Выпускніку 2009 года аб размеркаванні

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Сёння ў рубрыцы “Юрыдычныя тонкасці (elegantia juris)” начальнік юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Алена ВЕШТАРТ вядзе гаворку пра асаблівасці размеркавання выпускнікоў 2009 года. Гэтая тэма, безумоўна, зацікавіць будучых работнікаў культуры — цяперашніх навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў.

Тыя з навучэнцаў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, хто завяршае атрыманне адукацыі, ужо сёння задумваюцца пра сваю будучыню, пра месца працы. Нехта рашае пытанні аб самастойным працаўладкаванні, нехта — шукае заяўку на сябе ад арганізацый для наступнага размеркавання, а хтосьці проста спадзяецца на ўдалае размеркаванне. Тым не менш, кожнаму неабходна ведаць заканадаўства, якое рэгулюе пытанні размеркавання выпускнікоў.

Мэтай размеркавання выпускнікоў з’яўляецца задавальненне неабходнасцей галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах і сацыяльная абарона гэтых спецыялістаў.

Парадак размеркавання выпускнікоў устаноў адукацыі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, рэгулюецца адпаведным Палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2007 года № 1702.

Размеркаванню падлягаюць выпускнікі, што атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю першай альбо другой ступені ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў, акрамя выпускнікоў з ліку замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, месцам пастаяннага пражывання якіх з’яўляюцца замежныя дзяржавы.

Выпускнікі, што атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю ў дзённай форме атрымання адукацыі на ўмовах аплаты, па іх жаданні, могуць накіроўвацца на працу на тыя месцы, якія засталіся пасля размеркавання выпускнікоў пазначаных вышэй катэгорый.

Выпускнікі, што атрымалі вышэйшую адукацыю першай і другой ступені ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага і (ці) мясцовых бюджэтаў, накіраваныя на работу па размеркаванні, з’яўляюцца маладымі спецыялістамі і абавязаны адпрацаваць два гады пасля атрымання вышэйшай адукацыі. Указаны тэрмін працы па размеркаванні вылічваецца з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) паміж маладым спецыялістам і наймальнікам.

Размеркаванне выпускнікоў ажыццяўляецца камісіяй па размеркаванні выпускнікоў установы адукацыі (далей — камісія) у тэрмін, не пазнейшы за два месяцы да заканчэння выпускнікаміўстановы адукацыі.

Склад камісіі зацвярджаецца кіраўніком установы адукацыі штогод у тэрмін, не пазнейшы за 1 лютага.

Камісія пачынае сваю працу з даты зацвярджэння яе складу і захоўвае свае паўнамоцтвы да зацвярджэння новага складу камісіі.

Выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, размяркоўваюцца на працу ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй:
— у першую чаргу ў дзяржаўныя арганізацыі і ў арганізацыі з доляй уласнасці дзяржавы ў іх устаўных фондах згодна з дагаворамі аб падрыхтоўцы спецыялістаў, заяўкамі на спецыялістаў гэтых арганізацый;
— па меры задавальнення неабходнасцей у спецыялістах арганізацый, указаных вышэй, магчыма размеркаванне выпускнікоў у іншыя арганізацыі, а таксама разгляд заявак арганізацый аб размеркаванні на працу да іх канкрэтных выпускнікоў.

Камісія прымае рашэнне аб накіраванні на працу выпускнікоў з улікам:
— вынікаў паспяховасці;
— удзелу ў навукова-даследчай, грамадскай працы;
— стану здароўя і сямейнага стану;
— рэкамендацыі ўстановы адукацыі пра найбольш мэтазгоднае накіраванне гэтага выпускніка на працу;
— яго асабістых пажаданняў.

Правам першачарговага размеркавання карыстаюцца выпускнікі, якія маюць нагрудныя знакі:

— “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў”;— “Лауреат специального фонда Президента Республики Беларусь по поддержке талантливой молодёжи”.
Ільготы па размеркаванні прадугледжаны для наступных катэгорый выпускнікоў:
1. выпускнікам — інвалідам І або ІІ групы, дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў месца працы прадастаўляецца з улікам стану іх здароўя па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі) або са згоды выпускніка іншае наяўнае месца працы;
2. выпускнікам, якія маюць аднаго з бацькоў ці мужа (жонку) — інваліда І або ІІ групы, месца працы прадастаўляецца па жаданні выпускніка і пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства аднаго з бацькоў, мужа (жонкі);
3. выпускнікам, якія маюць медыцынскія проціпаказанні да працы па атрыманай прафесіі (спецыяльнасці), месца працы прадастаўляецца з улікам стану здароўя;
4. выпускніку — жонцы (мужу) асобы, выбранай на выбарную пасаду ў дзяржаўныя органы, работніка Міністэрства замежных спраў, накіраванага ў службовую камандзіроўку, а таксама асобы з ліку ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь (за выключэннем ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу, курсантаў), супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, мытных органаў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў месца працы прадастаўляецца пры наяўнасці магчымасці па месцы праходжання службы мужа (жонкі);
5. выпускнікам (мужу і жонцы), якія павінны быць накіраваны на працу па размеркаванні адначасова, месца працы пры наяўнасці магчымасці прадастаўляецца ў адным населеным пункце;
6. выпускніку — мужу (жонцы), жонка (муж) якога накіравана на працу па размеркаванні раней, месца працы пры наяўнасці магчымасці прадастаўляецца ў тым жа населеным пункце;
7. выпускніку — мужу (жонцы), жонка (муж) якога не з’яўляецца маладым спецыялістам, месца работы прадастаўляецца па жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы працы ці жыхарства жонкі (мужа), за выключэннем выпадкаў, калі шлюб заключаецца з замежным грамадзянінам, які пастаянна пражывае за межамі Рэспублікі Беларусь;
8. выпускнікам — цяжарным жанчынам, маці або бацькам, якія маюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў на дату прыняцця рашэння аб накіраванні на працу, месца работы прадастаўляецца па жаданні і пры наяўнасці магчымасці па месцы жыхарства сям’і;
9. выпускнікам — грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за яе межамі, пры наяўнасці магчымасці можа быць прадастаўлена месца працы па месцы жыхарства па запыце арганізацыі Рэспублікі Беларусь, што знаходзіцца там.
Пытанне аб размеркаванні выпускнікоў, якія маюць ільготы, разглядаецца пры прадастаўленні выпускніком у камісію, што накіроўвае яго на працу, наступных дакументаў:
— копіі пасведчанняінваліда — для выпускнікоў — інвалідаў І або ІІ групы або дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама для выпускнікоў, якія маюць аднаго з бацькоў або мужа (жонку) — інваліда І ці ІІ групы;
— даведкі аб прыдатнасці да работы па дадзенай прафесіі (спецыяльнасці) — для асоб, што маюць медыцынскія проціпаказанні да працы па атрыманай прафесіі (спецыяльнасці);
— копіі пасведчання аб шлюбе і даведкі з месца працы мужа (жонкі) аб займаемай пасадзе мужа (жонкі) — для выпускніка, які мае мужа (жонку), выбранага на выбарную пасаду ў дзяржаўныя органы, работніка Міністэрства замежных спраў, накіраванага ў службовую камандзіроўку, а таксама для асобы з ліку ваеннаслужачых Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, супрацоўнікаў Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, мытных органаў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, пракурорскіх работнікаў;
— выпіскі з медыцынскіх дакументаў — для цяжарных жанчын;— копіі пасведчання аб нараджэнні дзіцяці — для выпускнікоў, якія маюць дзіця ва ўзросце да трох гадоў;
— копіі пасведчання аб шлюбе і пасведчання аб накіраванні на працу жонкі (мужа), а таксама выпіскі з працоўнай кніжкі (копіі працоўнай кніжкі) жонкі (мужа) — для выпускнікоў, якія маюць жонку (мужа), накіраваных на працу па размеркаванні раней;
— копіі пасведчання аб шлюбе і пасведчання аб накіраванні на працу — для выпускнікоў, якія накіроўваюцца на працу па размеркаванні адначасова;
— копіі пасведчання аб шлюбе, даведкі з месца працы або жыхарства мужа (жонкі) — для выпускнікоў, якія жадаюць атрымаць размеркаванне па месцы працы або пастаяннага жыхарства жонкі (мужа).

Неабходна звярнуць увагу, што ў выпадках, названых вышэй у пунктах 2, 4 — 9, месца працы выпускнікам прадастаўляецца па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі), сям’і, месцы працы, праходжання службы мужа (жонкі) і да т. п. пры наяўнасці магчымасці.

Калі ж выпускнік мае льготы, але адсутнічае магчымасць яго накіравання па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі), сям’і, месцы працы, праходжання службы мужа (жонкі) і да т. п., выпускнік мае права на самастойнае працаўладкаванне.

Права на самастойнае працаўладкаванне маюць выпускнікі і ў тым выпадку, калі камісія не можа прадаставіць месца працы па атрыманай спецыяльнасці (прафесіі) і атрыманай кваліфікацыі.

Пры прыняцці рашэння камісіяй аб самастойным працаўладкаванні выпускніка, а таксама ў выпадку атрымання выпускніком сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі на ўмовах аплаты яму выдаецца даведка аб самастойным працаўладкаванні.

Выпускнік, які атрымаў даведку аб самастойным працаўладкаванні, не мае статуса маладога спецыяліста.

Разам з тым, менавіта маладыя спецыялісты маюць пэўныя гарантыі. Маладым спецыялістам па завяршэнні навучання ва ўстанове адукацыі прадастаўляецца адпачынак працягласцю ў адзін каляндарны месяц, а тым, хто атрымаў адукацыю па педагагічных спецыяльнасцях, — 45 каляндарных дзён, незалежна ад таго, калі ў іх былі апошнія канікулы, ім выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай ім у апошнім семестры.

У выпадку, калі маладыя спецыялісты не атрымлівалі стыпендыі ў апошнім перад выпускам семестры, ім выплачваецца адпаведная грашовая дапамога з разліку сацыяльнай стыпендыі, устаноўленай на дату выпуску.

Акрамя таго, маладым спецыялістам прадугледжаны выплаты ў сувязі з пераездам, прадугледжаныя артыкулам 96 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь:
1. кошт праезда асобы, якая завяршыла навучанне, і членаў яе сямей (муж, жонка, дзеці і бацькі мужа і жонкі, якія знаходзяцца на ўтрыманні і пражываюць разам з імі) на тых жа ўмовах, што і пры накіраванні работніка ў службовую камандзіроўку;
2. выдаткі па правозе маёмасці чыгуначным, водным і аўтамабільным транспартам (агульнага карыстання) у колькасці да 500 кілаграмаў на саму асобу, якая завяршыла навучанне, і да 150 кілаграмаў на кожнага з членаў сям’і, што пераязджае (па пагадненні бакоў могуць быць аплачаны выдаткі па правозе вялікай колькасці маёмасці);
3. сутачныя за кожны дзень знаходжання ў дарозе ў адпаведнасці з заканадаўствам аб службовых камандзіроўках;
4. аднаразовая дапамога на саму асобу, якая завяршыла навучанне, у памеры яе месячнай стаўкі (акладу) па новым месцы працы і на кожнага члена сям’і, што пераязджае, у памеры адной чацвёртай дапамогі на саму асобу, якая завяршыла навучанне.

Асобам, якія завяршылі навучанне, выплачваецца заработная плата зыходзячы з тарыфнай стаўкі (акладу) па новым месцы працы за дні збораў у дарогу і ўладкавання на новым месцы жыхарства, але не больш, чым за шэсць дзён, а таксама за час знаходжання ў дарозе.

Маладым спецыялістам, якія прыбылі на працу па размеркаванні, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама арганізацыі пры недахопе ўласнага жылога фонду могуць выдаткоўваць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на наём жылых памяшканняў у грамадзян.

На маладых спецыялістаў, накіраваных на працу ў арганізацыі, што размяшчаюцца ў зонах радыеактыўнага забруджвання, распаўсюджваюцца льготы і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам для асоб, якія пражываюць і працуюць у гэтых зонах.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 кастрычніка 1998 г. № 1516 выпускнікам устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, накіраваным на працу на тэрыторыю радыеактыўнага забруджвання, у зону з наступным адсяленнем і ў зону з правам на адсяленне, устаноўлены штогадовыя выплаты. Прычым памер такіх выплат з 1 студзеня 2009 года ўстанаўліваецца ў памерах, кратных тарыфнай стаўцы першага разраду, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў дзяржаўных арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, і складзе пасля першага года працы — дзесяць, пасля другога года працы — дванаццаць і пасля трэцяга года работы — пятнаццаць тарыфных ставак.

(Заканчэнне будзе.)

Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь