Асацыяцыі на старой лесвіцы

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Сямейныя дынастыі мастакоў — справа ў апошні час даволі распаўсюджаная. Але ці заўсёды талент перадаецца ў спадчыну? Адказ на гэтае пытанне шукалі наведвальнікі Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава пад час выстаўкі, якая так і называецца — “Спадчына”.

 /i/content/pi/cult/188/2005/Asacyjacyi1.jpg
 А.Папоў. “Дары Бурджака”
У дзвюхзальнай экспазіцыі — творы прадстаўнікоў трох пакаленняў сямейнай дынастыі Паповых. Старэйшы з сям’і — Аляксандр Іванавіч — нарадзіўся ў 1906 годзе. У свой час скончыў Акадэмію мастацтваў у Бухарэсце і вярнуўся ў Бесарабію (цяпер — Адэская вобласць), дзе жыла сям’я.
Але талент гэтага цудоўнага мастака ніколі не быў правінцыйным.Працаваў Папоў у Ізмаільскім абласным кааператыўным Таварыстве мастакоў. Быў і галоўным мастаком мясцовага тэатра, займаўся роспісам і рэстаўрацыяй ікон праваслаўных храмаў. Але перш за ўсё ён — жывапісец.
Паціна часу не перашкаджае бачыць першаснасць прачулых фарбаў яго шматлікіх нацюрмортаў, жанравых і партрэтных карцін. Гэтак, падаецца, нібы зусім нядаўна напісаны нацюрморт “Дары Буджака”: поўны іскрыстага святла вінаград, які пругкімі гронкамі звісае з кошыка і нават спаўзае на стол, поўны сакавітай чырвані кавун побач з экзатычнай бутэлькай віна. Яблыкі, слівы, вінаграднае лісце— усё аб’яднана жыццярадасным каларытам. Цікава, што карціны і пейзажы 30-х гадоў таксама ніколькі не страцілі сваёй першаснай фарбавай чысціні.
Сын Аляксандра Іванавіча Дзмітрый у свой час скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і стаў знакамітым скульптарам. Многія яго творы знайшлі “прапіску” на роднай Гомельшчыне: помнікі фельдмаршалу І.Ф. Паскевічу і Ірыне
 /i/content/pi/cult/188/2005/Asacyjacyi2.jpg

 Д.Папоў. Помнік княгінe
Ірыне Паскевіч

Паскевіч — у Гомелі, князю Ф.І. Паскевічу — у Добрушы, І.Мележу — у Глінішчах Хойніцкага, А.Макаёнку — у Журавічах Рагачоўскага, І.Шамякіну — у в. Карма Добрушскага раёнаў, народнаму мастаку СССР Я.Я. Маісеенку — у Буда-Кашалёве. Ім створаны і мемарыял, прысвечаны памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці.
Светлагорцы маюць магчымасць пабачыць у экспазіцыі некаторыя творы майстра: гэта “Боль Чарнобыля” — партрэт жанчыны сталага веку, якая здаецца сімвалам нашага агульнага гора, “Барацьба” — спартыўныя гульні вершнікаў, “Двое” — лірычныя партрэты закаханых...
Іван, сын Дзмітрыя Папова,— жывапісец. Ён можа быць і пранікнёным рэалістам (“Старая лесвіца”), але часцей за ўсё натхнёна ілюструе свае асацыяцыі ад прачытанага, пачутага, ад падзей, аддаленых і блізкіх па часе. Гэта сюррэалізм, які нібыта не хоча быць сюррэалізмам. Амаль заўсёды асацыятыўныя маляўнічыя фантазіі маюць не толькі канкрэтны, але і філасофскі падтэкст: духоўныя па каларыце кампазіцыі “Чайка”, “Малітва Хуга дэ Пэйна”, “Марсіянскія хронікі Рэя Брэдберы”, “Рэінкарнацыя для адзінокага Вадалея”, “Той, хто стаіць на прыступках лесвіцы, што вядзе ў нябёсы”...
Увогуле, выстаўка пацвердзіла, што кожны з яе ўдзельнікаў не толькі сапраўды атрымаў талент у спадчыну, але і здолеў надаць яму асабістыя адметнасці.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ
Светлагорск