Музычная прагрэсія: 5, 50, 500...

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Дзіцячай музычнай школе № 5 г. Мінска споўнілася 50. Яе выхаванцы выступілі з канцэртам у Вялікай зале Белдзяржфілармоніі: не ўсе 500, якія тут цяпер навучаюцца, а — лепшыя.

 /i/content/pi/cult/185/1946/Muz-pragresija.jpg
Пачынала школа з навучання па 4-х спецыяльнасцях, цяпер іх 21 — гэтым можа ганарыцца не кожная падобная ўстанова. Сярод выхаванцаў шмат лаўрэатаў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, многія становяцца прафесійнымі музыкантамі, з 73-х настаўнікаў васьмёра — былыя выпускнікі. Усяго ж тут атрымалі адукацыю больш за тры тысячы вучняў, многія з іх прыйшлі павіншаваць сваю школу з юбілеем.

Выступалі гітарысты, ансамбль старадаўняй музыкі, дзявочы харавы калектыў “Кантылена”, аркестр “Allegria”. Духавы аркестр “Квінтон” парадаваў сваёй зладжанасцю і чыстым напружаным гукам. Ансамбль рускіх народных інструментаў “Мазаіка” — зухаватасцю. Дарэчы, Мінгарвыканкам выдзеліў нядаўна сродкі на набыццё двух інструментаў не вучнёўскага, а канцэртнага ўзроўню — домры і балалайкі.

Уразілі юныя салісты. Бездакорнае і творчае валоданне фартэпіяна паказаў Валерый Раткевіч, які ўзяў Другую прэмію на фестывалі-конкурсе “Краіна магнолій” у Сочы. Флейтыстка Алена Чуднікава — лаўрэат I ступені Міжнароднага конкурсу імя Яўгена Кокі ў Кішынёве — пяшчотна сыграла кранальныя мелодыі. Па-майстэрску выступіла цымбалістка, лаўрэат некалькіх міжнародных конкурсаў, Кацярына Васількова, якая пацвердзіла свае ўзнагароды залатым медалём на нядаўніх Дэльфійскіх гульнях у Мінску.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ