Дзённікі знаўцаў сноў

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

“Чарадзейныя сны” — так называецца выстаўка работ Ганны Балаш і Аляксея Гаявога, якая 4 снежня адкрылася ў Гарадской галерэі твораў Л.Шчамялёва. Абодва яны — мастакі сцэны — свае чарадзейныя сны пра далёкія часы і фантастычныя краіны малююць на палатне ў вольны ад асноўнага занятку час.

 /i/content/pi/cult/187/1993/Dzenniki.jpg

А.Гаявой. “Галандскі нацюрморт (парафраза)”.

Аднак у сцэнічных праектах іх вычварны вобразны свет увасабляецца часцей. Ганна Балаш працуе як стыліст-пастаноўшчык, дэкаратар і дызайнер касцюма ў тэатры, кіно (адна з вядомых работ — “Пастка для зубра” рэжысёра Віктара Шавялевіча), канцэртных праграмах. Нават аўтарскія лялькі, дзякуючы якім Ганна вельмі папулярная, прадстаўляюць сабой маленькія монаспектаклі. Аляксей Гаявой — мастак па касцюме Дзяржаўнага ансамбля “Харошкі”.

На выстаўцы “Чарадзейныя сны” становіцца зразумелай атмасфера ўнутранага жыцця двух аўтараў, якая ўвасабляецца потым у тым ці іншым вобразе, рашэнні. Жывапіс — нешта накшталт іх інтымнага дзённіка. Таму выстаўляюць яны яго вельмі рэдка.

Блізкасць вобразнага ладу — рамантычнага, падчас з ухілам у містыку, — выяўляе, у той самы час, рознасць жывапісных манер і схільнасцей абаіх “знаўцаў сноў”.

Аляксей Гаявой, з яго больш жорсткім графічным стылем, малюе профілі асірыйскіх цароў і сілуэты Вавілонскай вежы з захапленнем майстра кватрачэнта.

Ганна Балаш растварае нашы пачуцці ў мігценні адценняў, якія нібы навеяны куртуазнымі сцэнкамі Вато і фантасмагорыямі Бекмана. Сярод шэрай мінскай зімы, у глухія снежаньскія ночы разумееш: які ж гэта цудоўны дар — бачыць чарадзейныя сны! Цяпер, дзякуючы экспазіцыі, на нейкі час абстрагавацца ад празаічнай рэальнасці можа і наш глядач.

Дарэчы, 5 снежня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася экспазіцыя аўтарскіх лялек Ганны Балаш разам з творамі фотамастака Данілы Парнюка. Выстаўка называецца “Вобразы і падабенствы”.


Таццяна БЕМБЕЛЬ,
дырэктар Гарадской мастацкай
галерэі твораў Л.Шчамялёва