“Радкі” навел быцця

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Апошнім часам Беларускі саюз мастакоў прыкметна актывізаваў калектыўна-аглядавую выставачную дзейнасць айчынных творцаў. Шэраг буйных рэспубліканскага маштабу вернісажаў прайшлі адзін за адным у сталічным Палацы мастацтва: прыгадаем найкаштоўную юбілейную рэтраспекцыю “Залаты фонд”, Першую біенале на Беларусі, “Разам” — нядаўні цікавы Міжнародны мастацка-выставачны праект…

Цяпер жа ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі працуе новая выстаўка-панарама пад назвай “Сябрына”, якая цалкам прысвечана дасягненням і творчым пошукам майстроў сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва рэгіёнаў краіны.

Прафесійна моцная суполка жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў-прыкладнікоў і дызайнераў здаўна сфарміравалася на Віцебшчыне. З прадстаўленых у экспазіцыі 217 арыгінальных аўтарскіх работ чвэрць — з Падзвіння. Уражваюць “Рытмы на сінім” і “Прастора сіняга” віцебскага жывапісца В.Шылко. Свабоднае валоданне колерам, багацце паўтонаў, алегорыя зместу, філасофскі роздум, таямнічасць — у “Дзяўчыне і рыбінах” А.Скавародкі, трыпціху М.Дундзіна “Поўня”, палотнах А.Ізоткі, А.Вайцяхоўскага, В.Ляховіч, У.Вітко.

 /i/content/pi/cult/185/1947/Radki1.jpg

 А.Янушкевіч (Гродна).
 “Цяжка стаць крылатым”.

Вельмі сонечным, цёплым, адкрытым, жыццярадасным паўстае ў творах мастакоў Палессе. Шмат выдатных беларускіх жывапісцаў нарадзіліся і працуюць на Гомельшчыне і Брэстчыне. Па-сапраўднаму ўпрыгожваюць гэтую выстаўку сакавітыя палотны М.Казакевіча, Р.Ландарскага, П.Данеліі, Н.Чарнагаловай, У.Рубцова, А.Краўчанкі.

Своеасаблівае, адметнае мастацка-творчае асяроддзе з цягам часу паступова ўтварылася на Магілёўшчыне. Палотнам А.Суворава, В.Камарова, В.Юрковай, Г.Конанавай, С. і Т. Сотнікавых, М. і Ю. Несцерукоў уласцівы дэкаратыўнасць фарбаў, лёгкасць, артыстызм, лаканізм, дакладная распрацаванасць сюжэтаў.

Творцы з Гродзеншчыны чамусьці засталіся ў меншасці, хоць іх работы, безумоўна, і прадэманстравалі публіцы свой незвычайны мастакоўскі імпэт, які вызначаецца духам гісторыі, рэхам мінуўшчыны. Разам з тым, тут можна адначасова пабачыць нейкі бадай што “сінтэзаваны неамадэрн”, як у шаўкаграфіі на палатне — дыптыху “Аўтабум” (“Неакентаўрамахія”) У.Качана.

У зале графікі прыцягваюць увагу класічная акварэль Ф.Кісялёва (Магілёў) і М.Аўчыннікава (Маладзечна), пастэлі В.Шамшура і Л.Радзевіча (Віцебск), афорты Л.Алімава (Брэст), малюнкі У.Андрыянава (Гомель), партрэты С.Абрамава і У.Самачарнова (Бабруйск), а таксама кампазіцыі іншых мастакоў.

Раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і скульптуры арганічна дапаўняе, ажыўляе выстаўку, робіць яе больш утульнай. Спецыфічнымі сродкамі ўласнай выяўленчай мовы кожны мастак імкнецца данесці да гледача свае запаветныя думкі, пачуцці, мроі,
 /i/content/pi/cult/185/1947/Radki2.jpg

 М.Кузьміч (Брэст). “Кветкавы рай”.

бескарысліва жадаючы зрабіць навакольнае жыццё больш прыгожым...
Усе мастакі, творы якіх прадстаўлены ў экспазіцыі, — розныя. Але галоўнае, што аб’яднала творцаў, незалежна ад іх узросту, жыццёвага вопыту, прыналежнасці да таго ці іншага віду мастацтва, — гэта любоў да зямлі, на якой яны жывуць, імкненне пабачыць навакольны свет ва ўсёй яго складанасці і цудоўнасці, глыбока асобасныя адносіны да з’яў жыцця.Паняцце “мастацкая правінцыя” даўно ўжо знікла з мастакоўскай прасторы, таму што ў рэгіёнах жывуць і працуюць таленавітыя майстры, творы якіх добра ведаюць не толькі на Беларусі. Вось і бачыш на гэтай выстаўцы: у выяўленчых навелах пра жыццё, якія паказваюць аўтары, заўсёды дарагія тыя “радкі”, што непасрэдна звязаны з праблемамі сённяшняга часу. І таму творчасць мастакоў усіх рэгіёнаў разнастайная і шматаблічная ва ўмацаванні галоўных імкненняў, якімі жыве сёння ўсё беларускае мастацтва.

Аляксандр РУНЕЦ