“Аўтапартрэт у масцы” і “...Атлантыда”

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

5 снежня ў выставачнай зале АГКЦ Упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама адбылося адкрыццё юбілейнай мастацкай выстаўкі, прысвечанай 60-годдзю абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, дзе 57 членаў творчай суполкі прадставілі больш за 100 твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і скульптуры.

 /i/content/pi/cult/187/1987/Autapartret1.jpg

На вернісажы выступае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар.

Юбілейную выстаўку ўрачыста распачаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар, адзначыўшы вялікія дасягненні мастакоў Брэстчыны за 60 гадоў. А гэта і ўдзел творцаў у стварэнні карціннай галерэі Напалеона Орды, і аднаўленне мастаком-эмальерам Мікалаем Кузьмічом хрысціянскай святыні Беларусі — Крыжа Еўфрасінні Полацкай, ракі для Крыжа, стаўратэкі для мошчаў Прападобнай, і з’яўленне помніка Афанасію Брэсцкаму, і шмат разнастайных мастацкіх выставак у краіне і за яе межамі. Канстанцін Андрэевіч уручыў ганаровыя граматы аблвыканкама мастаку Аляксандру Алонцаву і дырэктару УП “Мастацтва” Аляксандру Грышчуку, а віншавальны адрас — старшыні Брэсцкага аддзялення БСМ, заслужанаму дзеячу мастацтваў краіны Мікалаю Кузьмічу.

Ганаровыя граматы ад абласнога Савета дэпутатаў за асабісты ўклад у беларускае выяўленчае мастацтва і яго папулярызацыю атрымалі графік Леў Алімаў і жывапісец з Баранавічаў Уладзімір Рамейка. Мэр горада Аляксандр Палышанкоў адзначыў граматамі Леаніда Салаўёва, Аксану Гайдуковіч і Паўла Герасіменку.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч падзякаваў кіраўніцтву вобласці і горада за значную падтрымку мастакоў у іх прафесійнай творчасці.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старэйшына брэсцкай арганізацыі БСМ Пётр Данелія распавёў пра гісторыю яе стварэння ў тыя гады, калі пачалі вяртацца з вайны мастакі-франтавікі, і гэтак сталі ўзнікаць вытворчыя майстэрні па афармленні горада.

На вернісажы, акрамя айчынных творцаў, слова трымаў віцэ-прэзідэнт Познаньскай акругі Саюза польскіх мастакоў Здзіслаў Філіпэк, які адзначыў, што з Брэстам у польскіх калег склаліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны.

 /i/content/pi/cult/187/1987/Autapartret2.jpg
П.Данелія. “Гераічны матыў”.

Экспазіцыя пачынаецца з вядомых карцін Пятра Данеліі “Спартсменка”, “Імгненні”, “Брэст. Вуліца Карбышава”. Гледзячы на іх, выразна ўяўляеш тую цудоўную пару маладосці, якую ўжо не вернеш, а хіба толькі ўспамінаеш аб ёй з настальгіяй.

Сярод іншых твораў — палотны Марата Клімава, Анатоля Хвісевіча, Валерыя Кавальчука, Аксаны Гайдуковіч, Леаніда Рацько, Леаніда Валасюка, Уладзіслава Куфко, Уладзіміра Рамейкі, Янкі Рамановіча...

У галіне графікі вылучаецца “Аўтапартрэт у масцы” Льва Алімава, акварэлі Мікалая і Антаніны Гуршчанковых, Тамары Дзянісавай, Аляксандра Алонцава, Таццяны Пясецкай, кампазіцыі Міхаіла Канькова і Канстанціна Калодзіча. Мікалай Кузьміч прадставіў серыю партрэтаў знакамітых людзей краіны “Беларуская Атлантыда”, выкананых у тэхніцы эмалі па метале.

Зацікавілі прыцягальныя габелены Дзіяны Вымаркавай і Антаніны Гуршчанковай, а Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова паказалі малыя скульптурныя кампазіцыі, якія выразна ствараюць сумесную экспазіцыйную прастору выстаўкі.

Дэманструюцца і творы маладых жывапісцаў Аляксандра Улыбіна і Ігара Скавародкі, якія толькі нядаўна сталі членамі Беларускага саюза мастакоў.

Леанід ВАЛАСЮК, мастак
Брэст