Слуцкі пояс у інтэр’еры

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Новую экспазіцыю мяркуецца стварыць у 2009 годзе ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, што знаходзіцца ў Маладзечне — горадзе, які сёлета адзначыў сваё 620-годдзе, а першая згадка пра яго была зроблена ў справаводчых дакументах князя Дзмітрыя Альгердавіча 16 снежня 1388 года.

Як адзначыла намеснік дырэктара музея Наталля Паўлавец, у экспазіцыі плануецца пабудаваць схему дэманстрацыі прадметаў калекцыі на аснове іх унутранай узаемасувязі. У прыватнасці, прадметы шляхецкіх родаў, і ў тым ліку вопратка, будуць паказаны на фоне адпаведнага рэканструяванага мастакамі гістарычнага інтэр’ера, што не магчыма зрабіць без багатай нумізматычнай (манеты з 14 скарбаў) і археалагічнай калекцый музея. Апошняя складаецца з некалькіх тысяч прадметаў, знойдзеных, у тым ліку, і пад час раскопак на тэрыторыі Крупскага раёна.

Сярод унікальных прадметаў музейнага збору вылучаецца сярэбраная шыйная грыўня (IX — X стст .) і залатое скроневае кольца дрыгавічоў. Акрамя таго, у экспазіцыі будуць прадстаўлены вырабы са шкла, косткі ХІ — ХІІ стагоддзяў, старадаўняя манахромная і паліхромная кераміка. Нельга не паказаць гасцям музея і каштоўныя кнігі з друкарняў Кёльна, Нясвіжа, Вільні, Варшавы, выдадзеныя ў 1646 — 1789 гг., а таксама рукапісныя дакументы XVII стагоддзя на старабеларускай мове.

У экспазіцыі мяркуецца прадставіць таксама калекцыі прылад працы і сялянскага побыту, народны гарнітур і ткацтва, творы народных майстроў. А сярод некалькіх дзесяткаў тысяч каштоўных прадметаў, што сёння захоўваюцца ў фондах музея, вылучаецца слуцкі пояс ХVIII стагоддзя, які быў перададзены Дзяржаўным гістарычным музеем Масквы ў 1968 годзе і з’яўляецца сімвалам калекцыі.

К.А.