Тая, што марыла сыграць сучасніцу

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

“Культура” і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў працягваюць знаёміць чытачоў з рэдкімі фотаздымкамі, дзе спынены імгненні творчага напалу, натхнення, высокага мастацтва — усяго, што ўласціва сапраўднай плеядзе майстроў беларускага тэатра. Сёння на авансцэне часу — народная артыстка Беларусі, прыма Рускага тэатра Ганна Абуховіч.

 /i/content/pi/cult/186/1970/Asoba1.jpg
Першая роля і... першы “ганарар”

Нарадзілася Ганна Абуховіч у Маскве. З ранняга дзяцінства ёй давялося спазнаць гора і нястачы, таму што яна была сіратой і выхоўвалася ў прытулку для бяздомных дзяцей. Маскоўскі прытулак аказаўся падобным да казармы: у доўгім пакоі з нізкай столлю стаялі жалезныя ложкі з набітымі саломай матрацамі, на якіх дзеці спалі па трое, упоперак. Адна прасціна, адна коўдра. У сярэдзіну клаліся па чарзе: там цяплей.

У гэтым прытулку ў маленькай Ганны і адбылося першае “тэатральнае” выступленне. Наслухаўшыся казак, якія чытала выхавальніца, дзеці вырашылі разыграць сцэну з казкі. Будучая артыстка выканала ролю прынцэсы. А для сукенкі са шлейфам, нядоўга думаючы, парэзала прасціну, за што яе пасадзілі ў карцэр і пакінулі без абеду. Так сумна скончылася першае выступленне Ганны.

Захапленне — ад стужак Мэры Пікфард

З пачаткам Першай сусветнай вайны карміць і апранаць дзяцей у прытулку сталі яшчэ горш. Заняткі па пісьме і чытанні прыпыніліся. У выніку — дзеці былі пакінуты на саміх сябе: хадзі куды хочаш на любы час. Па ўспамінах самой Ганны Абуховіч, “... у цёплае надвор’е мы мыліся ў Маскве-рацэ, а начавалі ў скрынях для мётлаў пад Каменным мостам”. Там жа, пад мостам, Ганну з сяброўкай знайшоў рабочы Ягораў, які дапамог дзяўчынкам уладкавацца ў інтэрнат і школу рабочай моладзі.

З гэтага часу пачалося зусім іншае, сапраўды новае жыццё. Ганна шмат чытала, займалася фізкультурай, запісалася ў гурток мастацкай самадзейнасці — сумаваць не даводзілася.

І амаль кожны свабодны вечар дзяўчына хадзіла ў кіно. Яна прагледзела шмат фільмаў, дзе ролі выконвалі выдатныя акцёры таго часу: Вера Халодная, Іван Мазжухін, Дуглас Фэрбенкс, Мэры Пікфард, Чарлі Чаплін... Але больш, чым кіно, Ганна ўпадабала тэатр. Акцёраў сцэны яна лічыла людзьмі асобага складу. Калі сустракала на вуліцы каго-небудзь з вядомых акцёраў, гэты дзень быў для яе папраўдзе святочным. Нават у сне Ганна бачыла сябе актрысай тэатра.

Але мары, падавалася б, няспраўджвальныя, не заміналі ёй быць стараннай вучаніцай у школе, і камсамол накіраваў Ганну Абуховіч у Ленінградскі кааператыўны інстытут, адначасова з вучобай у якім дзяўчына працавала ў кааператыве “Маці і дзіця”. І аднойчы на рабоце, праглядаючы пошту, яна прачытала аб’яву пра набор слухачоў на курсы “Кіно-Поўнач” па падрыхтоўцы кінаакцёраў. Вырашыла паспрабаваць, і, вытрымаўшы вялікі конкурс, была прынята. Гэтак бухгалтарская будучыня Ганны Абуховіч была закрэслена назаўсёды.

Перайсці “Рубікон” без “шыльды”

У час работы над дыпломным фільмам “Сэрцы і долары” Ганна Абуховіч пазнаёмілася з выдатнай савецкай актрысай Марыяй Бабанавай. Сустрэчы з гэтай цудоўнай актрысай, абаяльным і добрым чалавекам, па словах Ганы Браніславаўны, вельмі абагацілі яе душу.

У 1929 г. маладая артыстка скончыла курсы “Кіно-Поўнач” і на выпускным вечары атрымала запрашэнне на пробы ад У.Вайнштока і А.Кальцатага, рэжысёра і аператара “Белдзяржкіно”. Першай прафесійнай работай Ганны Абуховіч стала роля камсамолкі, работніцы дрэваапрацоўчага камбіната ў фільме “Рубікон”. Здымкі праходзілі ў Бабруйску. Па ўспамінах актрысы, “здаецца, сам лёс загадзя знаёміў мяне з Беларуссю”. Здымкі ішлі вельмі цяжка, але цікава. Ва ўсіх было адно жаданне: зрабіць як мага лепш. І калі здымкі фільма завяршылі, на студыі яго ацанілі як удалы.

 /i/content/pi/cult/186/1970/Asoba2.jpg
Г.Абуховіч у ролі Ганерыльі.Сцэна са спектакля “Кароль Лір”. 1954 г.

Такой была першая работа Ганны Абуховіч у кіно. Далей былі ролі ў фільмах “За манастырскай сцяной”, “Кантакт”, “Сапраўднае жыццё”. Актрыса стала тыпажнай на ролі камсамолак. Аднак такое непарушнае амплуа яе не цешыла.

Як піша актрыса ў сваіх успамінах, “кіно — не маё прызванне! Свае поспехі ў кіно я заўжды лічыла больш чым сціплымі. Працу ў кіно я лічыла спробай сіл, прадмовай, уступам да галоўнай справы жыцця — тэатра.”

Рэалістычнае “ўжыванне” ў вобраз

У 1930 г. Ганна Абуховіч паступае ў студыю Маскоўскага тэатра рабочай моладзі (ТРАМ), дзе працуе да 1933 года. Аднойчы яна пайшла паглядзець спектакль “Арыстакраты”, які ў той час грымеў на ўсю Маскву, пастаўлены ў Рэалістычным тэатры М.Ахлопкавым. Пастаноўка настолькі спадабалася Ганне (а асабліва — роля зладзейкі Сонькі), што яна пад час антракту, пайшла да дырэктара тэатра і сказала: хачу, маўляў, працаваць у трупе. На наступны ж дзень яе прынялі ў Рэалістычны тэатр.

Аднак да ролі Сонькі яшчэ было далёка: Абуховіч іграла ў масоўках ды ў некаторых больш значных ролях у старых спектаклях.

Між тым, Ганна вырашыла падрыхтаваць ролю самастойна, і, каб перажыць тое, што перажывала Сонька, ідучы “на справу”, аднойчы ў магазіне скрала невялікі скрутак шаўковай тканіны. І тут жа, спалохаўшыся гэтага ўчынку, пабегла да дырэктара магазіна, каб растлумачыць свае паводзіны. Пазней, калі атрымала-такі жаданую ролю, пераканаўшы не толькі Ахлопкава, але і публіку, што лепшай Сонькі ў гэтым тэатры не было, актрыса запрасіла яго на спектакль.

“Пражыць” Карэніну

У 1937 г. Ганна Абуховіч атрымала запрашэнне ад аднаго з першых мастацкіх кіраўнікоў Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР Дзмітрыя Арлова працаваць у гэтай трупе. Арлоў быў яе партнёрам у Рэалістычным тэатры, на працягу цэлага сезона яны разам ігралі ў спектаклі “Арыстакраты”. У 1936 г. Арлоў паехаў у БССР. А 1 верасня 1937 г. у Магілёў, дзе тады знаходзіўся Рускі тэатр, прыехала Ганна Абуховіч. Прыехала, каб стаць вядучай актрысай гэтага тэатра, каб сыграць на яго сцэне каля 100 роляў і кожнай аддаць часцінку свайго сэрца. Пазней яна напіша ва ўспамінах: “Рускі тэатр — гэта мая радасць, і маё хваляванне, і лёс. Тэатр — мой стары сябра, мой добры дом...”

Ганна Абуховіч — выканаўца драматычных і характарных роляў, актрыса моцнага тэмпераменту, дакладнага знешняга малюнку. Толькі пералік роляў, якія ў розны час выконвала актрыса, дае магчымасць гаварыць аб разнапланавасці і глыбіні яе таленту.
 /i/content/pi/cult/186/1970/Asoba3.jpg

Г.Абуховіч у ролі Агудалавай і А.Клімава ў ролі Ларысы.
Сцэна са спектакля

Вось некаторыя з іх: Маша (“Тры сястры” А.Чэхава), Манахава, Васа (“Варвары”, “Васа Жалязнова” М.Горкага), Ганерылья, Эмілія (“Кароль Лір”, “Атэла” У.Шэкспіра), Эмі (“Мёртвая хватка” Д.Голсуорсі), Дар’я Цімафееўна (“Білет у мяккі вагон” А.Маўзона), Калеснікава, Мар’я (“Брэсцкая крэпасць”, “Галоўная стаўка” К.Губарэвіча), Ларыса і Агудалава, Алена (“Беспасажніца”, “Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага), Матухна Кураж (“Матухна Кураж і яе дзеці” Б.Брэхта), Анна Карэніна (аднайменная пастаноўка паводле Л.Талстога)...

* * *

У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў захоўваецца каля 60-ці фотадакументаў пра жыццё і творчасць Ганны Абуховіч. Гэта партрэтныя здымкі актрысы, яе фота з калегамі па рабоце ў час рэпетыцый, а таксама шмат фотаздымкаў сцэн са спектакляў з яе ўдзелам.

Ёсць у нашых фондах і кінадакументы пра Ганну Абуховіч: гэта дакументальны кінафільм “Тры колеры радасці” і шэраг кіначасопісаў “Савецкая Беларусь” і “Навіны дня”, некаторыя эпізоды якіх прысвечаны творчасці і грамадскай дзейнасці актрысы.

Сярод фонадакументаў у фондах архіва захаваны запісы сцэн са спектакляў з удзелам артысткі: “Марыя”, “Каменнае гняздо”, “Варвары”, “Васа Жалязнова”, “На бойкім месцы” і інш. Таксама ў фанатэцы архіва ёсць запіс выступлення актрысы ў радыёперадачы “У служэнні мастацтву”, дзе яна распавядае пра свае ролі ў тэатры, пра работу над імі, пра сваю мару — выканаць ролю сучасніцы.

За шматгадовую творчую дзейнасць Г.Б. Абуховіч была ўзнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў і “Знак Пашаны”, а таксама шматлікімі медалямі. У 1944 г. ёй было прысвоена высокае званне народнай артысткі Беларусі.


Алена ПАЛЯШЧУК,
галоўны архівіст аддзела інфармацыі,
публікацыі і навуковага выкарыстання
дакументаў БДАКФФД

Фота з фонда архіва