Дзевяць дзён, як пайшоў Патрыярх...

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

“Яго Святасць заўсёды быў для Беларусі добрым сябрам, духоўным айцом і настаўнікам. Мы пастаянна адчувалі яго падтрымку і дапамогу”, — такі запіс зрабіў у Кнізе спачуванняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка пасля ўдзелу ў цырымоніі адпявання ў маскоўскім Храме Хрыста Збавіцеля Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ. Пра гэта, у прыватнасці, паведамляла Прэс-служба Кіраўніка дзяржавы ў жалобныя дні развітання з Прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы. Сёння — дзевяць дзён, як пайшоў Патрыярх… “Культура” згадвае сапраўды Вялікую Асобу ў найноўшай гісторыі чалавецтва праз здымкі з “залатога архіва” нашай газеты, дзе спынены моманты візітаў Патрыярха ў Беларусь.

 /i/content/pi/cult/187/1974/Patriarh1.jpg

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ на Плошчы Перамогі. 2002 г.

Тады, у 2002-м, Алексій ІІ сустракаўся з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, асвяціў сталічны Дом міласэрнасці, правёў патрыяршае набажэнства.
А ў, падавалася б, зусім нядаўнія кастрычніцкія дні гэтага года пад час святкавання 1020-годдзя Хрышчэння Русі Алексій ІІ таксама сустрэўся з Кіраўніком нашай дзяржавы, быў узнагароджаны ордэнам Пашаны, правёў урачыстае набажэнства ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, наведаў выстаўку “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі” ў Нацыянальным мастацкім музеі краіны… А распачаўся гэты, як сталася, апошні візіт Патрыярха наведваннем гасціннай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — духоўнай скарбніцы нашага народа.І тое, што духоўная дамінанта ўласціва беларускай нацыі, ёсць і яго, Патрыярха, найкаштоўны чын... 

Мікалай КУЗЬМІЧ, мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэмііЗа духоўнае адраджэнне”, кавалер ордэна роўнаапостальнага князя Уладзіміра:
У маёй памяці Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ назаўсёды застанецца светлым, добрым і адкрытым чалавекам, які блаславіў мяне на работу па аднаўленні Крыжа Еўфрасінні Полацкай. У 1995 годзе, калі яшчэ пачыналася гэтая вельмі складаная праца, мы з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам прыехалі ў Рэзідэнцыю Патрыярха ў Перадзелкіна, дзе ён сустрэў нас так цёпла і ветліва, што гэты прыём я запомніў на ўсё жыццё, а яго блаславенне на маю далейшую мастацкую працу над Крыжам стала для мяне нейкім Божым знакам, які дадаў новы незвычайны ўсплёск натхнення ў маёй творчасці.
І што я яшчэ запомніў: ягоныя вочы, падзіцячы добрыя, пяшчотныя. Урэшце, усё яго аблічча свяцілася непадробнай дзіцячай дабрынёй і святлом. Шчыра кажучы, калі я апынуўся ў рэзідэнцыі Патрыярха, то проста разгубіўся, таму што адчуў сябе ў зусім новай прасторыпрасторы дабрыні, сардэчнасці, незвычайнай духоўнасці і душэўнасці.
 /i/content/pi/cult/187/1974/Patriarh2.jpg

 Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ каля
Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. 2002 г.


Алексій ІІ прыйшоў у гэты свет, каб выканаць сваё святое лёсавызначальнае для ўсяго праваслаўнага свету прызначэнне, — і ён гэта зрабіў дастойна. Ягонае імя з вялікай літары застанецца на ўсе стагоддзі.
Асабіста для мяне раптоўны адыход Алексія ІІвялікае гора. Канешне, цяжка адразу асэнсаваць, зразумець гэтую страту, — патрэбен час, але калі я зусім нядаўна слухаў па тэлебачанні яго апошняе інтэрвю, то быў узрушаны да слёз: бо яшчэ раз прыгадаў яго па-дзіцячы прамяністыя вочы, якія ўважліва і па-добраму глядзелі на мяне тады, восенню 1995-га, калі ён блаславіў маю працу... 

Віктар МАНАЕЎ, заслужаны артыст Беларусі:

Мне ніколі не даводзілася сустракацца з Патрыярхам Алексіем ІІ асабіста, але яды, напэўна, і кожны ўвацаркоўлены праваслаўны хрысціянін Беларусіуспрымаў яго як свайго духоўнага айца. Таму раптоўная смерць Яго Святасці стала для мяне асабістай стратай, стратай блізкага, роднага чалавека і перажывалася глыбока праз сэрца. Веру ў тое, што рука Гасподняя будзе кіраваць нашай Праваслаўнай Царквой і надалей, ведучы па шляху выратавання.

 

Наталля МІХАЙЛАВА, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь:

— Горкая вестка пра смерць Патрыярха Алексія ІІ прыйшла да нашага калектыву, калі мы рэпеціравалі. Яна была ўспрынята ўсімі артыстамі вельмі эмацыйна, як асабістае гора, бо зусім нядаўна мы атрымалі ад яго блаславенне. Наш хор меў гонар сустракаць Алексія ІІ у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, і мы былі ўражаны тым, як ён слухаў наша выкананне, з якой шчырасцю потым дзякаваў нам. Успаміны пра яго засталіся самыя светлыя, а гэта, мабыць, найважнейшае, калі чалавек сыходзіць ад нас.