Пярэстасць прасторы “Алека”

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Учора Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь паказаў прэм’еру — аднаактовую оперу “Алека” С.Рахманінава. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў мастацкі кіраўнік Тэатра беларускай драматургіі, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, прафесар Валерый Анісенка.

 /i/content/pi/cult/186/1961/Aleka.jpg
 Сцэна з прэм’ернага спектакля Беларускай оперы “Алека”.
Музычным кіраўніком пастаноўкі з’яўляецца галоўны дырыжор Беларускай оперы Віктар Пласкіна. На дадзены момант ён знаходзіцца ў творчай паездцы, і за дырыжорскім пультам гледачы ўбачылі маладога Андрэя Іванова.

Мастак Вольга Грыцаева стварыла запамінальны вобраз цыганскага табара, які стаў “галоўнай дзейнай асобай” спектакля. Пярэстыя цыганскія хусткі, што займаюць ледзь не ўсю сцэнічную прастору, робячы ў параўнанні з імі герояў зусім маленькімі, утвараюць ілюзію то чароўнага казачнага замка, то фантастычнай жывой істоты, якая дыхае ў такт музыцы, а часам — і насуперак ёй, паказваючы свой нораў. Падчас узнікае ўражанне, што гэта менавіта яна кіруе трохкутнікам “муж — жонка — палюбоўнік” і правакуе на ўчынкі, якія няўмольна вядуць да трагедыі. Пры такой канцэпцыі “танец шаляў” пад каласнікамі становіцца куды больш важкім за харэаграфічныя нумары, пастаўленыя Аленай Дзмітрыевай-Лаўрыновіч: цыганская стома і, паводле кантрасту, шалёная энергетыка заменены ў іх ланцужком элементаў класічнага, бальнага і рускага народнага танцаў.

Прэм’ера з’яднала салістаў, занятых у розных складах спектакля.

Уладзімір Пятроў увасобіў класічна дасканалы вобраз Алека, адпаведны Песні Земфіры “Старый муж, грозный муж” (пры гэтым першае азначэнне стваралася выключна грымам, другое — па-праўдзе шыкоўным вакалам і пластыкай рухаў). Поўнай супрацьлегласцю ягонай змрочнасці быў Малады цыган, закаханы не столькі нават у Земфіру, колькі ў само жыццё (Эдуард Мартынюк, які, пры ўсёй палкасці сцэнічных паводзін і бліскучасці свайго тэнару, умудрыўся яшчэ акрабатычныя кульбіты выконваць). А галоўнае — у сябе асабіста, у чым пераконваў яго пастаноўчы выхад у глядзельную залу. Гэткім жа ўвасабленнем імпульсіўнай жыццялюбкі стала Земфіра — Святлана Марусевіч (сапрана). Сімвалам устойлівасці табара выступаюць Стары цыган (Яраслаў Пятроў) і Старая цыганка (Наталля Руднева). Умудроныя жыццём, яны навучыліся стрымліваць пачуцці. Зрэшты, іх цудоўныя спевы ніколі не выклікалі сумневу.

Яшчэ большую палітру жарсцей і адценняў пачуццяў прадэманстравалі паказаныя напярэдадні два прагоны спектакля. Алека Уладзіміра Громава жыве пакутамі “лішняга чалавека” і забівае з-за адчування ўласнага бяссілля штосьці змяніць. Земфіра Аксаны Якушэвіч (мецца-сапрана) не пазбаўлена ўладарнасці, Малады цыган Аляксандра Жукава — сарамлівасці падлетка, які сам нібы пужаецца сваёй палкасці. Па-цыганску эмацыйнымі малююць сваіх старых герояў Васіль Кавальчук і Марына Аксёнцава. Таму не прапусціце спектакль 14 снежня і ўсе наступныя: кожны з іх прапануе сваё прачытанне матываў трагедыі.

Фота Васіля МАЙСЯЁНКА