Цяпер жа ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі працуе новая выстаўка-панарама пад назвай “Сябрына”, якая цалкам прысвечана дасягненням і творчым пошукам майстроў сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва рэгіёнаў краіны.
Прафесійна моцная суполка жывапісцаў, графікаў, скульптараў, мастакоў-прыкладнікоў і дызайнераў здаўна сфарміравалася на Віцебшчыне. З прадстаўленых у экспазіцыі 217 арыгінальных аўтарскіх работ чвэрць — з Падзвіння. Уражваюць “Рытмы на сінім” і “Прастора сіняга” віцебскага жывапісца В.Шылко. Свабоднае валоданне колерам, багацце паўтонаў, алегорыя зместу, філасофскі роздум, таямнічасць — у “Дзяўчыне і рыбінах” А.Скавародкі, трыпціху М.Дундзіна “Поўня”, палотнах А.Ізоткі, А.Вайцяхоўскага, В.Ляховіч, У.Вітко.
А.Янушкевіч (Гродна). |
Своеасаблівае, адметнае мастацка-творчае асяроддзе з цягам часу паступова ўтварылася на Магілёўшчыне. Палотнам А.Суворава, В.Камарова, В.Юрковай, Г.Конанавай, С. і Т. Сотнікавых, М. і Ю. Несцерукоў уласцівы дэкаратыўнасць фарбаў, лёгкасць, артыстызм, лаканізм, дакладная распрацаванасць сюжэтаў.
Творцы з Гродзеншчыны чамусьці засталіся ў меншасці, хоць іх работы, безумоўна, і прадэманстравалі публіцы свой незвычайны мастакоўскі імпэт, які вызначаецца духам гісторыі, рэхам мінуўшчыны. Разам з тым, тут можна адначасова пабачыць нейкі бадай што “сінтэзаваны неамадэрн”, як у шаўкаграфіі на палатне — дыптыху “Аўтабум” (“Неакентаўрамахія”) У.Качана.
У зале графікі прыцягваюць увагу класічная акварэль Ф.Кісялёва (Магілёў) і М.Аўчыннікава (Маладзечна), пастэлі В.Шамшура і Л.Радзевіча (Віцебск), афорты Л.Алімава (Брэст), малюнкі У.Андрыянава (Гомель), партрэты С.Абрамава і У.Самачарнова (Бабруйск), а таксама кампазіцыі іншых мастакоў.
Раздзел дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і скульптуры арганічна дапаўняе, ажыўляе выстаўку, робіць яе больш утульнай. Спецыфічнымі сродкамі ўласнай выяўленчай мовы кожны мастак імкнецца данесці да гледача свае запаветныя думкі, пачуцці, мроі,М.Кузьміч (Брэст). “Кветкавы рай”. |
Аляксандр РУНЕЦ