Чатырнаццаты курс Нясвіжскай

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Міжнародная школа “Нясвіжская акадэмія”, якая аб’яднала ў гэтым годзе прадстаўнікоў Беларусі, Польшчы і Украіны, чатырнаццаты раз распачала сваю работу, аб’явіўшы тэмай курса “Захаванне і фарміраванне ландшафта гістарычных гарадоў”.

Музейныя супрацоўнікі, рэстаўратары, батанікі, работнікі аддзелаў культуры, рэгіёнаў Беларусі — агулам 18 чалавек — будуць вучыцца ў лепшых даследчыкаў, навукоўцаў. Першы, тэарэтычны этап курса распачаўся ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў.

Дзякуючы агульным намаганням Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, беларускія і польскія спецыялісты чытаюць лекцыі, абменьваюцца вопытам са слухачамі, выбіраюцца і дыпломныя праекты для іх. Пасля, у канцы лета, яны разам падарожнічаюць па гістарычных мясцінах Польшчы, знаёмяцца з працай польскіх рэстаўратараў, а затым студэнты абараняюць дыпломы, якія з’яўляюцца сертыфікатамі міжнароднай якасці.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Генрык Літвін адзначыў, што кіраўніцтва Польшчы надае вялікую ўвагу сумесным праектам у галіне культуры. Спадар Літвін сказаў, што яму цікава будзе пабываць на занятках. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, зазначыў дыпламат, зацікаўлена ў працягу “Нясвіжскай акадэміі”, лічыць яе адным з самых важных праектаў і будзе падтрымліваць надалей. Трэба толькі аб’яднаць свае намаганні па захоўванні помнікаў гісторыі і культуры.

Ініцыятар праекта “акадэміі” Уладзімір Гілеп, старшыня Беларускага фонду культуры, выказаў спадзяванне, што Польшча дапаможа Беларусі заключыць пагадненне аб унясенні драўлянага сакральнага дойлідства нашай краіны ў Спіс аб’ектаў сусветнай спадчыны UNESCO. Па яго словах, падобныя будынкі ў краіне-суседцы ўжо даўно ахоўваюцца гэтай сусветнай арганізацыяй, і ў нас ёсць усе падставы для гэтага. Яшчэ ён адзначыў важнасць існавання курсаў “Нясвіжскай акадэміі”: “Спецыялісты, якія прайшлі яе (амаль 150 чалавек), нікуды не зніклі — яны працуюць у галіне аховы культурных ландшафтаў. Многія сталі кандыдатамі навук: і ў Беларусі, і на Украіне, і ў Літве.