Шлях, падказаны Міхалам Агінскім

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Падыходзячы да Маскоўскай кансерваторыі, мінакоў і студэнтаў вітае Пётр Ільіч Чайкоўскі, помнік якому ўсталяваны ля ўвахода. На пляцоўцы ж перад Маладзечанскім музычным вучылішчам мы сустракаем Міхала Клеафаса Агінскага, які быццам прыйшоў да нас з яшчэ больш далёкіх часоў — мяжы ХVIII — ХІХ стагоддзяў. І гэта прытым, што самому вучылішчу, якое з 1980 года ўзначальвае яго выпускнік Рыгор Сарока, — усяго 50 гадоў.

 /i/content/pi/cult/185/1949/Shlyah.jpg
У гэтай “узроставай розніцы” — сама сутнасць мастацтва, да вечных ісцін якога далучаюцца ўсё новыя пакаленні творчай моладзі. Таму і на вокладцы кнігі, што выйшла да юбілею нашай “маладой-маладзечанскай” навучальнай установы, — перазовы эпох: і паэтызаваная фігура Агінскага, якім яе ўбачыў скульптар Валяр’ян Янушкевіч, і натхнёныя твары артыстаў Маладзечанскага музычнага маладзёжнага тэатра, утворанага менш як два гады таму са студэнтаў і выкладчыкаў.

Вучэнне — таксама шлях да святла. Менавіта да такой высновы вядзе кніга, дзе з любоўю знітаваны гісторыя і сучаснасць Маладзечанскага вучылішча. “Музычнасць” выдання падкрэслена не толькі “абрысамі” кампазітарскіх рукапісаў, што на кожнай старонцы праступаюць скрозь літары, але і гімнічным спевам вучылішча, створаным Аленай Атрашкевіч і змешчаным нават раней за прадмову. Галоўнае ж — у складанні агульнай гістарычнай карціны з маленькіх фрагментаў мазаікі: менавіта так, праз увекавечванне памяці сваіх “мясцовых” герояў, можна прыйсці да шматпланавага разгорту культуры Беларусі. І папулярызаваць яе як на ўнутрыдзяржаўным, так і на замежным узроўні: невыпадкова фаліянт выдадзены на дзвюх мовах — беларускай і англійскай.

Надзея БУНЦЭВІЧ