“Імправізацыя на тэму...”

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Пад такой назвай 3 снежня ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка керамікі Валерыя Калтыгіна.

 /i/content/pi/cult/186/1965/Impravizacyja.jpg

В.Калтыгін. “Мутацыя ракі”.

Сваё крэда ў гэтай галіне творчасці Валерый Аркадзьевіч раскрывае так:

— Кераміка — складаны від мастацтва, які заснаваны на глыбінных і фундаментальных відах рамяства, тэхналогіі керамічных матэрыялаў. Я ўжо не кажу пра высокую мастацкую адукацыю і вопыт работы.

Я — прафесійны мастак-кераміст. Дыяпазон маіх магчымасцей як спецыяліста нясе ў сабе характар універсальнасці. Але якімі б разнастайнымі і шырокімі ні былі мае веды ў кераміцы, я заўсёды адчуваю іх недастатковасць і намагаюся ўдасканальваць сваё майстэрства.

Зрэшты, самаўдасканаленне, самапазнанне, фарміраванне сябе як мастака — гэта працэс, які не мае канца.

З гадамі ў мяне сфарміраваліся ўстойлівыя погляды на работу з керамічнымі матэрыяламі, выпрацаваліся свае прынцыпы формаўтварэння і дэкарыравання, усталяваўся свой стыль вобразных рашэнняў. Я — імправізатар, ніколі не абмяжоўваю сябе жорсткімі рамкамі ў пошуках рэалізацыі тэмы. Люблю ў працэсе работы над творамі свабодна нешта мяняць, інтэрпрэтаваць, перабудоўваць. Але з гэтым матэрыялам імкнуўся знайсці ўзаемаразуменне і лучнасць, яднанне, каб выкарыстаць яго мяккасць, падатлівасць, спецыфіку канструктыўных уласцівасцей і асаблівасцей. Люблю ў рабоце серыйнасць, варыянтнасць на пэўную тэму, метафару і гратэск у вобразах.

Памылак не баюся і не саромеюся іх: гэта — вопыт.

У мяне свой шлях і сваё жыццё ў мастацтве, і я яшчэ здольны да перамен, калі трэба вырашыць новыя творчыя задачы!

Падкрэслю, што Валерый Калтыгін, выхаванец БДТМІ, жыве і працуе ў Бабруйску, з 1997 года — арганізатар і кіраўнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў па кераміцы “Арт-Жыжаль”, на сённяшні дзень з’яўляецца адным з найбольш вядомых мастакоў-керамістаў Беларусі.

Б.К.