Балгарыя ў Славянскай бібліятэцы

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

Сёння ў беларускім горадзе над Сожам дзейнічае унікальная на прасторы былога Савецкага Саюза Гомельская спецыялізаваная Славянская бібліятэка. Створана яна ў 1999 годзе па ініцыятыве старшыні Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Валерыя Сяліцкага — старшыні абласнога аб’яднання “Таварыства Кірылы Тураўскага”.

У чэрвені 2004 года на базе бібліятэкі адбылася знамянальная падзея — пасяджэнне Міжнароднага славянскага камітэта. А ў 2006 годзе за вялікі ўклад у даследаванне гісторыі і актыўную прапаганду праваслаўных духоўных каштоўнасцей, умацаванне дружбы славянскіх народаў па рашэнні Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі гэтая ўстанова была ўганаравана ордэнам Свяціцеля Кірылы Тураўскага ІІ ступені № 1. І наша гутарка сёння — з дырэктарам Славянскай бібліятэкі Ліліяй БУЛАНАВАЙ.

— Лілія Фёдараўна, распавядзіце, калі ласка, пра тое, што ж уяўляе з сябе сёння Гомельская спецыялізаваная Славянская бібліятэка?

— Гэта, як вы слушна зазначылі, сапраўды унікальная бібліятэчная ўстанова, што збірае пад сваім дахам кніжна-літаратурныя здабыткі практычна ўсіх славянскіх народаў. На сённяшні дзень у нашых фондах налічваецца больш за 30 тысяч унікальных кніг. Сапраўдная эксклюзіўнасць нашых фондаў вызначаецца яшчэ і тым, што многія з кніг на Беларусі існуюць ці не ў адзінкавым экземпляры — гэта падарункі ад пасольстваў славянскіх краін: Расіі, Украіны, Балгарыі, Польшчы, Сербіі і Чарнагорыі ды іншых.

Каштоўныя кнігі перадаюць нам навукоўцы-славісты, пісьменнікі, пастаянныя чытачы нашай бібліятэкі. А Беларуская Праваслаўная Царква перадала нам камплект мультымедыйных выданняў, у які ўвайшоў падручнік “Праваслаўная культура” і шэраг іншых тэматычных дыскаў.

На сённяшні дзень бібліятэка з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам руху па вывучэнні жыцця і творчасці Кірылы Тураўскага, у якім бяруць удзел аўтарытэтныя навукоўцы з розных краін, у тым ліку акадэмікі, прадстаўнікі Царквы і дзеячы культуры, таленавітыя славянскія пісьменнікі. Мы падтрымліваем пастаянныя кантакты з вучонымі-славістамі не толькі з Мінска, Масквы, Кіева, але і з больш далёкіх, але, тым не менш, аднолькава блізкіх нам славянскіх дзяржаў. Дзякуючы гэтаму на базе бібліятэкі рэгулярна праводзяцца міжнародныя навуковыя канферэнцыі агульнаславянскага накірунку.

— Распавядзіце, калі ласка, больш падрабязна менавіта пра беларуска-балгарскія стасункі Славянскай бібліятэкі.

— З Балгарыяй у нашай бібліятэкі цёплыя сяброўскія стасункі. Да нас ужо прыязджалі балгарскія дэлегацыі, у склад якіх уваходзілі і афіцыйныя асобы, і прадстаўнікі балгарскай навукі, літаратуры. Мушу сказаць, што гамяльчане ўспрымалі з вялікім інтарэсам гэтыя сустрэчы, якія не абыходзіліся без таго, каб бібліятэка не атрымала ў дар цікавыя кніжныя выданні. Так што на сённяшні дзень у Славянскай бібліятэцы маецца нямала кніг пра гэтую краіну, у тым ліку і на балгарскай мове, якія былі прадстаўлены нашым чытачам на сёлетняй кніжнай выстаўцы “Балгарыя: мінулае і сучаснасць”, прымеркаванай да важнай і знакавай даты — 130-годдзя вызвалення гэтай краіны ад асманскага прыгнёту. Не забываемся мы і на тое, што балгарскі горад Бургас з’яўляецца пабрацімам нашага Гомеля.

Але ж, як вядома, добрых і цёплых стасункаў не бывае зашмат. І мы з задавальненнем чакаем яшчэ больш шчыльных і плённых кантактаў з навукоўцамі, літаратарамі, выдаўцамі з блізкай нам Балгарыі.

Таццяна КОМАНАВА