З выстаўкі можна даведацца, як раней выдавалася “Бярозка”, убачыць асабістыя рэчы Уладзіміра Дубоўкі — яе першага рэдактара, а на старонках першых нумароў часопіса знайсці цікавыя творы айчынных пісьменнікаў.
У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі пачатку мінулага стагоддзя, часопісы, газеты, якія чыталі дзеці, фотаздымкі пісьменнікаў.
Сярод выстаўленых прадметаў — патэфон з пласцінкамі 30-х гадоў, пішучая машынка, адзін з першых тэлевізараў, фотаапарат, радыё, цацкі для дзяцей і самаробныя шахматы, зробленыя рукамі Кандрата Крапівы.
Закранаецца на выстаўцы і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Не пакідае абыякавымі інфармацыя пра “зялёныя школы” ў партызанскіх атрадах: фотаздымак 1943 года зафіксаваў школьнікаў каля вогнішча перад павешанай на дрэва дошкай.
Як адзначыла старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Настасіч, у межах праекта створана і інтэрактыўная частка экспазіцыі, дзе дзеці могуць пагуляць з Міколкам — героем кніжкі Уладзіміра Ліпскага “Прыгоды Нуліка”.