“Буду здымацца толькі з Грэйс Келі”

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Калісьці мінская школа фатаграфіі вылучалася сваёй тэхнічнасцю. Гаворка тут не толькі пра ўдзельнікаў фотаклуба “Мінск”, дзе якраз ішоў напружаны працэс пошуку выразнасці, перш за ўсё — праз форму… Хаця лічбавы фармат максімальна спрасціў працэс атрымання выявы, творчы эксперымент спыніцца не можа, і сёння паступова пачынае праяўляцца новая галіна ў фотамастацтве: прынцыпова простыя на выгляд кадры, нібыта знятыя на звычайную “мыльніцу”, але канцэптуальныя і часцей за ўсё з сацыяльна значным пасланнем да гледача.

 /i/content/pi/cult/186/1969/Fota.jpg
Сённяшні госць “Максімы маладых” — Юлія ЛЕЙДЗІК, сёлетняя выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладая фотамастачка, аўтар праекта “Партрэт на фоне”, які быў выстаўлены ў Мінску, а пасля адабраны для экспанавання на прэстыжнай маскоўскай “Фотабіенале”.

— Сэнс праекта быў у тым, што любая жанчына, хай сабе нават і падсвядома, мае свой “ідэальны” вобраз, жадае выглядаць, як кіназорка ці любімая спявачка. Калі яна бачыць гэты вобраз, пачынаецца працэс атаясамлення. Сярод маіх мадэлей у “Партрэце на фоне” — жанчыны рознага ўзросту (але найчасцей усё ж немаладыя), прафесій, лёсаў…

— Цікава, як праходзіў працэс пошуку гераінь праекта? Што прываблівала ў гэтых асобах?

— Спецыяльнага адбору, кастынгу не было. Гераінямі аказаліся жанчыны, якіх мы часта бачым, але часцяком не звяртаем увагі на іх ды іхнюю працу. А любой жанчыне, на маю думку, абавязкова патрэбна ўвага… Часцей за ўсё я запрашала мадэлей больш сталага веку: вахцёрак, настаўніц, працаўніц на фабрыках, нават дворнікаў. Гэтыя жанчыны і самі прызнаваліся: маўляў, адчуваем, што жыццё праходзіць у будках, кажучы і фігуральна, і літаральна. І пасля гэтага хацелася іх неяк “раскрыць”. Такім чынам, атрымлівалася, што я — сама жанчына — прапускала ўсё праз сябе. У мяне ж таксама існуе свой ідэал, прынамсі, упадабаны тыпаж прыгожай жанчыны, з якой я сабе атаясамліваю.

— І на каго ж ты сама падобная?

— Калі толькі візуальна, то, бадай, на Моніку Белучы, Анжаліну Джалі. Праз параўнанне мадэлей праекта з сабой я і зразумела, што ў нас вельмі падобныя адчуванні.

— Якая была рэакцыя тых, да каго падыходзіла проста на вуліцы і казала: “Я раблю праект, і хацела б, каб вы прынялі ўдзел у ім…”? — Літаральна ўсе спачатку трохі палохаліся, шукалі “падводныя камяні”: маўляў, чаму менавіта я, чаму ты звярнула ўвагу на мяне? Але потым я распавядаю пра праект, паказваю фота жанчын, якія ўжо здымаліся, — так адбываецца выхад на давер, раскрыццё асобы… Адзначу, што большасці мадэлей спадабаўся сам здымачны працэс, аднак сія-тыя, вядома ж, “закрываліся”, адмаўляліся, ды праз 2 — 3 дні яны знаходзілі мой нумар, тэлефанавалі і казалі: мне цікава, я хацела б паспрабаваць.

 /i/content/pi/cult/186/1969/Fota2.jpg
Твор з фотапраекта
“Партрэт на фоне”.

— Як выбіраўся інтэр’ер для здымак? Гэта, напэўна, тыя месцы, дзе гераіні праекта праводзяць шмат часу, нейкая жыццёвая прастора? А, можа, ты сама прыводзіла іх туды, дзе бачыла нешта цікавае для фатографа?

— Па-першае, для фатографа цікава амаль усё, а па-другое, я ў гэтым праекце хацела дасягнуць адсутнасці мяне і наогул кагосьці, апроч мадэлі. І ўсё здымалася ў месцах, дзе працуюць і жывуць самі гераіні: звыклая атмасфера шмат гаворыць пра чалавека, яго звычкі, характар. У знаёмых абставінах яны больш камфортна сябе адчуваюць, раскрываюцца. А гэта дапамагае наладжванню больш шчыльнага кантакту за невялікі прамежак часу, што я з імі працую.

— Якія моманты працы над праектам найбольш уразілі? Хто з мадэлей, можа, здолеў здзівіць?

— Усе яны здзіўляюць. Да прыкладу: у мяне былі лісты з часопісаў з выявамі знакамітых, прыгожых, гламурных жанчын. Аднойчы я пазнаёмілася з жанчынай, трапіла да яе дадому, распавяла пра свой праект, выклала перад ёй гэтыя карцінкі, але яна сказала: “З іх мне ніхто не падабаецца, але ў мяне ёсць нешта іншае”. І вынесла з ваннай... ручнік з выявай прыгажуні, сказала, што ўсе бачаць яе падабенства з намаляванай там мадэллю. Жанчына папрасіла зняць яе з гэтым ручніком. Яе сын трымаў яго, пакуль я здымала. А адна з жанчын, якая працуе вахцёрам, доўга адмаўлялася, але потым знайшла мяне і папрасіла прынесці для здымак туш і губную памаду. Іншая ж казала, што будзе здымацца толькі з партрэтам Грэйс Келі, паколькі заўсёды адчувала сябе падобнай на яе.

Таксама быў момант, калі адна з маіх мадэлей расплакалася. Я спачатку і не спадзявалася, што яна пагодзіцца ўдзельнічаць у праекце, але жанчына адразу адказала: здымацца — хоча. Калі ж пачала выстаўляць камеру, кабета стала плакаць. Пытаюся: “Чаму вы плачаце?”. А яна адказвае: “Па-першае, мяне ніхто ніколі не здымаў, а па-другое, менавіта ў гэтым перадздымачным тлуме сапраўды адчула, што з’яўляюся жанчынай…”

— Хто з вядомых фатографаў паўплываў на цябе як на мастачку?

— Калі я не ведала, што такое фатаграфія, то адкрыла для сябе альбомы Яна Саудэка, Хельмута Ньютана. Там я бачыла прыгожых людзей, вобразы і практычна забывалася, што ёсць яшчэ камера, а за ёй стаіць чалавек. Гэтыя кнігі мне далі вельмі шмат у свой час.


Фёдар АЛЬХОЎСКІ

  
Даведка
Юлія ЛЕЙДЗІК нарадзілася ў 1985 годзе ў Анапе. Фотаапарат узяла ў рукі ў адзінаццаць гадоў. Прыехала ў Беларусь атрымліваць вышэйшую адукацыю. Выпускніца факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДАМ па спецыяльнасціфатаграфіка”. Аўтар фотапраектаўДыфузіяіПартрэт на фоне”. Яе здымкі друкаваліся ў міжнародным альманаху “Worldpress photo”. Пераможца шматлікіх конкурсаў.  


Анкета “К”

1. Колеры, якія натхняюць.
Бірузовы.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Летам.
3. Любімы мастак.Іх вельмі шмат...
4. Найбольш яркі акцёр.
Сяргей Бязрукаў, Моніка Белучы, Венсан Касэль, Уладзімір Машкоў.
5. Любімы літаратурны твор.
“Дзённік спакусніка” Сьёрэна К’еркегора.
6. Што слухаеце?Кейта Джарэта.
7. Радзіма — гэта што?
Там, дзе цёпла.
8. Любімая кветка.
Півоня.