Партытура Новага года

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Апошнія снежаньскія дні для беларускіх дзяцей не першы год праходзяць у прадчуванні таго чароўнага свята, якое падорыць непаўторная галоўная ёлка краіны ў Палацы Рэспублікі. Шыкоўна ўбраная лясная прыгажуня, вясёлае прадстаўленне і, вядома ж, Дзед Мароз са Снягуркай сустрэнуць некалькі тысяч дзяцей, што атрымалі запрашэнне наведаць маляўнічае музычнае відовішча.

І, як заўсёды, дзятва з радасцю чакае чакае ў дзень адкрыцця навагодніх святочных мерапрыемстваў сустрэчы з Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.
26 снежня запрашэнні на мерапрыемства атрымалі дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, выхаванцы апякунскіх і прыёмных сямей. Паглядзець казачнае прадстаўленне змогуць таксама і пераможцы рэгіянальных, рэспубліканскіх, міжнародных алімпіяд.
Сёлета навагодняе свята чакаюць вялікія змены. Як зазначаюць арганізатары, гэта звязана з тым, што з некалькіх заявак, дасланых на папярэдні конкурс, быў выбраны сцэнарый, прапанаваны народным артыстам Беларусі, мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага ансамбля танца краіны Валянцінам Дудкевічам.
 /i/content/pi/cult/188/2001/Partytura.jpg

— На маю думку, у апошнія гады навагоднія ранішнікі пашлі па шляху масавых тэатралізаваных прадстаўленняў, з-за чаго згубілі адчуванне чараўніцтва, так неабходную дзецям казачнасць, — зазначыў Валянцін ДУДКЕВІЧ. — На першы план выйшлі папулярныя персанажы замежных мультфільмаў, пацясніўшы нашых традыцыйных герояў, якія неслі дзецям гуманістычныя ідэі. У якасці галоўнага рэжысёра я пастараўся вярнуць незаслужана забытыя вобразы на сцэну.
Валянцін Уладзіміравіч адзначыў таксама відавочнае змяншэнне на ёлках добрай музыкі, якую некаторыя рэжысёры падмяняюць хітамі з радыёэфіру. У Палацы Рэспублікі будзе гучаць класічная музыка, папулярныя песні з любімых рознымі пакаленнямі мультыплікацыйных і мастацкіх фільмаў. Цудоўная партытура своеасаблівага навагодняга мюзікла ўжо падрыхтавана музычным кіраўніком праекта Дзмітрыем Пянкратам.
У галоўных ролях выступяць “зоркі” дзіцячага “Еўрабачання” Ксенія Сітнік, Аляксей Жыгалковіч, Андрэй Кунец, таленавітая салістка Марыя Тышман. Спеўную каманду падтрымаюць узорны тэатр эстраднай песні “Хвілінка” ДК МАЗ, узорны ансамбль танца “Равеснік” Палаца культуры прафсаюзаў, дзіцячая студыя Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, а таксама дарослыя ўдзельнікі гэтага калектыву. У астатніх ролях выступяць артысты Беларускага балета. Усяго на сцэне будзе задзейнічана 120 чалавек.З 27 снежня па 6 студзеня пабачыць феерычнае шоу змогуць усе ахвотныя, якія загадзя набылі квіткі. Аднак некаторых дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, чакае добры падарунак: трэці раз Палац Рэспублікі праводзіць уласную дабрачынную акцыю, выдаткоўваючы бясплатныя білеты, колькасць якіх адпавядае лічбе наступаючага года. Цягам амаль двух тыдняў навагоднія прадстаўленні па гэтых запрашэннях змогуць наведаць 2009 маленькіх гледачоў з усёй краіны.

Настасся ПАНКРАТАВА
Фота з архіва “К”