МАТЧЫН ДАРУНАК АД САМАЙ КАЛЫСКІ

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Занятак для малодшых школьнікаў

(Занятак для малодшых школьнікаў праводзяць двое дарослых: Анэлька, апранутая ў беларускі народны касцюм, Каток маска, хвосцік, пальчаткі)

 Анэлька. Добры дзень, мае дзеткіжыцця яркія кветкі!

Не проста так я да вас прыйшла, а — казку распавесці, крыху пазабаўляцца ды пагуляць, са словам дзіўным пазнаёміць і пра дзяцінства сваё ўспомніць. Слова дзіўнае — “фальклор”. Што ж гэта такое? Ніхто з вас не ведае? Тады стаўце вушкі на макушкі — слухайце ўважліва. Пачну вам казку баяць.

Жыў-ды-быў у мяне каток пярэсценькі. Лапкі-драпкі ў яго — заграбасценькія, кіпцікі-шчыпчыкі — задзірасценькія.

Чуваць кашэчае: “Мур-мяў, мур-мяў”.

Хто ж там песеньку спявае, просіцца да нас? (Звяртаецца да каго-небудзь з дзяцей.) Пайдзі, паглядзі, у госці запрасі!

Уваходзіць Каток, ён лашчыцца да дзяцей, муркае.

А ты ж, Коценька-каток,

ў цябе шэранькі хвасток.

А прыходзь ты начаваць —

будзеш дзетак калыхаць.

А я Коціку-катку за работу заплачу:

Дам гарлачык малака

ды кавалак пірага!

Котка-муркотка, а чаго ты хочаш?

Каток. Хачу мець сябра.

Анэлька (пытаецца у дзяцей).

Можа, вы станеце сябрамі майму Каточку?

Каток (калі хтосьці з дзяцей пагаджаецца стаць сябрам, просіць).

Праспявай, калі ласка, калыханачку, якую табе матуля спявала.

(Калі дзеці не могуць, Анэлька дапамагае.)

Анэлька. Можа, гэта былі простыя словы:

Баю-баюшкі-баю,

Не лажыся на краю.

Прыйдзе шэранькі ваўчок —

Цябе схопіць за бачок.

Панясе цябе ў лясок,

Пакладзе там на пянёк.

Будзе цябе калыхаць,

Сваю песню напяваць:

Баю-бай, баю-бай, баю-бай...

Каток. А можа, у тваёй калыханачкі былі такія словы:

Ходзіць сон каля акон,

А дрымота — каля плота.

Люлі-лю, люлі-лю, люлі-лю...

Анэлька. Годзе, мой каток, спяваць! Так задрэмлюць дзеткі!

Казку баю зноў вам я,

ой, мае вы кветкі.

Любіць казкі мой Каток

слухаць й гаварыць,

А як гульні завядзе —

цяжка прыпыніць!

Каток. Хачу згуляць у “Гарлачыкі”!

Анэлька. А ці ўсе дзеткі ведаюць, што такое гарлачык? Паглядзіце, калі ласка: гэта — гарлачык, ён зроблены з гліны і называецца так, бо ў яго доўгае рыльца. Ёсць яшчэ адна назва ў гэтага глінянага выраба — “збанок”. Чулі? У вёсцы ў бабулі вы, мабыць, бачылі гарлачыкі? Падыміце руку, хто бачыў.

Раней не было халадзільнікаў, і гарлачыкамі карысталіся гаспадыні, каб даўжэй захаваць свежымі малачко, смятанку, вяршкі, тваражок. (Дзеці адказваюць.) Цудоўна! Вось зараз можна і згуляцьу гульню, якую прыдумаў беларускі народ. Якраз таму гульню “Гарлачыкі” называюць народнай.

Каток. Вы ўсе будзеце “гарлачыкамі”, а Анэлька — Гаспадыняй. Але спачатку да мяне выйдуць не ўсе, а толькі вось гэтыя дзеткі.

(Прыкладна палова ўдзельнікаў утварае кола, брацца за рукі не трэба.)

Анэлька. А астатнія ўважліва пасочаць, як мы будзем гуляць. Запамінайце словы, якія мы з Каточкам будзем казаць, таму што потым хтосьці з вас стане “Катком”, а хтосьці — “гаспадыняй” ці “гаспадаром”.

Праводзіцца гульня. Гаспадыня кажа: “Я пайду на працу, а ты, Каток, глядзі, вартуй гарлачыкі, каб іх мышы не перакулілі,” — і выходзіць за дзверы. Кот абыходзіць дзяцей у крузе і, звяртаючыся да кожнага па чарзе, кажа: “У гэтым гарлачыку — малачко! Я ж вельмі люблю малачко!” Дакранаецца да “гарлачыка”, той прысядае — “перакуліўся”. Ідзе да наступнага: “У гэты гарлачык гаспадынька смятанку ад мяне схавала! Вой! I гэты ўпаў!” Так абыходзіць усіх, называючы кожнаму нейкі малочны прадукт, дзеці павінны запомніць яго.
Вяртаецца Гаспадыня. Кот хутка хаваецца. Гаспадыня: “Ох, стамілася я, пайду ў камору — падсілкуюся.”Бачыць “перакуленыя” “гарлачыкі”: “Вой! Што ж тут нарабілася? Усе гарлачыкі перакулены!” Падымае дзяцей па чарзе і запытвае іх: “Што было ў гэтым гарлачыку?”Дзеці павінны назваць кожны “свой” прадукт. “Хто ж гарлачыкі перакуліў? Дзеткі, вы не бачылі? (Дзеці адказваюць.) Бачу, сляды вядуць вунь туды...” Знаходзіць Ката, той робіць выгляд, што спалоханы, мяўкае і стараецца ўцячы, Гаспадыня яго ловіць: “Ах ты свавольнік! Нашто палез у гарлачыкі? Хіба ж я цябе не кармлю? У сподачак малачко не лью? Тваражок не даю? Мабыць, думаў, што ў гарлачыках — смачнейшае за ўсё гэта? Што ж, на першы раз прабачаю, а на другі — забараняю! Давай, навядзі парадак у каморы!” Гаспадыня звяртаецца да тых, хто не гуляў: “Вось так я свайго Катка выхоўваю. Якія словы для вас былі незразумелыя?” Кот у гэты час “расстаўляе усё па палічках”: вяртае тых, хто гуляў, на месцы.

Анэлька. А зараз выходзьце тыя, хто не гуляў.

З ліку самых кемлівых выбірае дваіх і адводзіць ім ролі Ката і Гаспадыні. Дзеці спрабуюць згуляць самастойна, але пад час гульні Каток дапамагае “кату”, а Анэлька — “гаспадыні”.

Каток. Я вельмі люблю смятанку каштаваць з гарлачыка, а масла — з грудкі.

(Растлумачыць сэнс словазлучэння “лізаць з грудкі”: масла, зробленае ў хатніх умовах, мае выгляд камяка-грудкі). Але ж больш так рабіць не буду! Толькі — са сподачка (з талеркі)!

Анэлька. Добра, што ўцяміў. А я хачу запытаць у дзетак, з чым яны любяць есці смятанку. (Магчымыя адказы: з цукрам, з тваражком, з блінцамі, з аладкамі...)

Каток. Так, вельмі смачна з’есці аладку са смятанай! Але перш чым аладкі есці, іх трэба напячы.

Анэлька. Маеш рацыю! Прапаную зараз і напячы аладак! Паўтарайце словы і дзеянні! Усе падрыхтавалі далонькі?

Трэба імітаваць выпечку аладак: правай далонню зачэрпаць “цеста з дзежкі” (дзежка — гэта маленькая драўляная бочачка, у якой раней разводзілі гаспадыні цеста) і як бы перакідаць з далоні на далонь, а потым гатовую “аладку” “пакласці” на “патэльню” — рух абедзвюма далонямі ад сябе. Дзеянні суправаджаюць словы, якія і задаюць рытм:
Ладачкі-ладкі, мы пячом аладкі.
Пшанічныя, ячныя, пульхныя, смачныя!
(Паўтарыць, пакуль дзеці запомняць словы, і ва ўсіх атрымаюцца рухі.)
Са смятанкай іх ядзім!
Хочаш, і табе дадзім?
Працягваюць складзеныя “лодачкай” далонькі адзін аднаму, быццам частуюць.

Забаўляцца мой Каток можа з ранку і да ночы!

Каток падыходзіць да каго-небудзь і просіць падняць ножку.

Каток. Я табе зараз ножку падкую! А калі хто жадае, можа сам сабе падкаваць: палажыце адну сагнутую нагу на другую так, каб можна было гэта зрабіць.

(Пачынае забаўляцца.)

Кую-кую ножку,

Паеду ў дарожку.

Дарожка крывая,

Кабылка сляпая —

Зачапілася за пень,

прастаяла цэлы дзень!

Няхай вашы ножкі

бегаюць здаровенькі

далёка-далёка!

Анэлька. Пацешыў вас мой Каток? А хто з вас ведае пацешкі ці забаўлянкі?

Дзеці расказваюць, а калі ім цяжка ўспомніць, на дапамогу прыходзіць Каток.

Ідзе каза рагатая.

Ідзе каза, ідзе,

Барадой трасе!

Малачко нясе!

Малачка хто не п’е —

Таго — бу!

Забадаю!

Каток. Яшчэ магу вас навучыць лічыць! Запамінайце словы:

Раз-два — рукава,

Тры-чатыры — нос у чарніле,

Пяць-шэсць — кашу есць,

Сем-восем — сена косім,

Дзевяць-дзесяць — цябе просім!

А цяпер, уголас, усе разам!

Каток адначасова з паўторам слоў указвае на дзяцей, лічыць іх. Таго, на кім спыніцца, просіць лічыць далей самастойна, астатнія ўсе разам кажуць словы лічылкі, і гэтак далей, пакуль не запомняць словы.

Анэлька. Нешта ты, Каток, гуляеш, а пра песні забываеш.

Каток. Добра, далей пагуляем так: той, на кім лічылка спыніцца, павінен будзе прадоўжыць песню. Хто не даспяваў, той — прайграў!

(Пажадана падабраць народныя песні, якія дзеці чулі не адзін раз, напрыклад: “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”; “Купалінка”; “Касіў Ясь канюшыну”; “Саўка ды Грышка”.)

Анэлька. Бачу, крыху вы стаміліся, але ж добра мы сёння павесяліліся! Згодны? Казку пра Каточка свайго вам расказала. У гульні пагулялі. Песні праспявалі. А загадачку не разгадалі! Загадка вось якая: слова дзіўнае “фальклор” напачатку прагучала. Што ж гэта такое? (Дзеці спрабуюць адказаць.) А адгадка — вось яна: гульні, казкі, калыханкі, лічылкі, забаўлянкі ў народзе прыдумлялі, нам іх матулі расказалі, а мы іх фальклорам назвалі!

Каток. На гэтым — бывайце! Не сумуйце! Калі што не так — то даруйце!

Анэлька. Так, сябры мае, бывайце! Свайго не цурайцеся, роднага куточка трымайцеся! Мову родную шануйце! Здаровенькімі будзьце!

Падрыхтавала Анэлька ВОСЕНЬСКАЯ