Алфавіт каранёў і траў

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Паміж Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь і Пасольствам Італіі ў нашай краіне цягам апошніх пяці гадоў складваюцца вельмі цесныя сувязі. За гэты час названая ўстанова прыняла пяць выставак, якія пазнаёмілі беларускага гледача з маёлікай з музеяў Рыма, мастакамі Сіцыліі і рознымі напрамкамі шматвяковага італьянскага мастацтва. Дзякуючы такому плённаму супрацоўніцтву, 19 лістапада прафесіяналы і аматары жывапісу змаглі ўбачыць творы сучаснай мастачкі з гэтай краіны Рэнаты Баэра. Персанальную выстаўку адкрывала сама спадарыня Баэра. Дарэчы, гэтай экспазіцыяй музей, да ўсяго, пазнаёміў наведвальнікаў з новай выставачнай залай.

 /i/content/pi/cult/185/1948/Alfavit.jpg

Р.Баэра. “Карозія”.

У творчай прасторы сучаснай Італіі Рэната Баэра лічыцца знакавай асобай. Атрымаўшы класічную адукацыю, з 1968 года яна распачала працаваць у новай тэхніцы, выводзячы на першы план сваіх твораў жывапісную матэрыю. Спадарыня Рэната перапрацоўвае, змешвае, варыць карэнне, травы, акамянеласці, камяні, а пасля атрыманай вадкасцю насычае ў некалькі разоў складзенае палатно. У працэсе згортвання-разгортвання слаі прыроднай фарбы ўтвараюць надзвычай арыгінальны вобраз. Як прызнаецца сама мастачка, для яе раслінныя матэрыялы з’яўляюцца алфавітам, на які нанізваецца гісторыя жыцця.

— Італія ў першую чаргу вядомая сваімі помнікамі скульптуры і архітэктуры часоў Старажытнага Рыма, мастацтвам эпохі Адраджэння. Мы ж хацелі прадэманстраваць, што наша краіна мае вельмі цікавыя, глыбінныя, бесперапынныя традыцыі сучаснага мастацтва, — зазначыў на адкрыцці Пасол Італьянскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Нарберта Капэла. — Вядома, яно ўспрымаецца публікай не так проста і лёгка, як прызнаныя шэдэўры. У сувязі з гэтым мне падаецца, што работы спадарыні Баэра вельмі пасуюць клімату і атмасферы, якія пануюць у Мінску.

Арганізатары падрыхтавалі не толькі экспазіцыю палотнаў, але і відэапрэзентацыю, з дапамогай якой можна пабачыць, як мастачка з Генуі працуе над сваімі творамі. Яна адмыслова ўзяла за аснову французскую сістэму стварэння карцін без рам. У гэтым выпадку кампазіцыя выходзіць за межы палатна, раскрываючыся ў прасторы. Як вынік атрымліваецца своеасаблівы сімвал свабоды і неабмежаванасці. Але, з усмешкай зазначыла сама спадарыня Рэната, адсутнасць рам дапамагала яшчэ і падарожнічаць: усе работы выдатна змяшчаліся ў адным чамадане, таму яна магла хутка пераязджаць з адной галерэі ў другую.

— Я не думаю, што жывапіс павінен дакладна адлюстроўваць рэчаіснасць. Гэтай задачы, на маю думку, адпавядае кінематограф. Сучаснае мастацтва дае магчымасць успрыняць свет іншымі пачуццямі — праз пах, тактыльнасць — і ў фарбах абазначыць яго зменлівасць, — расказала Рэната Баэра. — Упэўнена, вашы гледачы мяне зразумеюць, бо Беларусь па сваёй прыродзе з’яўляецца вельмі адчувальнай духоўна.

У сваіх работах мастачка выказвае пратэст супраць вайны, заклапочанасць станам экалогіі, узнімае пытанні духоўнасці. І вырашае яна гэтыя праблемы своеасаблівым шляхам. Прыкладам, драўляныя літары “К” з рэчыва карком, якімі творца запоўніла прастору залы, у яе разуменні ствараюць адмоўнае ўражанне, якое, мабыць, найбольш адпавядае якойсьці ваеннай канцэпцыі. Таму яна аб’яднала літары з іх люстэркавымі адбіткамі, каб у выніку наўкола залуналі матылькі — гімн Прыродзе.

Настасся ПАНКРАТАВА