З Паулсам і без творчых паўз

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Джазавы творчы вечар Райманда Паулса, праведзены ў Рызе, днямі быў ажыццёўлены Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Побач з латышскімі мелодыямі гучалі беларускія — прычым ніводная з іх не гублялася побач з сусветнай эстрадна-джазавай класікай. А латвійскія журналісты назвалі наш калектыў лепшым аркестрам Еўропы.

 /i/content/pi/cult/185/1945/Finberg.jpg
— Гэты праект, — расказаў па вяртанні Міхаіл ФІНБЕРГ, — яшчэ раз пераканаў, што культура ў нашай краіне рушыць правільным шляхам, што яе развіццё накіроўваецца ў патрэбнае рэчышча. На канцэрце прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса розных краін. І ўсе яны выказвалі сваё захапленне не толькі высокім прафесійным узроўнем аркестра, але і тым, што такі вялікі калектыў быў захаваны дзяржавай, нягледзячы на ўсе складанасці. Выступленне напоўніцу прадэманстравала, наколькі багатыя ў нас творчыя магчымасці, і натхніла на скарэнне новых вяршынь. Прыехаўшы ў Рыгу, мы рэпеціравалі літаральна некалькі хвілін — хіба каб удакладніць тэмпы ды наладзіць мікрафоны. У астатнім жа гэта была сапраўдная імправізацыя, на якой і трымаецца мастацтва джаза і эстрады, цудоўнае сумеснае музіцыраванне — аркестра і знанага музыканта. Райманд Паулс — адзін з тых “апошніх магікан”, які добра разумее асаблівасці аркестравай і ансамблевай ігры. І я звярнуўся да яго з прапановай правесці сумесны вечар на “Славянскім базары ў Віцебску”, а таксама накіраваў адпаведнае пісьмо ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Спадзяюся, усё здзейсніцца. Тым больш, што і наш канцэрт завяршаўся сімвалічна: гучала песня Валянціны Сярых на словы Міхаіла Ясеня “Мы яшчэ сустрэнемся”. Публіка (а ў зале было шмат беларусаў) — плакала.

— Міхаіл Якаўлевіч, згаданы вамі канцэрт — толькі маленечкая частка таго, што вы робіце. На бліжэйшым тыдні ў Палацы культуры Маладзечна калектыў пакажа сваю новую праграму — “Музыка беларускага кіно”. Мабыць, прэм’ера невыпадкова пройдзе ў гэтым горадзе: ваш аркестр даўно ўзяў кірунак на развіццё культуры малых гарадоў. Дый сама падрыхтаваная праграма не можа не зацікавіць.

— На сёння шырокая публіка, здараецца, куды лепей ведае музыку французскага, італьянскага кіно, не гаворачы ўжо пра расійскае. Наша ж, беларускае, папулярызуецца куды меней. А між тым, за гады існавання кінастудыі “Беларусьфільм” музыку да стужак, што тут ствараліся, пісалі такія вядомыя майстры, як Ісак Дунаеўскі, Андрэй Эшпай, Веніямін Баснер. А колькі таленавітых беларускіх творцаў працавалі ў кіно, ды як паспяхова! Ісак Любан, Юрый Семяняка, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў, Яўген Грышман — усіх не пералічыць. А ці ж ведаем мы гэтую музыку да такой ступені, як яна таго заслугоўвае? Можна, вядома, усё “спісаць” на заканамернасці часу: маўляў, гэта ў 1930-я ўсе выходзілі з кінатэатраў, адухоўленыя новай выдатнай мелодыяй, якую спявалі ды насвіствалі проста на вуліцах. Сёння такое не “практыкуецца”. Але гэта не значыць, што адпаведнай музыкі няма! І мы робім свой унёсак у яе папулярызацыю.

— Аркестр увогуле максімальна пашырае веды слухачоў пра тую музыку, якую выконвае. Усе фестывалі беларускай камернай музыкі праходзяць з навуковымі каментарыямі доктара мастацтвазнаўства Вольгі Дадзіёмавай. А што ж кіно?

— Вядучым гэтай праграмы запрошаны заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кінарэжысёр Аляксандр Яфрэмаў. Што ж да фестываляў камернай музыкі, дык яны, як звычайна, пройдуць у Міры, Нясвіжы, Іванаве, Мсціславе. Будучай восенню з’явіцца і новы — у Пінску. Бліжэйшы ж, у Заслаўі, прысвечаны 100-годдзю з дня смерці Мечыслава Карловіча.

Прагучаць на ім таксама творы Генрыха Вагнера, прычым у новай выканальніцкай рэдакцыі. Упершыню ў межах гэтага фестывалю мы правядзём канцэрт-конкурс сярод навучэнцаў на лепшае выкананне беларускага твора. Сярод бліжэйшых канцэртаў — вечар да 105-годдзя з дня нараджэння Адама Русака, які пройдзе на радзіме паэта, у сяле Пясочнае: прагучаць 17 новых песень розных аўтараў на яго вершы. Традыцыйная сустрэча ў Чачэрску адбудзецца пад знакам 80-годдзя з дня нараджэння Яўгена Глебава: слухачы пачуюць яго камерныя творы. Эстрадны ж канцэрт музыкі гэтага кампазітара мы правядзём увосень 2009-га. А ў бягучым сезоне адсвяткуем 70-годдзе беларускага джаза — на традыцыйным чатырохдзённым лютаўскім фестывалі “Мінскі джаз”, у двух канцэртах якога аркестр выступіць з замежнымі салістамі. У сакавіку адбудзецца чатырохдзённы фестываль “Шлягер на ўсе часы”. Адзін з яго канцэртаў прысвечаны песням Вялікай Айчыннай вайны — да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА