Сорак ліній пабрацімства

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Як паведаміў карэспандэнту “К” трэці сакратар Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Балгарыя Мікалай ПАЗНЯК, значная частка культурнага абмену ажыццяўляецца па лініі рэгіянальнага супрацоўніцтва. На сённяшні дзень паміж гарадамі і абласцямі Беларусі і Балгарыі падпісана сорак дамоўленасцей аб усталяванні пабрацімскіх сувязей.

Дынамічна развіваюцца таварыскія стасункі паміж пісьменніцкімі арганізацыямі Беларусі і Балгарыі. Так, у снежні 2006 года ў Мінску падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Саюзам балгарскіх пісьменнікаў. У сваю чаргу, нашым пасольствам было ініцыіравана за кошт спонсарскіх сродкаў выданне перакладаў класікаў беларускай літаратуры, сучасных празаікаў і паэтаў. Так, пабачылі свет на балгарскай мове паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”, аповесць Івана Шамякіна “Гандлярка і паэт”, зборнікі вершаў Яўгеніі Янішчыц, Марка Шагала.Выйшла і “Анталогія беларускай паэзіі ад ХІІ стагоддзя да нашых дзён” на беларускай і балгарскай мовах. Былі выдадзены і вершы балгарскіх паэтаў пра Беларусь.Да юбілея Якуба Коласа і Янкі Купалы ў 2007 годзе быў падрыхтаваны зборнік іх твораў, і з удзелам шырокай грамадскасці праведзена літаратурная вечарына.Яшчэ ў 2002 годзе адбыліся Дні культуры Беларусі ў Балгарыі, галоўнай падзеяй якіх стаў спектакль “Лебядзінае возера” Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета нашай краіны. Таксама ў межах Дзён культуры на базе Расійскага культурна-інфармацыйнага цэнтра ў Балгарыі прайшоў Тыдзень беларускага кіно. Тады ж адбылася і прэзентацыя стужкі “У жніўні 44-га” з удзелам рэжысёра Міхаіла Пташука. Фільм, між іншым, атрымаў высокую адзнаку і на Міжнародным кінафестывалі “Кінаманія-2001” у Сафіі.

Але не толькі ў межах двухбаковых праектаў адбываюцца культурныя абмены. Як адзначылі ў Пасольстве, літаральна штогод беларускія творчыя калектывы ўдзельнічаюць у балгарскіх фестывалях, і ў прыватнасці, Міжнародным фальклорным свяце ў гарадах Бургас і Варна. У маі 2006 года беларускі дуэт “Аляксандра і Канстанцін” прыняў удзел у XV Міжнародным фестывалі музыкі “Адкрыццё-2006”, па выніках якога заняў другое месца ў конкурсе.

Толькі сёлета прадстаўнікі ад Беларусі неаднаразова займалі першыя месцы на прэстыжных міжнародных фестывалях у Балгарыі, у тым ліку на Міжнародным конкурсе поп-выканаўцаў “Новая музыка-2008” у Горнай Арахавіцы і Міжнародным поп- і рок-конкурсе “Сарандэў-Добрыч-2008”. Акрамя таго, беларускія творчыя калектывы і выканаўцы прынялі ўдзел у Міжнародным дзіцячым фэсце “Усмешкі мора” ў Балчыку, Міжнародным фестывалі праваслаўнай музыкі ў Памор’і, Міжнародным дзіцячым фальклорным і танцавальным свяце ў Слівені.

За вялікі ўклад у развіццё культурнага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі балгарскія паэты Стэфан Паптонеў і Найдзен Вылчаў у розны час былі ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Канстанцін АНТАНОВІЧ