Тое, што “візітоўкай” Беларусі стала акадэмічная музыка і сімфанічнае майстэрства, зусім не дзіва. Але ж спрабаваць здзівіць Браціславу сімфанічным аркестрам — на гэта патрэбна мець творчую смеласць.
— Тым больш, што побач з вашым калектывам на тую ж “Браціслаўскую музычную восень” былі запрошаны аркестры Берлінскай, Лонданскай і Венскай філармоній.
— А ці ж не гонар — апынуцца ў гэтай еўрапейскай “абойме”? Ды не проста “апынуцца”, а годна заявіць пра сваю, з аднаго боку, еўрапейскасць, а з другога — нацыянальную індывідуальнасць.
Браціслава ўжо паводле свайго месцазнаходжання па праве можа лічыцца адной з калысак еўрапейскага сімфанізму. Славацкія, чэшскія музыканты сталі асновай знакамітай мангеймскай школы. Літаральна праз Дунай знаходзіцца Вена — адна толькі назва гэтага горада адразу асацыіруецца з венскай і нававенскай школамі, з магутнай бетховенскай лініяй сімфанізму, творчасцю Рыхарда Штрауса, Густава Малера. Дый фестываль гэты вельмі прэстыжны, за 44 гады свайго існавання ён набыў імідж папраўдзе класічнага — у лепшым сэнсе гэтага слова.
Апошнім часам значна ўзрасла не толькі мастацкая вага гэтага форуму, але і яго каштарыс, што дазваляе пашыраць творчыя кантакты, запрашаць лепшыя калектывы не толькі з Еўропы, але і з усяго свету, уключаючы Азію, Аўстралію, Амерыку.
Дый мы ж ехалі не самі па сабе, а як “паслы” сваёй дзяржавы. І хаця да кожнага свайго выступлення наш калектыў ставіцца з вялікай адказнасцю, да названага канцэрта мы рыхтаваліся асабліва прадуктыўна, і гэта пайшло нам на карысць.
— Цікава, як фарміравалася праграма? Бо ў ёй цудоўна спляліся творы рускай музычнай класікі ХІХ і ХХ стагоддзяў — і беларускія “візітоўкі” ХХ — ХХІ стагоддзяў, быццам сімвалізуючы непарушную повязь славянскага сімфанізму розных эпох. Дыйсярод салістаў, акрамя нашых музыкантаў і цудоўнай “першай скрыпкі” аркестра Юліі Стэфановіч, быў таксама вядомы расійскі віяланчэліст Дзяніс Шапавалаў, з якім ваш калектыў адкрываў свой цяперашні сезон.— У “Волатаўскай” сімфоніі Барадзіна, што апошнім часам выконваецца не так часта, ёсць, на маю думку, такая прыкмета беларускай ментальнасці, як аднолькава прыхільнае стаўленне да розных нацыянальных культур — як заходніх, так і ўсходніх. Многае звязвае нашых творцаў з Шастаковічам, музыка якога пэўны час была ледзь не галоўным эталонам сімфанізму ХХ стагоддзя, і адмаўляць яго вялізнае ўздзеянне на беларускую кампазітарскую школу немагчыма. Імёны Глебава і Смольскага добра вядомыя ў іншых краінах, а іх творчасць сімвалізуе розныя падыходы да аркестравай тканіны: жанравасць, каларыстыка — у аднаго і строгая канцэпцыйнасць, памножаная на полістылёвую палітру, уключаючы сімфарок, — у другога. Менавіта такой багатай праграмай, якая дэманструе беларускую музыку не адасоблена, а на роўных з сусветнымі дасягненнямі, і можна паказаць нашу нацыянальную культуру ва ўсёй красе. Іншая справа, што не заўсёды ўдаецца вывезці такі вялікі калектыў — адразу амаль сотню музыкантаў.
— І як успрыняла публіка выступленне? Творы ж былі складаныя, патрабавалі нават не слухання, а паглыбленага ўслухоўвання.— Публіка ў Славакіі папраўдзе незвычайная. У зале — ніводнага шоргату. Дырэктар Браціслаўскай філармоніі потым сказала, што яны перажылі тры фазы ўспрыняцця нашага выступлення: здзіўленне, зацікаўленую ўвагу і, нарэшце, захапленне. Са словамі шчырай удзячнасці звярнуўся да нас Прэзідэнт Славакіі Іван Гашпаровіч.
Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Дзяржаўны
акадэмічны сімфанічны аркестр
Рэспублікі Беларусь у Браціславе.