Тоўшча шкла з алмазнай агранкай

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

3 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка “Свет шкла”, якая прадстаўляе вырабы знакамітага прадпрыемства — шклозавода “Нёман” і прысвечана 125-годдзю з дня яго заснавання. У экспазіцыі паказана каля 300 шклавырабаў ХХ — пачатку ХХІ стст., а таксама твораў з фондаў музея і прыватных калекцый.

 /i/content/pi/cult/187/1989/Shklo.jpg
 С.Раудвеэ. “Вясна”.
Шырока і шматгранна прадстаўлены дэкаратыўна-пластычныя кампазіцыі — унікальныя аўтарскія творы, выкананыя мастакамі ў вытворчых умовах. Тут асабліва ясна вызначаюцца мастацкія пазіцыі аўтараў. Сур’ёзна і цікава мастакі працуюць у гладкім шкле, якое раней успрымалася як паўфабрыкат. Яны наноў адкрываюць выразныя мастацкія ўласцівасці дымчатага шкла. Новае жыццё атрымлівае тэхніка ручнога прасавання, якой так славілася гута “Нёман” у пачатку ХХ стагоддзя. Мастакі лабараторыі аднаўляюць забытую тэхніку дэкарыравання “кракле”, прапаноўваюць новую стылістыку алмазнай агранкі вырабаў з хрусталя, распрацоўваюць вобразную сістэму і тэхніку стварэння ў тоўшчы шкла выяўленчых матываў, прапаноўваюць і новую сістэму дэкору на аснове адбіткаў натуральных фактур. Творы прыцягваюць глыбінёй і змястоўнасцю вобразных рашэнняў, артыстызмам выканання і эмацыянальнасцю. У арбіту творчых пошукаў мастакоў далучаны гісторыя і сучаснасць, нацыянальныя традыцыі і фальклор, маральныя і інтэлектуальныя праблемы, свет асацыяцый, звязаных з прыродай.

“Гэта толькі малая частка таго, што за гэтыя гады стварылі беларускія майстры, — падкрэсліў на вернісажы генеральны дырэктар шклозавода “Нёман” Ігар Бацян. — Яны валодаюць сваім асаблівым уяўленнем і інтэрпрэтацыяй уласцівасцей шкла. Іх творы ўпрыгожвалі і ўпрыгожваюць многія выстаўкі і музеі свету. Нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць — сёння на прадпрыемстве выпускаюцца больш за чатыры тысячы найменняў вырабаў са шкла”.

Сярод аўтараў работ — вядомыя беларускія майстры Уладзімір Мурахвер, Людміла Мягкова, Аркадзь Анішчык, Уладзімір Жохаў, Анатоль Федаркоў, Сяргей Шэцік, Алена Ткачова, Вольга Падліпаліна, Таццяна Малышава, Вольга Сазыкіна. Мастакі і майстры завода сваімі творамі распавядаюць пра свет, прыроду, жыццё асаблівай мовай аднаго з найстаражытнейшых матэрыялаў — шкла, якое гарманічна злучае мару і фантазію таленавітых асоб.

Выстаўка прадоўжыцца да 10 студзеня 2009 года.

Ул. інф.