Iнкунабула Радзівілаў з шостага паверха

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі цяпер рыхтуе да выдання каталог радзівілаўскіх кніг ХV — ХVІ стагоддзяў. Пра фаліянты з магнацкай бібліятэкі, пісьменніцкія кнігазборы, а таксама пра адзіную ў фондзе інкунабулу нашаму карэспандэнту распавёў загадчык аддзела Аляксандр СТЭФАНОВІЧ.

 /i/content/pi/cult/187/1986/Inkunabuly1.jpg
Бібліятэка з функцыяй архіва

— Апрацаваць старадрукі, — адзначае Аляксандр Віктаравіч, — нашмат цяжэй, чым сучасныя выданні. Мы робім навуковае і бібліяграфічнае апісанні, якія ўключаюць поўную характарыстыку экземпляра, яго індэнтыфікацыю (наяўнасць старонак, уладальніцкія запісы, экслібрысы). Ажыццяўляем і аналіз паперы, асаблівасцей пераплёту.

Калі ў кнізе ёсць гравюры, дык яны таксама апісваюцца. Бывае, што для вызначэння нейкіх характарыстык экземпляру не хапае даведачнага матэрыялу, — тады па дапамогу звяртаемся ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, ВНУ, да калег з Расіі, Літвы, Польшчы. Працуе ж у нашым аддзеле, які займае ўвесь шосты паверх бібліятэкі, 15 чалавек.

— Аддзел рэдкай кнігі і рукапісаў па сутнасці з’яўляецца і архівам?

— Так, аддзел сапраўды выконвае дзве функцыі: бібліятэкі і архіва, дзе збіраем і захоўваем асабістыя фонды знакамітых асоб, а таксама каштоўныя гістарычныя дакументы. Зараз у рукапісным фондзе аддзела маюцца матэрыялы пісьменнікаў Максіма Гарэцкага, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Янкі Брыля, Уладзіміра Караткевіча, мастака Язэпа Драздовіча, у чыім асабістым архіве захоўваецца шмат дакументаў, схем, разлікаў па касмалогіі, чарцёж шматпрыступкавай ракеты.

Адзначу, што працэс адраджэння і папаўнення фондаў аддзела ў пасляваенны час найперш адбываўся са збораў акадэмічнай бібліятэкі. Астанія кнігі, найбольш каштоўныя і рэдкія, сталі да нас прыходзіць па абмене з іншых бібліятэк Савецкага Саюза: гэта былі дублетныя экземпляры. Наогул, пасля вайны кнігі вярталіся ў Беларусь эшалонамі. Паколькі наша сталіца была разбурана, літаратура развозілася па розных падвальных памяшканнях, кнігі сталі з’яўляцца на чорных рынках. Тады выйшла прадпісанне зрабіць больш жорсткім кантроль. Супрацоўнікі буйных бібліятэк распачалі актыўна адшукваць і фарміраваць фонды сваіх устаноў. Так папаўнялася і бібліятэка Акадэміі навук. Цяпер жа мы маем другі па велічыні пасля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі збор старадрукаў заходнееўрапейскіх друкарань: у нас іх больш за 6 тысяч адзінак.

— Вядома, пастаянна вядзецца і даследчыцкая праца...

— Супрацоўнікі аддзела займаюцца вывучэннем кніжнай культуры і рукапіснай спадчыны ў розных напрамках. Цяпер, да прыкладу, паралельна вядуцца дзве навукова-даследчыя работы: па вывучэнні кніжнай спадчыны князёў Радзівілаў і рукапісаў татар Беларусі канца XVII — пачатку XX стст.


Кампактна і фундаментальна

— Адметная калекцыя мініяцюрных выданняў маецца ў нашых фондах, — працягвае расповед Аляксандр Стэфановіч. — Іх каля тысячы. Ёсць таксама асобная калекцыя росікі, якая ўключае найбольш вытанчаныя фаліянты. Да іх адносіцца унікальнае нумарное выданне “Візантыйскія эмалі”. Зрэшты, у нас багата такіх асобнікаў з абмежаваным накладам.

Захоўваецца нямала прыватных калекцый, перададзеных нашчадкамі знакамітых асоб ці купленых у іх. Да такіх збораў можна аднесці калекцыю Панцеляймона Панамарэнкі. Мы маем фрагменты бібліятэк пісьменнікаў Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Брыля, Анатоля Вялюгіна, Максіма Лужаніна. Практычна ўсе кнігі з гэтых кнігазбораў падораны бібліятэцы, яны са шматлікімі ўладальніцкімі запісамі. Увогуле, уладальніцкія запісы — асобны накірунак, асобная тэма даследаванняў.

У 1970-я мы набылі найбуйнейшую і, бадай, найбагацейшую бібліятэку члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі навук Паўла Беркава: у яе складзе — больш за 14 тысяч адзінак. Калекцыя расійскага навукоўца унікальная тым, што ён, мовазнаўца, бібліёграф, сабраў выключны матэрыял, датычны першай паловы ХХ стагоддзя. Беркаў займаўся даследаваннем нацыянальных і кніжных культур Расіі, Беларусі, Украіны.

У бібліятэцы ёсць канвалюты — зборнікі, якія складзены ўладальнікам з розных самастойна выдадзеных твораў друку ці рукапісу, звязаныя адной тэматыкай і змешчаныя ў адной кнізе.

Вартая ўвагі калекцыя вядомага даследчыка беларускай культуры, этнографа Адама Багдановіча — бацькі славутага паэта Максіма Багдановіча. Там ёсць унікальныя кнігі з уладальніцкімі запісамі, да прыкладу, Максіма Горкага. Адам Багдановіч збіраў літаратуру па краязнаўстве, а таксама рарытэтныя выданні.


Радзівілы чыталі нобелеўскіх лаўрэатаў!

— Канешне ж, нельга не прыгадаць унікальную кніжную калекцыю князёў Радзівілаў. Віртуальна яна ў нас зараз сабрана ў адзінае цэлае, але рэальна — размешчана па ўсім кнігасховішчы. Яна папаўнялася цягам некалькіх дзесяцігоддзяў.

— Чым адметная ваша калекцыя з бібліятэкі Радзівілаў?
 /i/content/pi/cult/187/1986/Inkunabuly2.jpg
Кнігі Радзівілаў са збораў акадэмічнай бібліятэкі.

— Мы маем самую багатую ў Беларусі кніжную калекцыю князёў Радзівілаў: у ёй больш за 3000 адзінак. Вядома, што бібліятэка пачала збірацца ў Нясвіжскім замку з ХVI стагоддзя. Пазней яе часткі неаднойчы выкрадалі, вывозілі. Напрыклад, у 1772 годзе кнігі з яе вывезлі ў Санкт-Пецярбург, у бібліятэку Акадэміі навук. У 1812 годзе некаторыя выданні зноў вывозіліся ў Расію.

Збор з фондаў нашага аддзела адносіцца да ХІХ стагоддзя. Ён быў сабраны жонкай Антонія Радзівіла Марыяй дэ Каштэлян — ураджэнкай Францыі. Да пачатку ХХ стагоддзя бібліятэка налічвала некалькі дзесяткаў тысяч адзінак. Завяршаецца яна кнігамі 1937 года.

У асноўным, усе кнігі маюць уладальніцкія запісы і дарчыя надпісы. Пераважная колькасць іх пазначана экслібрысамі. Яны ёсць і на кнігах ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Праўда, іх няшмат, бо ў гэты час замест экслібрысаў ставілі штэмпелі чырвоным чарнілам.

Тут былі сабраны выданні, пачынаючы з ХV стагоддзя. Сярод іх — адна інкунабула (кніга, якая была выдадзена да 1500 года), паліятыпы — кнігі, што выдаваліся да 1550 года, а таксама выданні, якія выйшлі з друку да 1825 — 1835 гг. і адносяцца да разраду старадрукаў. Збор уключаў 99% кніг заходнееўрапейскіх друкарняў, выдадзеных на розных мовах. У гэтай бібліятэцы шмат падручнікаў гуманітарнага накірунку, напісаных на латыні, нямецкай, польскай, французскай мовах. Ёсць трохмоўныя слоўнікі. Калі мы наладжвалі выстаўку, прысвечаную кнігам магнатаў, дык многія навукоўцы былі здзіўлены вялікай колькасцю навуковай літаратуры ў Радзівілаўскім кнігазборы.

Па тэматыцы радзівілаўская бібліятэка была універсальная: яна ўключала не толькі белетрыстыку, але і літаратуру па нумізматыцы, тэалогіі, юрыспрудэнцыі, гісторыі, медыцыне, шмат падручнікаў, навуковую літаратуру, календары. Асабліва хацеў бы вылучыць фаліянты па культуры і побыце еўрапейскіх краін. Што да збору мастацкай літаратуры — у калекцыі захаваліся прыжыццёвыя выданні Вальтэра, Карамзіна, Гётэ, Ажэшкі, Сянкевіча, Рэйманта, Ралана...

 /i/content/pi/cult/187/1986/Inkunabuly3.jpg
Бібліятэка Радзівілаў была, па сутнасці, прыватнай, а па функцыянальных вартасцях — сапраўдным дзяржаўным кнігасховішчам. Таму ў Нясвіжскі замак прыязджалі знакамітыя гісторыкі і працавалі не толькі з кніжным матэрыялам, але і з рукапісамі.

Трэба адзначыць, што мы ўдзельнічаем у праграмах UNESKO. Паколькі ў нашых фондах захоўваецца адзін з самых вялікіх кніжных збораў Радзівілаў, мы былі ўключаны ў праект гэтай міжнароднай арганізацыі — “Памяць свету”. Разам з намі ў ім прымаюць удзел Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая захоўвае частку радзівілаўскіх кніг, а таксама Прэзідэнцкая бібліятэка, Нацыянальны гістарычны архіў, Нацыянальны мастацкі музей.


І прыжыццёвы канвалют Дуніна-Марцінкевіча
— У вашым аддзеле захоўваецца мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі...

— Так, ён займае асобны пакой. Мемарыяльны кабінет беларускага пісьменніка, акадэміка, грамадскага дзеяча быў перададзены бібліятэцы згодна з запаветам удавы Пятра Глебкі. Да нас трапіла яго рукапісная спадчына, вялізная бібліятэка, абсталяванне рабочага кабінета. Гэта — адзіны ў Беларусі мемарыяльны кабінет, які знаходзіцца ў дзеючай бібліятэцы. У ягоным кнігазборы — рэдкія выданні, экземпляры з дарчымі надпісамі. Многія з гэтых кніг захаваліся толькі ў нас.

— А што цікавага вы набылі апошнім часам?

— Кнігі трапляюць у бібліятэку рознымі шляхамі. Ёсць людзі (на жаль, іх з кожным годам усё менш), якія ахвотна перадаюць кнігі ў бібліятэку. Аднак большасць усё ж зацікаўлена атрымаць за прапанаваныя выданні матэрыяльнае ўзнагароджанне. Таму, натуральна, калі яны прапаноўваюць нам кнігу і мы дамаўляемся аб цане, бібліятэка яе купляе.

Апошні наш набытак — карта Беларусі 1920-х — 30-х гадоў, на якой вызначаны тэрытарыяльны падзел Беларусі: на заходнюю і ўсходнюю яе часткі.

У асноўным, карты выдаваліся на той перыяд або на лацінскай, або на польскай мовах. Дадзенае выданне выпушчана на беларускай мове, тэкст — кірылічны, там пазначаны многія населеныя пункты, якія да нашага часу ўжо не захаваліся. Нядаўна купілі таксама прыжыццёвае выданне твораў Дуніна-Марцінкевіча, выдадзенае ў Мінску: гэта канвалют, у ім змешчана некалькі твораў.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА