад рэалізму, звычайнасці і нейкае імкненне да касмапалітызму, бо выяў звяроў з беларускіх лясоў на выстаўцы няма.
Графічныя лісты прымушаюць пераасэнсоўваць сябе ў свеце і свет навокал. “Нараджэнне свету” Ю.Мацура — гэта з’яўленне чалавека з Хаосу, станаўленне яго асобы ў цяжкіх умовах. А.Зінкевіч паказвае свае мары і думкі, А.Сафронава — “Міфалогію пачуццяў”. Шмат індывідуальнага, прыдуманага, нерэальнага — і сапраўды мастацкага.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ
На здымку: фрагмент экспазіцыі ў Палацы мастацтва.