Спадчына, пачын, учынак...

№ 49 (866) 06.12.2008 - 12.12.2008 г

Чарговае выязное пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прайшло 3-га снежня на Гомельшчыне. Разгляд пытання “Аб рабоце Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны” быў падмацаваны шэрагам канкрэтных прыкладаў.

Першы прыпынак у шматкіламетровым маршруце гэтага дня быў зроблены ў вядомай далёка за межамі Жлобіншчыны вёсцы Чырвоны Бераг. Удзельнікі пасяджэння ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Дзецям — ахвярам вайны” і пазнаёміліся з ходам рэстаўрацыйных работ у палацы Козел-Паклеўскіх, якія адбываюцца не толькі інтэнсіўна, але і надзвычай грунтоўна, з належнай навуковай базай.

Следам за знаёмствам з экспазіцыяй знакамітага Веткаўскага музея народнай творчасці, змястоўная экспазіцыя якога папраўдзе ўразіла прысутных, ішло абмеркаванне адной з актуальных у кантэксце тэматыкі калегіі праблем — наданне аўтэнтычным народным абрадам статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пакуль гэты статус маюць усяго чатыры праявы беларускага фальклору — у тым ліку і абрад з Веткаўшчыны “Ваджэнне і пахаванне стралы”, відэазапіс якога ўбачылі ўдзельнікі пасяджэння.

Наведванне абласнога музея ваеннай славы і Палацава-паркавага ансамбля ў Гомелі ставіла перад сабой мэту прадэманстраваць удалыя прыклады прыстасавання гістарычных будынкаў да патрэб сённяшняга дня.

Пасяджэнне калегіі, якое адбылося ў памяшканні абласнога Грамадска-культурнага цэнтра, адкрыў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка. Адзначыўшы, што захаванне гісторыка-культурнай спадчыны з’яўляецца стратэгічным вектарам у культурнай палітыцы, ён прывёў канкрэтныя прыклады дзеянняў абласных улад у гэтай галіне. Сярод іх — і велізарныя інвестыцыі, якія працягваюць паступаць з абласнога бюджэту на пашырэнне і рэканструкцыю палацава-паркавага комплексу Румянцавых-Паскевічаў нават пасля яго адкрыцця: штогод іх сума перавышае 10 мільярдаў рублёў.

Тэма была прадоўжана ў дакладзе начальніка Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Чумакова, які пазнаёміў прысутных са шматлікімі ініцыятывамі абласных і раённых улад па рэстаўрацыі і прыстасаванні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама падрыхтоўцы дакументаў па ўключэнні самых значных з іх у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Спецыфічнай асаблівасцю сітуацыі з гісторыка-культурнымі помнікамі на Гомельшчыне з’яўляецца тое, што некаторыя з іх знаходзяцца ў зоне адсялення, і гэтая праблема таксама не абдзелена ўвагай спецыялістаў вобласці.

Даклад намесніка начальніка ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры РБ Ігара Чарняўскага змяшчаў нямала праблемных момантаў у справе зберажэння і адраджэння помнікаў гісторыі і культуры. Сярод іх — кансервацыя закінутых сядзіб, ахова помнікаў археалогіі, павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, якія працуюць у гэтай галіне.

Выступленні ўдзельнікаў пасяджэння таксама канцэнтравалі ўвагу на гэтых і некаторых іншых праблемных момантах, датычных як рэстаўрацыі і прыстасавання канкрэтных аб’ектаў, так і глабальнай тэматыкі. Заканамерна, што па-за ўвагай не аказалася і тэма стварэння і развіцця турыстычнай інфраструктуры.

Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, убачанае і пачутае пад час выязнога пасяджэння засведчыла, што абласныя і раённыя ўлады Гомельшчыны ўмеюць шанаваць гістарычную спадчыну, і іх прыклад можа быць узорам для многіх.

Ілля СВІРЫН