Не “перашкаджайце” акварэлі

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Незвычайныя метамарфозы адбываліся прахалодным лістападаўскім вечарам у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Пад ягоным дахам пайшла раптам летняя залева, уразіў духмяным водарам вясновы бэз, заблішчэла роўнядзь ляснога возера… Усе гэтыя ўспаміны пра дзяцінства, бязважкія, як паэтычныя мроі, вобразы ўвасобіліся ў акварэлях маладой мастачкі Наталлі Піскуновіч, што былі прадстаўлены на першай персанальнай выстаўцы “Успаміны пра Бацькаўшчыну”.

 /i/content/pi/cult/186/1963/Ne1.jpg

Н.Піскуновіч. “Лясное возера”.

На пытанне, якая з карцін — “Навальніца”, “Пах бэзу”, “Лясное возера”, “Туманны ранак”, “Рамонкі з бацькоўскага саду” (усяго каля 20 твораў) — самая любімая, Наталля не вагалася з адказам: маўляў, усе ёй вельмі дарагія. Бо натхнення для пейзажаў яна набіралася на роднай Віцебшчыне. Тут скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага універсітэта, пазней выкладала жывапіс і афарміцельскае мастацтва, вяла курс па батыку ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Але не толькі вучыла іншых Наталля: сама таксама працягвала маляваць. Уласная ж выстаўка супала з яе 30-годдзем.

— Мне падабаецца працаваць у двух кірунках — акварэльным жывапісе і батыку, — распавяла мастачка. — Лёсавызначальным стала для мяне знаёмства з творчасцю акварэліста Уладзіміра Іванавіча Рынкевіча, прадстаўніка віцебскай школы жывапісу, прафесара, выконваючага абавязкі загадчыка кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў. На ягоных майстар-класах адкрыла для сябе бязмежныя магчымасці акварэлі, даведалася пра эксперыментальныя прыёмы тэхнікі, не вядомыя класічнай акадэмічнай школе. Захацелася паспрабаваць самой. Пераканалася: акварэль — мая стыхія.

— Адна з унікальных магчымасцей акварэлі — у яе дынаміцы, — патлумачыў Уладзімір Рынкевіч на адкрыцці выстаўкі “Успаміны пра Бацькаўшчыну”. — Калі фарба сама расцякаецца, галоўнае — не “перашкаджаць” ёй. Але важна своечасова спыніцца, не пераступіць няўлоўную мяжу пачуцця меры.

Гэтае беспамылковае чуццё і ёсць само мастацтва. Важна быць сааўтарам матэрыялу, і, на мой погляд, Наталлі гэта ўдаецца… А яшчэ я лічу: калі настаўнік натхнёны творчасцю, шанцуе і яго студэнтам. Творчую асобу можа выхаваць толькі творчая асоба…

Дарэчы, падобная выстаўка ладзілася ў сценах каледжа ўпершыню за 15 гадоў існавання аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дырэктар установы Юрый Лейка выказаў спадзеў, што паспяховы старт Наталлі Піскуновіч стане стымулам і для іншых выкладчыкаў, а таксама студэнтаў. Так што, будзем спадзявацца, жывапісныя выстаўкі “прыжывуцца” ў сценах каледжа.

Ала ЖУР
Фота Дзмітрыя ЖУРА