На вернісажы выступае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар. |
Ганаровыя граматы ад абласнога Савета дэпутатаў за асабісты ўклад у беларускае выяўленчае мастацтва і яго папулярызацыю атрымалі графік Леў Алімаў і жывапісец з Баранавічаў Уладзімір Рамейка. Мэр горада Аляксандр Палышанкоў адзначыў граматамі Леаніда Салаўёва, Аксану Гайдуковіч і Паўла Герасіменку.
Старшыня Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Савіч падзякаваў кіраўніцтву вобласці і горада за значную падтрымку мастакоў у іх прафесійнай творчасці.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, старэйшына брэсцкай арганізацыі БСМ Пётр Данелія распавёў пра гісторыю яе стварэння ў тыя гады, калі пачалі вяртацца з вайны мастакі-франтавікі, і гэтак сталі ўзнікаць вытворчыя майстэрні па афармленні горада.
На вернісажы, акрамя айчынных творцаў, слова трымаў віцэ-прэзідэнт Познаньскай акругі Саюза польскіх мастакоў Здзіслаў Філіпэк, які адзначыў, што з Брэстам у польскіх калег склаліся вельмі добрыя і цёплыя адносіны.П.Данелія. “Гераічны матыў”. |
Экспазіцыя пачынаецца з вядомых карцін Пятра Данеліі “Спартсменка”, “Імгненні”, “Брэст. Вуліца Карбышава”. Гледзячы на іх, выразна ўяўляеш тую цудоўную пару маладосці, якую ўжо не вернеш, а хіба толькі ўспамінаеш аб ёй з настальгіяй.
Сярод іншых твораў — палотны Марата Клімава, Анатоля Хвісевіча, Валерыя Кавальчука, Аксаны Гайдуковіч, Леаніда Рацько, Леаніда Валасюка, Уладзіслава Куфко, Уладзіміра Рамейкі, Янкі Рамановіча...
У галіне графікі вылучаецца “Аўтапартрэт у масцы” Льва Алімава, акварэлі Мікалая і Антаніны Гуршчанковых, Тамары Дзянісавай, Аляксандра Алонцава, Таццяны Пясецкай, кампазіцыі Міхаіла Канькова і Канстанціна Калодзіча. Мікалай Кузьміч прадставіў серыю партрэтаў знакамітых людзей краіны “Беларуская Атлантыда”, выкананых у тэхніцы эмалі па метале.
Зацікавілі прыцягальныя габелены Дзіяны Вымаркавай і Антаніны Гуршчанковай, а Павел Герасіменка і Алеся Гуршчанкова паказалі малыя скульптурныя кампазіцыі, якія выразна ствараюць сумесную экспазіцыйную прастору выстаўкі.
Дэманструюцца і творы маладых жывапісцаў Аляксандра Улыбіна і Ігара Скавародкі, якія толькі нядаўна сталі членамі Беларускага саюза мастакоў.
Леанід ВАЛАСЮК, мастак
Брэст