За “круглы стол” — з гітарамі

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

На пачатку лістапада ў горадзе над Дзвіной адбыўся XXII Гарадскі фестываль аўтарскай песні “Віцебскі лістапад”. Арганізоўвалі свята аддзел культуры і сектар па абаронна-мабілізацыйнай працы і справах моладзі Віцебскага гарвыканкама, Цэнтр культуры “Віцебск” ды Тэатр-студыя аўтарскай песні пры ім.

За 22 гады ў форуму з’явілася мноства прыхільнікаў, якія не ўяўляюць сабе віцебскую музычную восень без гэтага свята. Сёлета ў рамках “Віцебскага лістапада” адбылося пасяджэнне “круглага стала”. Прадстаўнікі клубаў аўтарскай песні з розных гарадоў Беларусі закранулі праблемы, якія зараз існуюць у жанры.

Напрыклад, сёлета бюджэт віцебскага фестывалю быў даволі сціплы. У Гомелі, для параўнання, тры гады таму фінансаванне аналагічнай імпрэзы было ў дзесяць разоў большае. Як распавёў кіраўнік Гомельскага клуба аўтарскай песні Вячаслаў Клімовіч, у горадзе над Сожам адбылося 8 фэстаў. Так, на сённяшні дзень гомельскі і віцебскі фестывалі — найбольш значныя ў Беларусі. Але, відавочна, што апошні з названых, некалі самы прадстаўнічы ў нашай краіне, паступова страчвае свае пазіцыі. А калісьці менавіта ён з’явіўся штуршком да ўзнікнення клубаў аўтарскай песні ў Магілёве, Гомелі.

Удзельнікі “круглага стала” аднагалосна выказаліся, што адмова арганізатараў цяперашняга віцебскага свята ад творчых майстэрняў, з формай правядзення якіх яны пакуль не вызначыліся, немэтазгодная. Гэтак жа, як і ад галоўнай узнагароды для пачаткоўцаў — удзелу ў гала-канцэрце, — як гэта было ў папярэднія гады. Што з названага з’явіцца на ХХІІІ “Віцебскім лістападзе” — будзе вядома праз год, пад час чарговага фэсту. Хочацца спадзявацца, што яго атмасфера акажацца менш праблемнай і, адпаведна, больш настроенай на творчасць, чым сёлета.

Таццяна САЛАЎЁВА
Віцебск